Гэта агульшчына. Я памятаю, што абяцаў расказаць табе ці напісаць сапраўдную прычыну свае «хваробы», і якую значную ролю ў ёй адыграў і адыгрываеш ты. Але пачакаю, пакуль у галаве стане ясней і ўсё ўтрамбуецца. Адчуванне такое, як пасля цёмнага выходзіш на зыркае святло: бачна, што светла, але разгледзець нешта цяжка, вочы не прывыклі і скачуць паўсюль чорныя плямы.
Калі раней я лічыў сябе ніжэйшым за цябе, дык цяпер пішу як да роўнага. Упершыню за апошнія месяцы адчуў сябе чалавекам, як усе. Цяпер я ведаю выйсце, ведаю збольшага, як жыць, і ўсе адступленні ад гэтых ведаў будуць толькі весці да новых пакутаў. Мяне цягне ў гэтыя два дні да чысціні чорт ведае чаму: я мыўся з гадзіну сам, перамыў пакой, усё на свеце... (Ліст абрываецца).
23.5.87
Хапіла роўна на тры дні. І апусціліся рукі. Тры дні не ходзім ні я да яе, ні яна да мяне. Гэта мая нявеста, дзяўчына, якая «жыць без мяне не можа» і «гатова падпісацца пад кожным пунктам». Пункты... Быццам прайшло тры месяцы. Помню, за дзень перад Кушлянамі яна сама не вытрымала гэтай няпэўнасці і сказала: «Скажы без сваіх філасофіяў, коратка і ясна — як мне сябе паводзіць? Дай мне якую інструкцыю, ці што, бо я бачу, што раблю табе кепска — а чым, сама не ведаю... Я, праўда, не іграю і нічога не хачу, а ты ва ўсіх маіх паводзінах шукаеш нейкае сістэмы. Што б ты хацеў пачуць ад мяне? »
«Я хацеў бы пачуць, што ты без мяне не можаш жыць, а калі мяне не пабачыш дзень, гадзіну нават — табе кепска і нечага не стае; што ты размаўляеш са мною ў думках; што ты згодна быць разам са мною цэлае лета, а ўвосень... я да цябе прыеду і мы пажэнімся».
«Я падпісваюся пад кожным пунктам».
Я перагортваю цяпер гэты сшытак і чытаю, і здаецца, што раней я дурнейшым не быў, што маё вызначэнне шчасця, некалі запісанае, правільнае. Я ж быў шчаслівы ў той дзень перад Кушлянамі, я дабіўся, па сутнасці, свайго: яна абяцалася стаць маёю і нават не на час, а на ўсё жыццё. Было спусташэнне, спакой, як у сне. Усё знікла, акрамя слоў: «Я падпісваюся пад кожным пунктам». Няўжо то й было шчасце? Яна хлусіла. Нашто? Можа, ад шкадавання, каб я супакоіўся. Восень жа яшчэ далёка, цяпер ён нічога не патрабуе — чаму б «не падпісацца пад кожным пунктам»?
Калі ж памрэ ўва мне гэты боль, колькі ён шчэ будзе мучыць мяне?! Няўжо мяне мала вучыла жыццё? Хіба я не ведаў, што шчаслівыя канцы бываюць толькі ў раманах, напісаных метадам так званага сацыялістычнага рэалізму? Няўжо дзень перад Кушлянамі і дзень там — гэта ўсё маё шчасце, якое праплыло і растала, як дым? Не, не веру, мне толькі дваццаць чатыры гады! Тады чаго ж я хаджу ўвесь час як прыбіты, як пахаваўшы самага роднага і адзінага чалавека? Няўжо я магу так моцна кахаць? І каго?
Ах, ненавісная дастаеўшчына, як я ад цябе ні бараніўся, ты даказала, што кахаць па-сапраўднаму можна не цнатлівых дзяўчынак. У цнатлівых дзяўчынак можна толькі «влюбляться», а кахаць, без памяці, толькі такіх: бесталковых, халодных, хітра-разумньгх і страшэнна, вечна незразумелых асоб лёгкіх паводзін... Не дзіва, што так душыць нейкі д'ябал: «Дурань, цяпер не вернеш, не вернеш!..»
І я думаю: сапраўды, можа здарыцца, што мяне пакахае ціхая цнатлівая дзесяцікласніца, і я яе, і мы пажэнімся, і ўсё будзе добра — але ўспыхваюць перад вачамі Кушляны, і ўсяго пачынае трэсці. Не, ніколі, я ўжо бачу і ведаю, што ніколі не спакушуся на нейкае чыстае, рамантычнае шчасце, нават калі надарыцца магчымасць такое атрымаць. Мне дваццаць чатыры гады, а што я, па сутнасці, бачыў і спазнаў?
Бойкі ў юнацтве, пазней — войска, Маскоўскі акруговы шпіталь, месяц рэанімацыі, два разы — клінічная смерць, з якой цудам выкарабкаўся. Затым — праца, п'янкі... Тыповы прадукт застойных часоў з усёй складзенай псіхалогіяй і поглядамі на рэчы. Змалку — сярод людзей, якія ўсё на свеце падавалі і тлумачылі так, як навучыла іх калдобістае жыццё. Мне хочацца схлусіць, але хлусіць нельга, а праўда тая, што блізкія мне людзі — матка, баба, дзядзькі, стрыечныя старэйшыя браты, словам, людзі, якія так ці інакш выхоўвалі мяне, не стаялі і блізка ля тых сялян-праўданосьбітаў, на якіх маліўся ў свой час Талстой. Мяне вучылі: «Крадзь, але каб не злавілі», «біся, але біся са слабейшым, ад мацнейшага ўцякай», «не чытай кніжак, бо здурнееш», «пі, але знай сваю меру», «як умееш абдурваць — абдуры, бо самога абдураць...» Людзі самі цёмныя, забітыя, яшчэ ў шасцідзесятыя гады дваццатага стагоддзя — як прывязаныя, без пашпартоў, гаравалі і рвалі жылы немаведама на каго, і, вядома, што яны ніяк не маглі жадаць мне благога; я люблю іх усіх, але...