Усю зямлю з усходу да захаду абышоў Геракл, ваяваў і працаваў, змагаўся са страшыдламі і са злымі людзьмі, пракладваў дарогу на вяршыню гары, разам з Сонцам пераплываў акіян, дайшоў да края свету - і вярнуўся пераможцам.
Тады Еўрысфей, страціўшы надзею пазбавіцца ад Геракла, вырашыў паслаць яго туды, адкуль ніхто са смяротных яшчэ ні разу не прыходзіў назад, - у краіну мёртвых, у падземнае царства Аіда.
Каля медных варот Тартара - каля ўвахода ў царства мёртвых - дрэмле на варце страшны трохгаловы сабака Кербер. У яго на шыі замест поўсці выгінаюцца чорныя змеі, хвост у яго - жывы дракон, а з разяўленых пашчаў вылятаюць тры языкі полымя. Калі адчыняюцца вароты і ў царства Смерці заходзіць бледны цень чалавека, Кербер ветліва віляе хвастом і ад лютай весялосці, стараецца лізнуць прышэльца сваімі вогненнымі языкамі. Але гора таму, хто захоча вярнуцца!..
Апошні раз паклікаў да сябе Геракла цар Еўрысфей і сказаў яму:
- Прывядзі да мяне Кербера з царства Аіда, і гэта будзе твая апошняя служба мне!
Геракл нічога не адказаў і рушыў у дарогу..
Ён знайшоў пячору Тэнара, адкуль па русле падземнай ракі трэба было спускацца ў глыб зямлі.
Страшна жывому па сваёй ахвоце ісці ў царства смерці!
Геракл спыніўся каля ўвахода ў пячору, паглядзеў на зямлю ў квецені, на сіняе мора, на ўвесь цёплы сонечны свет, і сумна і страшна зрабілася яму. Але ён перасіліў сум і страх і адважна ступіў у цемру. І адразу пачуў за сабой лёгкія крокі. Гэта даганяў яго Гермес, крылаты вястун Зеўса, якога ўладар свету паслаў правесці Геракла да Аіда. Гермес узяў героя за руку, і ўдвух яны пачалі спускацца ў падземнае царства.
Неўзабаве ў змроку забялела высокая скала: пад ёю ледзь чутна сонна струменіла ціхая рака, зарослая высокай травою без колеру і паху. Геракл нагнуўся да ракі, каб напіцца.
- Не пі, - спыніў яго Гермес, - гэта Лета, рака Забыцця. Хто нап'ецца вады з яе, той забудзе ўсё на свеце.
Яны пайшлі далей, і Геракл убачыў свайго старога настаўніка і свайго юнага сябра, што памёр у паходзе. Геракл радасна кінуўся да іх, працягваючы ім рукі, але яны глядзелі на яго нежывымі вачамі, не пазнаючы, быццам не бачачы яго, і, як цені, слізганулі міма.
- Яны не пазнаюць цябе, - сказаў Гермес. - Яны пілі з ракі Забыцця і ўсё забылі.
Але адзін цень раптам спыніўся, наблізіўся. Геракл пазнаў калідонскага цара Мелеагра.
- Геракл, - сказаў ціха цень цара, - памажы мне. На зямлі я пакінуў сястру Дэяніру, юную і безабаронную. Думкі пра яе трывожаць мяне і тут. Прашу цябе: вазьмі яе да сябе ў дом, ажаніся з ёю, - яна будзе табе вернаю жонкай. А я супакоюся навек.
І Геракл паабяцаў выканаць просьбу сябра.
Усё ніжэй і ніжэй спускаліся яны ў глыб зямлі і раптам убачылі чалавека, які цягнуў на самы верх падземнай гары вялізны цяжкі камень. Увесь спацелы і запылены, напружваючы ўсе сілы, ён аберуч старанна каціў угору камень, падпіраючы яго ўсім сваім целам. Усяго адзін крок заставаўся яму да вяршыні гары, як раптам камень вырваўся з аслабелых рук і з грукатам пакаціўся ўніз. Чалавек паспешліва спусціўся за ім да падножжа гары і зноў пацягнуў сваю цяжкую ношу. І зноў, не дасягнуўшы вяршыні, сарваўся і ўпаў камень, і зноў спусціўся ўніз і без адпачынку, без перадыху пацягнуў яго наверх чалавек.
Геракл спыніўся і пазіраў на гэтую цяжкую і марную працу.
Гэта быў Сізіф з Карынфа, асуджаны вечна цягаць гэты цяжкі камень - за сквапнасць, за тое, што пры жыцці прысвойваў сабе чужыя багацці, за тое, што пражыў на зямлі не працуючы.
Далей пайшоў Геракл са сваім спадарожнікам Гермесам і ўбачыў чалавека, які стаяў у празрыстай і чыстай вадзе. Вада даходзіла яму да плячэй, але ледзь толькі ён нагінаўся, каб прагнаць смагу, змачыць перасохлыя, чорныя губы, вада імгненна спадала, знікала, хавалася ўся ў зямлі. З берага схіляліся да чалавека галіны, якія гнуліся ад пладоў, янтарная гронка вінаграду амаль датыкалася да яго твару. Але як толькі ён працягваў руку, каб сарваць румяны яблык або сакавіты гранат, галіны ўзнімаліся высока-высока, і галодны не мог дацягнуцца да іх.
Геракл пазнаў чалавека, якога гэтак жорстка пакаралі.
Гэта быў Тантал, цар Сіпіла, калісьці любімец багоў і самы шчаслівы са смяротных, навекі асуджаны ўладаром свету Зеўсам за падман багоў, за вераломства, за непамерную, шалёную зайздрасць.
З цяжкім сэрцам праходзіў Геракл міма страшных прывідаў падземнага царства. Нарэшце ён прыйшоў на бераг падземнай ракі Ахеронта. Каля берага чакала чорная лодка. Змрочны і маўклівы перавозчык Харон стаяў з вяслом у руцэ на карме, і цені памёршых нясмела працягвалі яму манету, якую клапатлівыя родныя палажылі нябожчыку ў рот пры пахаванні.