Выбрать главу

З гэтымі словамі ён узяў Альмансора за руку і павёў за сабой. І столькі ў яго паводзінах было ўпэўненасці, што хлопец падпарадкаваўся, хаця ад думкі пра доктара ў яго калацілася сэрца. Так ён і ішоў з салдатам шматлікімі вуліцамі, трымаючы ў руцэ кошык, і дзівіўся, што ўсе людзі здымалі перад імі капелюшы, спыняліся і глядзелі ім услед. Ён расказаў пра сваё здзіўленне спадарожніку, аднак той засмяяўся і нічога не патлумачыў.

Нарэшце яны дайшлі да шыкоўнага палаца, да якога і скіраваўся военачальнік.

— Ты жывеш тут, Petit Caporal? — спытаў Альмансор.

— Так, — адказаў той, — і я хачу правесці цябе да свае жонкі.

— Ах, ты хораша жывеш! — зазначыў Альмансор. — Напэўна, султан даў табе тут бясплатныя пакоі?

— Маеш рацыю, гэтае жытло ў мяне ад імператара, — адказаў спадарожнік і павёў яго ў палац.

Яны падняліся шырокай лесвіцай. У гожай зале военачальнік загадаў Альмансору пакінуць кошык, і яны ўвайшлі ў шыкоўны пакой, дзе сядзела на канапе жанчына. Чалавек загаварыў з ёй на нейкай замежнай мове, пасля чаго яны разам доўга смяяліся, і жанчына задала Альмансору шмат пытанняў пра Егіпет па-франкску. Нарэшце Petit Caporal сказаў юнаку:

— Ведаеш, што мы зробім? Я хачу зараз жа адвесці цябе да імператара і пагаварыць з ім на твой конт.

Альмансор вельмі спалохаўся, але падумаў пра свой гаротны стан і пра сваю радзіму.

— Няшчасным, — сказаў ён, — Алах дае вялікую мужнасць у гадзіну бяды, і ён не пакіне мяне, беднага хлопчыка. Так, я хачу пайсці да імператара. Але скажы, Caporal, ці павінен я ўпасці перад ім ніц? Ці павінен я крануцца ілбом зямлі? Што мне рабіць?

Абое ізноў засмяяліся і запэўнілі, што гэтага рабіць не трэба.

— Ён жахлівы і велічны? — пытаўся юнак далей. — У яго доўгая барада? Агністы позірк? Скажы, як ён выглядае.

Ягоны праваднік зноўку засмяяўся і адказаў:

— Лепш я ўвогуле не буду яго апісваць, Альмансор, каб ты сам яго пазнаў. Падкажу табе толькі адну прыкмету: калі ён з’явіцца ў імператарскай зале, усе паважліва здымуць капелюшы. Той, хто ў капелюшы застанецца, і ёсць імператар.

З гэтымі словамі ён узяў хлопчыка за руку і рушыў з ім да імператарскай залы. Чым далей Альмансор ішоў, тым гучней калацілася ягонае сэрца, а калі яны наблізіліся да дзвярэй, у хлопца задрыжалі калені. Слуга адчыніў дзверы, за якімі стаялі паўколам каля трыццаці мужчынаў, усе багата апранутыя, з золатам і зоркамі — так у краіне франкаў звычайна апраналіся самыя знатныя агі і пашы пры каралях, і Альмансор падумаў, што яго несамавіта апрануты праваднік — мабыць, самы нязначны сярод іх. Усе агалілі галовы, і Альмансор пачаў шукаць таго, хто не зняў капелюша. Але дарэмна. Усе трымалі капелюшы ў руках, значыць, імператара сярод іх не было. Тады позірк юнака выпадкова ўпаў на правадніка — у таго капялюш быў на галаве!

Юнак быў вельмі ўражаны і збянтэжаны. Ён доўга ўглядаўся ў свайго суразмоўцу і, здымаючы капялюш, сказаў:

— Салам алейкум, Petit Caporal! Наколькі я ведаю, я не султан франкаў, а значыць, мне мець на галаве капялюш не належыць. Але ў капелюшы застаўся толькі ты, Petit Caporal. Дык няўжо ты імператар?

— Ты адгадаў, — прамовіў той, — і, акрамя таго, я твой сябар. Сваё няшчасце прыпісвай не мне, а няўдаламу збегу абставінаў, і будзь упэўнены, што з першым жа караблём ты паплывеш на радзіму. Зараз жа вяртайся да маёй жонкі, раскажы ёй пра арабскага прафесара і пра ўсё, што ты ведаеш. Селядцы і салату я адпраўлю доктару, а ты да ад’езду застанешся у маім палацы.

Так сказаў чалавек, які быў імператарам. Альмансор упаў перад ім ніц, пацалаваў ягоную руку і папрасіў прабачэння, што не пазнаў яго, бо той імператарам дакладна не выглядаў.

— Маеш рацыю, — адказаў той з усмешкай і даў знак ісці, — калі ты ўсяго некалькі дзён імператар, на ілбе гэта не напісана.

З таго дня Альмансор жыў радасна і шчасліва.

Ён яшчэ некалькі разоў наведаў арабскага прафесара, пра якога расказваў імператару, але доктара ўжо больш не бачыў. Праз некалькі тыдняў імператар паклікаў хлопца да сябе і паведаміў, што карабель, на якім ён хоча адправіць яго ў Егіпет, гатовы зняцца з якара. Альмансор не памятаў сябе ад радасці. Яму хапіла некалькі дзён, каб падрыхтавацца да падарожжа, і з сэрцам, поўным удзячнасці, багата нагружаны скарбамі і падарункамі, юнак выправіўся да мора і сеў на карабель.

Аднак Алах пажадаў працягнуць выпрабаванне, загартаваўшы ягоную мужнасць няшчасцем, і не дазволіў хлопцу ўбачыць родны бераг. Іншы франкскі народ — ангельцы — вёў у той час вайну на моры супраць імператара. Яны захоплівалі ўсе караблі, якія маглі перамагчы, і здарылася так, што на шосты дзень плавання карабель, на якім знаходзіўся Альмансор, быў акружаны і абстраляны ангельскімі суднамі. Давялося здацца, і каманду перасадзілі на маленькі карабель, што паплыў разам з іншымі далей. Але на моры гэтак жа неспакойна, як у пустэльні, дзе разбойнікі нападаюць на караваны, рабуюць і забіваюць. Туніскі капер напаў на маленькае судна, калі падчас шторму тое адстала ад вялікіх караблёў, захапіў яго і адправіў усю каманду на рынак рабоў у Алжыры.