Выбрать главу

«Гэта страшней за дзікага вепра!» - падумаў Геракл і зразумеў цяпер, чаму Еўрысфей паслаў яго сюды на паляванне.

Але ён не спалохаўся і пайшоў далей. Неўзабаве ён убачыў пячору, перад якой стаяў на варце малады кентаўр.

Геракл смела падышоў да яго і сказаў дружалюбна:

- Я царскі паляўнічы. Цар загадаў мне высачыць і забіць дзікага вепра, што жыве тут на гары. Ці не падкажаш мне, як яго знайсці?

Кентаўр ахвотна адказаў:

- Гэты вепр дапякае і нам, жыхарам гэтага лесу. Праз яго я павінен ахоўваць пячору, каб ён не спустошыў наша жытло. Добра, калі ты заб'еш яго. Я пакажу табе яго след. Але спачатку будзь маім госцем.

І ён прывёў Геракла ў пячору, расклаў агонь і пачаў частаваць паляўнічага мясам і садавінай.

- Я прывык ежу запіваць віном, - сказаў Геракл, - ды ў вас, мабыць, няма віна.

- Як гэта няма! - закрычаў з пахвальбой кентаўр. - Сам Дыяніс, бог віна і весялосці, падарыў нам нядаўна цэлую бочку маладога віна. Так і быць, пачастую цябе, але няхай пра гэта не ведаюць мае таварышы.

І ён адкрыў запаветную бочку, зачэрпнуў віна сабе і Гераклу, і яны пілі і весяліліся.

Раптам каля пячоры пачуўся стук капытоў - пах віна прывабіў кентаўраў, і яны прымчаліся, змучаныя смагай. Дазнаўшыся, што нехта чужы прабраўся ў іх жытло і п'е іхняе віно, яны ўзлаваліся і з дзікім крыкам акружылі пячору.

Геракл з глыбіні пячоры пачаў кідаць у іх палаючыя галавешкі. Спалохаўшыся агню, кентаўры ўцяклі.

Геракл выйшаў з пячоры і хацеў падацца ў лес. Але кентаўры пільнавалі яго і, убачыўшы, што ён адзін, падбадзёрыліся і напалі на яго зноў. Тады ён пачаў пускаць у іх стрэлы, атручаныя крывёю Лярнейскай гідры, і адзін за адным яны мёртвыя падалі на зямлю.

Тут з пячоры выйшаў малады кентаўр, які частаваў Геракла, і са здзіўленнем пазіраў на мёртвых кентаўраў, што ляжалі вакол.

- Як! Гэты маленькі кавалачак дрэва забівае насмерць? - спытаў ён. - Гэтая тонкая палачка можа забіць? - І ён выцягнуў стралу з цела аднаго з кентаўраў.

- Асцярожна! - крыкнуў Геракл.

Ды ўжо было позна: кентаўр выпусціў стралу з рук, і яна ўпілася яму ў нагу. Кентаўр нават не войкнуў, не крыкнуў і ўпаў мёртвы.

Геракл перанёс целы забітых кентаўраў у пячору, заваліў яе вялікім каменем, нібы грабніцу, і пайшоў далей.

Ён лёгка высачыў у лесе вепра, параніў яго ў нагу, звязаў і, ускінуўшы сабе на плечы, вярнуўся ў Мікены і прыйшоў у палац Еўрысфея.

Дзікі вепр вішчаў на ўвесь палац, і цар Еўрысфей са страху залез у вялікі медны чан для вады, што стаяў на двары.

Геракл усё ж знайшоў яго. Але як толькі цар убачыў над краем чана страшную морду вепра, ён замахаў рукамі і закрычаў тонкім голасам:

- Ідзі, ідзі адсюль хутчэй!

Геракл пасмяяўся, пайшоў і загадаў закалоць вепра і наладзіць баль для народа.

Пяты подзвіг. Геракл разганяе Сцімфальскіх птушак

Бог вайны Арэс меў чараду дзікіх птушак. Кіпцюры і дзюбы ў іх былі жалезныя, а медныя пёры іх, выпадаючы з цела, ляцелі ўніз і забівалі, як стрэлы. Птушкі жылі ў гарах, у цясніне каля Сцімфальскага возера. Вада з гэтага возера цякла ў падземную пячору, а адтуль струменіў ручай у глыб зямлі, у царства мёртвых. У возеры нішто не жыло, і яго акружалі голыя скалы. Толькі на выспе пасярод возера рос высокі трыснёг, і тут жылі птушкі бога вайны. Яны харчаваліся чалавечынай і адсюль выляталі чарадой на крывавае паляванне.

Цар Еўрысфей загадаў Гераклу ісці да Сцімфальскага возера і прагнаць птушак Арэса далёка за мора.

Геракл паклікаў з сабой Іалая, узяў свой лук з атручанымі стрэламі і падаўся ў горы. Доўга яны блукалі па кручах, нарэшце прыйшлі ў цясніну, на дне якой ляжала Сцімфальскае возера.

Пуста і дзіка было вакол: голыя камяні, ні травы, ні кветак, ні дрэў. Вецер не маршчыніў гладкую паверхню возера, рыбка не плёскалася ў вадзе, яшчаркі не грэліся на сонейку паміж камянёў. Мёртвая цішыня панавала над возерам. Геракл і Іалай селі на камяні каля самай вады і пазіралі на нерухомае возера. Сум агарнуў іх, стома скавала цела, стала цяжка дыхаць.

- Са мной творыцца штосьці нядобрае, - сказаў Геракл сябру, - цяжка дыхаць, сэрца замірае, і лук выпадае з маіх рук...

Чарадзейны сон агарнуў іх.

Тады з астраўка пасярод возера са звонам узняліся адна за адной вялізныя чырвоныя птушкі. Яны кружыліся над возерам, над цяснінай і неўзабаве, нібы хмара, закрылі ўсё неба, і барвовы цень лёг на ваду.

Раптам штосьці ўпала каля Геракла, загрымела на камені, і ён прачнуўся.

Каля яго ног ляжала звычайная драўляная бразготка, якой сяляне праганяюць птушак з садоў і агародаў. Яе паслала герою багіня Афіна, мудрая настаўніца і памочніца людзей.