Потым ён пагрузіў коней на карабель і завёз цару Еўрысфею. Еўрысфей загадаў адвесці коней у Аркадзію, у Лікейскія горы, і выпусціць у лесе. Там іх разарвалі дзікія звяры.
У цара Еўрысфея была юная дачка Адмета. Аднойчы яна прыйшла да бацькі і сказала:
- Кажуць, далёка на ўсходзе ёсць царства, дзе пануюць жанчыны. Там жанчына - галава і апора сям'і і гаспадыня ў доме. Жанчыны там кіруюць гарадамі, гандлююць і судзяць, прыносяць у храмах ахвяры багам і вырашаюць дзяржаўныя справы. Узброеныя, імчацца яны на баявых конях і храбра ваююць з ворагам. Яны называюць сябе амазонкамі, пагарджаюць мужчынамі і выхваляюцца, што яны непераможныя. Мая заступніца Гера, жонка вялікага Зеўса, адкрыла мне, што ўся сіла ваяўнічых амазонак у скураным поясе, які бог вайны Арэс падарыў царыцы Іпаліце. Пакуль яна носіць гэты пояс, ніхто не можа перамагчы яе, а з ёю і ўсіх амазонак. Бацька! Я хачу быць непераможнай, як гэта жанчына, і цараваць, ні з кім не дзелячы ўлады. Я хачу мець пояс Іпаліты!
Цар загадаў Гераклу выпраўляцца ў краіну амазонак і здабыць пояс царыцы Іпаліты.
Царства амазонак было далёка на ўсходзе, у Малой Азіі.
Геракл падрыхтаваў у дарогу карабель, паклікаў з сабой сваіх верных сяброў - Іалая, афінскага царэвіча Тэзея і іншых. Яны паплылі той дарогай, якая была адкрыта для ўсіх мараплаўцаў адважнымі арганаўтамі. Доўга плылі яны; нарэшце па бурным Чорным моры прыплылі да ракі Фермадонту, падняліся па цячэнню і даплылі да горада Феміскіры - сталіцы амазонак.
Каля варот стаялі ўзброеныя жанчыны, скураныя шлемы былі на іх, кароткія кашулі і вузкія доўгія штаны да шчыкалатак; цераз плячо ў амазонак віселі шчыты ў выглядзе месяца, а ў руках яны трымалі сякеркі з двума лязамі.
Варта не пусціла Геракла з таварышамі ў горад, і яны размясціліся на беразе ракі, што цякла паблізу гарадской сцяны.
Неўзабаве да іх прымчалася на цудоўным кані сама царыца Іпаліта з атрадам узброеных дзяўчат. Сярод іх была прыгажуня Анціопа, любімая сяброўка царыцы.
Яе прыгажосць аднойчы ледзь не загубіла амазонак. Даўно задумвалі амазонкі паход у Грэцыю і вось, пераплыўшы мора, апынуліся пад сценамі Афін і асадзілі цудоўны горад. Афіняне не былі гатовыя да асады. Яшчэ крыху, і горад быў бы ў руках ваяўнічых жанчын. Але сярод афінскіх воінаў Анціопа ўбачыла царэвіча Тэзея, і ў сэрцы яе загарэлася любоў да яго. Тэзею таксама спадабалася красуня амазонка; з яе дапамогай ён спадзяваўся выратаваць родны горад.
Уночы ён пракраўся ўпотай у лагер амазонак - пабачыцца з Анціопай.
Іпаліта здагадалася пра каханне сваёй сяброўкі і, баючыся здрады, загадала зараз жа зняць асаду. Амазонкі адступілі ад Афін і вярнуліся ў сваю краіну. Анціопа была разлучана з Тэзеем. Але яна не забыла яго і цяпер, убачыўшы сярод таварышаў Геракла Тэзея, узрадавалася, і каханне яе разгарэлася яшчэ мацней.
Тэзей таксама пазнаў яе, непрыкметна наблізіўся і дамовіўся пра тайнае спатканне.
Іпаліта спытала Геракла, чаго ён прыехаў у краіну амазонак.
Геракл адказаў, што яму загадалі здабыць пояс царыцы Іпаліты.
- Толькі ў баі, толькі пераможцу аддам я свой пояс, - сказала царыца. - Біцеся з намі, і, калі вы пераможаце, пояс будзе ваш!
Так гаварыла Іпаліта, ведаючы, што, пакуль пояс на ёй, ніхто не зможа яе перамагчы.
Абодва атрады разышліся - рыхтавацца да бою. Амазонкі памчаліся ў горад, а спадарожнікі Геракла размясціліся на начлег у сваім лагеры каля ракі.
Тэзея ўсю ноч не было ў лагеры. Раніцай ён прыйшоў радасны і аддаў Гераклу чароўны пояс.
- Як? Ты здабыў яго без бою? - здзівіўся Геракл.
- Анціопа выкрала яго ў царыцы і аддала мне, - сказаў Тэзей.
Геракл не захацеў карыстацца здабычай, якая дасталася яму падманам, і бой пачаўся.
На дзікім кані, шпаркім, як вецер, памчалася на Геракла Аэла, самая імклівая з амазонак. Геракл на ўсім скаку выбіў у яе з рук сякеру. Яна кінулася наўцёкі, спадзеючыся выратавацца, але страла Геракла дагнала яе. І другая амазонка, Пратоя, якая перамагала ў паядынках сем разоў, была забіта Гераклам.
Тады выйшлі наперад тры дзяўчыны, тры самыя лепшыя паляўнічыя, якіх сама багіня Артэміда брала з сабою на паляванне, - не было ім роўных у кіданні кап'я. Адначасова ўсе разам імкліва кінулі яны свае коп'і, але не пацэлілі. А кап'ё Геракла прасвістала і перабіла ўсім тром рукі.
Страх ахапіў амазонак, калі яны ўбачылі паражэнне сваіх лепшых ваяўніц.