Выбрать главу

Пасярод танца ён перахапіў позірк Шыльды, устрывожаны, крыўдны.

“Хто гэта?” – пыталіся яе вочы.

“Хіба ж небачыш, мая госця”, – адказаў Ёхан таксама вачыма.

І ён танчыў з Алесяй зноў і зноў…

Пасля да іх падышлі Ганс і Грэтхен. Ганс – сусед Ёхана па парце, высокі і кашчавы, таму касцюм на ім вісеў, бы на той вешалцы. Грэтхен крыху ніжэйшая за яго, але ладна скроеная, з прыгожай тонкай таліяй і чорнымі, як смала, вачыма.

– Ці не хопіць танчыць, маладыя людзі. Ёсць ідэя, – сказаў Ганс, бразгаючы ў кішэні ключамі. – Як вы паглядзіце на падарожжа ў шаснаццатае стагоддзе?

– Мы прымаем ідэю, – хутка адказаў Ёхан.

Ён быў удзячны сябрам за клопат аб Алесі. Сапраўды, быць у іхнім горадзе і не пабачыць галоўнай святыні? Як добра, што маці Ганса працуе ў замку гідам і той здагадаўся сёння прыхапіць з сабою ключы.

На дварэ пачынала змяркацца. З сіняга неба на захадзе глядзела барвянае вока сонца. У ягоных густаружовых промнях высокі шпіль замкавай царквы, ля якой яны прыпыніліся, выглядаў распаленай шабляй, якая, бы іголка, пратыкала сінюю нябесную прасціну, што паволі агортвала горад.

– Вось менавіта тут Марцін Лютэр у 1517 годзе прыбіў свае знакамітыя тэзісы, – сказаў Ганс. Промень яго ліхтара, прабегшы па высокіх драўляных дзвярах, спыніўся на невялічкай шыльдзе з надпісамі. – Вось яны.

– “Тут Бусэ” – ствары пакаянне, – ціха прачытала Алеся. Твар яе на імгненне зрабіўся задуменны. – Цікавае супадзенне, але менавіта ў 1517 годзе наш Францішак Скарына надрукаваў у Празе на беларускай мове “Стары Запавет”, – дадала яна.

– А праўда, Алеся, што ваш Чарнобыль прадказываецца ў Бібліі?– спытала Грэтхен, страсянуўшы галавой з пышнымі русявымі валасамі.

– Так, там гаворыцца пра чорную зорку Палын. А Чарнобыль па–ўкраінску і ёсць палын, – сумна адказала Алеся. – Толькі б не хацелася верыць, што ён прадвеснік апакаліпсіса…

Зняўшы з галавы кветкавы вянок– карону, Алеся, схіліўшыся, асцярожна паклала яе ля дзвярэй, за якімі ўжо каля пяці стагоддзяў разам са сваім вучнем, аднадумцам і сябрам Меланхтонам, спаў вечным глыбокім і спакойным сном вялікі нямецкі прафесар.

– Не будзем больш пра сумнае, – папрасіў Ёхан.

– Сапраўды, давайце лепш паглядзім на наш прыгожы горад, – прапанаваў Ганс.

Уваход у адзіную вялікую круглую замкавую вежу, шапку якой вянчалі невялічкія разныя байніцы, знаходзіўся ў двары. Прапусціўшы ўперад Грэтхен, Алесю і Ганса, Ёхан ступіў на металічную прыступку. На імгненне яму падалося, што за спіной, у расчыненых насцеж тоўстых жалезных дзвярах, мільгануў чалавечы цень. Ён азірнуўся. Двор пусты. І ён пайшоў па лесвіцы, што, нібы вужака, вілася ўгору.

Краявід, які ім адкрыўся амаль з сямідзесяціметровай вышыні, сапраўды зачароўваў. Вячэрні горад нечым нагадваў вялікае вогнішча. Чорныя шапкі нізкіх пузатых дамоў, быццам пагаслыя вуглі, танулі ў яркіх промнях неонавых агнёў, што бясконцымі струменямі разбягаліся ад вежы. Ад набярэжных ліхтароў, бы люстэрка, свяціліся воды Эльбы, якая тонкім звілістым шнурком перасякала горад. Былі выразна відаць нават шыльды рэклам і магазінаў – яркія, пёстрыя, квяцістыя.

– А ведаеш, Алеся, некалі ў вайну дзед Ёхана ледзь не патануў, калі пераплываў паранены Эльбу, – прамовіў Ганс. – Яго выратаваў рускі салдат.

– Было такое, – пацвердзіў Ёхан, – праўда, у самым канцы вайны. Дзед на той час прабіраўся дамоў. Пасля вайны ён паспрабаваў адшукаць таго салдата, але не здолеў. Не хапіла звестак. Дзед ведаў толькі, што рускага салдата завуць Васілём.

Пры апошніх словах Алеся здрыганулася, адвяла позірк сасчарнелага неба.

– Твайго дзеда звалі Гейдрых? У яго было паранены плячо? – пачулася з цемры.

– Так, – адказаў Ёхан і раптам пабялеў ад здагадкі.– Дык гэта быў твой?..

– Не ведаю, – паціснула плячыма Алеся.– Проста я аднойчы чула з вуснаў дзеда падобную гісторыю. – Яна кранула рукою галаву. – давайце, калі ласка. Спусцімся. Штосьці кружыцца галава. І наогул вам не здаецца, што паветра крыху задушліва– сціснутае?

Ганс носам глыбока ўдыхнуў.

– Праўда, пахне цвіллю, – прамовіў ён, – але ж дзверы мы не зачынялі. І хто патушыў на лесвіцы ліхтар?

Яны спусціліся па лесвіцы ўніз.

Пакінуўшы Алесю з Грэтхен, Ёхан правёў рукою ў цемры па метале. Дзверы былі шчыльна зачынены, да таго ж зашчэплены звонку на засаўку, бо калі ён, наваліўшыся на жалеза ўсім целам, паспрабаваў іх крыху прачыніць, яны не паддаліся. Не прачыніліся нават тады, калі на дапамогу прыйшоў і Ганс…