Выбрать главу

Вільгельм Гаўф

Гісторыя Альмансора

О гаспадару! Людзі да мяне расказвалі дзівосныя гісторыі, якія чулі ў чужых краінах, я ж мушу з сорамам прызнацца, што не ведаю нічога, вартага вашай увагі. Аднак калі гэта вас не знудзіць, я апавяду вам пра незвычайны лёс аднаго з маіх сяброў.

На караблі алжырскіх піратаў, з якога вы літасціва мяне вызвалілі, быў юнак майго ўзросту, які, як мне здавалася, нарадзіўся не дзеля нявольніцкай вопраткі. Астатнія няшчасныя на караблі былі людзьмі грубымі, жыць побач з імі было непрыемна, мовы іншых я не разумеў, таму кожную вольную хвіліну, калі яна надаралася, праводзіў з тым юнаком. Ён называў сябе Альмансорам, і вымаўленне выдавала ў ім егіпцяніна. Мы бавіліся прыемнымі размовамі і аднойчы вырашылі расказаць адзін аднаму свае гісторыі. Як высветлілася, гісторыя майго сябра яшчэ неверагоднейшая за маю.

Бацька Альмансора быў высакародным чалавекам і жыў у егіпецкім горадзе, якога мой спадарожнік не назваў. Дні дзяцінства Альмансор пражыў у радасці і шчасці, акружаны ўсім бляскам і ўсімі прыемнасцямі, што ёсць у свеце. Пестуном ён, аднак, не быў і адукацыю атрымаў рана: бацька, чалавек мудры, прывучаў сына да дабрадзейнасці і запрасіў яму ў настаўнікі знакамітага вучонага, які даў юнаку ўсё, што мусіць ведаць малады чалавек. Альмансору было каля дзесяці, калі ў краіну з-за мора прыйшлі франкі і пачалі супраць ягонага народа вайну.

Бацька хлопчыка, напэўна, чымсьці франкам не дагадзіў, бо аднаго дня, калі ён збіраўся на ранішнюю малітву, яны прыйшлі да яго і запатрабавалі ягоную жонку ў залог адданасці франкскаму народу, а калі той адмовіўся, гвалтам забралі да сябе ў лагер ягонага сына.

На гэтых словах шэйх раптам закрыў твар, і ў зале незадаволена загаманілі.

— Як, — крычалі сябры шэйха, — як насмеліўся гэты юнак так безразважна развярэджваць раны Алі-Бану замест таго, каб загойваць іх? Як можа ён распальваць ягоны боль замест таго, каб суцішваць?

Наглядчык за рабамі таксама разгневаўся на бессаромнага юнака і загадаў яму маўчаць.

Юны нявольнік вельмі здзівіўся і запытаўся ў шэйха, што ў ягоным аповедзе выклікала незадаволенасць гаспадара. Шэйх падняў галаву і прамовіў:

— Супакойцеся, сябры. Адкуль ён можа ведаць пра мой сумны лёс, не прабыўшы пад гэтым дахам і трох дзён? Няўжо сярод ліхадзейства, што чынілі тыя франкі, нехта не мог зазнаць такой жа долі, што і я? Магчыма, той Альмансор… але лепш, мой сябра, расказвай далей!

Малады нявольнік пакланіўся і працягнуў:

— Значыць, Альмансора адвялі ў лагер франкаў. Пачуваўся ён там збольшага добра. Адзін з военачальнікаў паклікаў хлопчыка ў намёт і забаўляўся яго адказамі, якія яму перакладаў тлумач. Военачальнік сачыў, каб Альмансору не бракавала ежы і вопраткі, але туга па бацьку і маці рабіла хлопчыка вельмі няшчасным. Ён праплакаў шмат дзён, аднак слёзы яго тых людзей не краналі. Калі лагер знялі, Альмансор думаў, што яму дазволяць вярнуцца дадому, але марна: войска перамяшчалася, ваявала з мамелюкамі, і юны Альмансор быў вымушаны ўвесь час цягацца з франкамі. Калі ж ён маліў палкаводцаў і военачальнікаў адпусціць яго дадому, тыя адмаўляліся і казалі, што ён павінен заставацца закладам вернасці свайго бацькі. Так ён правёў у паходзе нямала дзён.

Аднойчы хлопчык заўважыў, што ў войску пачаліся хваляванні: казалі пра зборы, адступленне, пагрузку на караблі. Альмансор бязмерна радаваўся, што зараз, калі франкі выправяцца да сябе, яго вызваляць. Войска разам з коньмі і фурманкамі пацягнулася назад да мора, і нарэшце паказаліся караблі, што стаялі на якары. Салдаты пачалі грузіцца на судны, але настала ноч, і на караблі паспела трапіць толькі невялікая частка. Альмансор кожную хвіліну чакаў, што яго вызваляць, і не хацеў засынаць, аднак урэшце глыбокі сон адолеў яго. Ён думаў, што франкі падмяшалі яму нешта ў ваду. Прачнуўшыся, ён убачыў, што ў яго маленькі пакойчык зазірае светлы дзень — але ж засынаў ён у іншым месцы. Хлопчык саскочыў з ложка, але ўпаў, бо падлога гайдалася: здавалася, усё рухаецца і танчыць вакол яго. Ён сабраўся з духам і, трымаючыся за сцены, выбраўся з пакоя.

На яго абрынуўся незвычайны шум і свіст: ён ніколі не бачыў і не чуў нічога такога, а таму не ведаў, спіць ён ці не. Нарэшце ён знайшоў невялікую лесвіцу, з цяжкасцю праціснуўся наверх — і які ж яго ахапіў жах! Вакол не было нічога, акрамя неба і мора: ён быў на караблі! Хлопчык пачаў енчыць, ён хацеў, каб яго вярнулі назад, ледзь не скочыў у мора, каб плыць на радзіму. Аднак франкі яго ўтрымалі, а адзін камандзір паклікаў да сябе, паабяцаў, што калі Альмансор будзе паслухмяны, то хутка вернецца на радзіму, і растлумачыў, што даставіць яго дадому было нельга і пакінуць самога — таксама, бо тады б ён мог памерці.