Выбрать главу

Стары Харон здзівіўся, убачыўшы жывога ў царстве мёртвых, але Гермес загадаў яму прапусціць Геракла ў лодку. Лодка паплыла ўпоперак чорнай нерухомай ракі. Цені памёршых з роспаччу пазіралі назад, быццам хацелі апошні раз убачыць тое, што яны пакінулі на зямлі. Лодка плыла цераз Ахеронт, і неўзабаве наблізіўся пустынны бераг. Геракл з Гермесам выйшлі з лодкі першыя і рушылі разам з натоўпам да медных варот Аідава царства. Цяжкія вароты былі шырока расчынены, і каля іх Геракл убачыў Кербера. Сабака ляніва памахаў сваім страшным хвастом і адышоўся, прапускаючы героя.

- Ён яшчэ не ведае, чаго ты прыйшоў сюды, - сказаў Гераклу спадарожнік, - а то ён сустрэў бы цябе інакш.

З жаласным стогнам цені памёршых увайшлі ў шырокія вароты і рушылі да палаца падземнага царства.

Там, у вялікай і змрочнай зале, перад тронам Аіда сядзелі строгія і непадкупныя суддзі мёртвага царства: Радамант, Эак і Мінас. Яны судзілі кожнага за яго жыццё, за яго зямныя справы і кожнаму прызначалі па заслугах пакаранне або ўзнагароду.

Убачыўшы жывога чалавека ў палацы ўладара мёртвых, здзівіліся і суддзі і слугі Аіда. А Геракл спакойна стаяў перад тронам падземнага цара, з ільвінай шкурай на плячах, трымаючы ў руках сваю дубінку, і папрасіў Аіда дазволіць яму вывесці на святло Кербера, каб паказаць яго цару Еўрысфею.

- Я дазволю табе, - сказаў яму Аід, - узяць на нейкі час з сабою на зямлю майго сабаку, калі ён выпусціць цябе адсюль і калі ты зможаш узяць яго, не параніўшы, без мяча і без стралы, аднымі сваімі рукамі.

Геракл падзякаваў Аіду і пайшоў назад да медных варот. Цяпер яны былі зачынены, і Кербер спаў перад імі, паклаўшы ўсе тры галавы на чорную дарогу.

Пачуўшы крокі Геракла, ён прачнуўся, усхапіўся, сярдзіта загыркаў, і дракон на канцы хваста грозна разявіў пашчу.

Геракл хуценька наблізіўся да Кербера і, выставіўшы ўперад сваю левую руку, абгорнутую ў ільвіную шкуру, правай рукой схапіў сабаку за шыю. Сабака завыў; жудаснае выццё яго разнеслася па ўсім падземным царстве. Ён ухапіўся зубамі ўсіх трох галоў за левую руку героя, лізаў яе вогненнымі языкамі, усе змеі на яго спіне ўпіліся ў ільвіную шкуру, але яе нельга было пракусіць, і Геракл не адчуваў болю. Моцна сціскаў ён шыю сабакі і цягнуў яго за сабою, на бераг ракі, да перавозу. Нарэшце напаўзадушаны Кербер захістаўся, аслабеў і лёг перад Гераклам. Герой надзеў яму ланцуг на шыю і павалок за сабою, і страшны сабака падземнага царства паслухмяна паплёўся за пераможцам.

Харон жахнуўся, убачыўшы Геракла з Керберам, але не адважыўся затрымаць іх і перавёз на другі бок.

Калі яны наблізіліся да выхада на зямлю, Кербер жаласна заскуголіў і амаль поўз за Гераклам. А калі яны выйшлі са змроку на зямны вольны прастор, сонечнае святло асляпіла падземнага вартаўніка; ён задрыжаў, закалаціўся, жоўтая пена закапала з яго пашчаў, і ўсюды, дзе яна падала на зямлю, вырастала ядавітая трава.

Геракл прывёў Кербера ў Мікены і прымусіў Еўрысфея зірнуць на яго. Але Еўрысфей затуліў твар рукамі і ад страху пачаў прасіць Геракла найхутчэй завесці страшнага сабаку назад.

- Ну, бяжы, вяртайся назад і чакай цара каля варот, - сказаў Геракл і зняў з Кербера ланцуг.

І сабака як згледзець вокам памчаўся ў царства мёртвых.

Так закончылася служба Геракла Еўрысфею, і цар адпусціў героя.

Геракл у палоне

Закончыўшы сваю службу ў цара Еўрысфея, здзейсніўшы дванаццаць подзвігаў, Геракл вярнуўся дадому. Тут яго чакалі новыя выпрабаванні.

Даверлівы і добры, Геракл часта бываў нецярплівы, запальчывы і ў гневе не памятаў сябе.

Аднойчы хлопчык-слуга падаў яму напіцца вады, якая прызначалася, каб умывацца. Геракл зазлаваў, стукнуў яго і забіў незнарок. Тады, каб навучыць героя цярплівасці, Зеўс наслаў на яго доўгую пакутлівую хваробу. Адважны герой, які не баяўся ні дзікіх звяроў, ні страшыдлаў, ні варожага войска, не мог цярпліва пераносіць боль. Ён не вытрымаў, звярнуўся да Апалона і запатрабаваў, каб бог святла, які ведае будучае людзей, сказаў яму, калі ён паправіцца і скончацца яго пакуты. Апалон не захацеў адкрыць герою гэтую тайну. Геракл раз'юшыўся і ўзняў руку на бога святла. Грамавержац разгневаўся, паслаў хмару, каб яна разняла задзір, і загадаў Гермесу пакараць непакорнага героя.

Хітры бог гандлю прадаў Геракла лідзійскай царыцы Амфале за тры медныя манеты на тры гады ў рабства.

Вясёлая царыца Амфала не пасылала Геракла ў далёкія паходы і не патрабавала ад яго геройскіх спраў і перамог. Яна адабрала ў героя зброю - яго меч і лук са стрэламі, зняла з плеч ільвіную шкуру, апранула Геракла ў жаночае адзенне і дзеля пацехі прымушала яго, нібы служанку, прыслужваць ёй.