Але мне цікава, што такое «кепска» і што такое «добра».
А, школа! Яшчэ ж прапусціў школу. Настаўнікі былі вясковыя і гарадскія — горад быў блізка, кіламетраў за восем. Вясковыя пілі на святы, маглі за гнуць нават на ўроку ціхенька мат, вучылі зусім кепска, а галоўнае, мы, вучні, не верылі, што можна нечаму ў іх навучыцца. Пра іх хадзілі такія ж плёткі, як пра звычайных дзядзькоў і цётак. Гарадскія вучылі лепш, але не верылі і ім. Наколькі я цяпер магу асэнсаваць, ішло своеасаблівае змаганне паміж хатнімі нашымі парадкамі з гарадскімі... Вядома, ніхто спецыяльна, знарок ніякага змагання не вёў, рабілася гэта падсвядома, але я помню, як сто разоў на год пачынаў «новае, як у кніжках», жыццё, упадабаўшы паводзіны і словы гарадскіх настаўнікаў.
Помню, у сёмым класе ўвялі новы прадмет — этыку, і пасля двух урокаў мне страшна захацелася некага кахаць. Я выбраў Веру, здаровую белую дзяўчынку, спакойную троечніцу, і напісаў ёй цыдулку: «Давай кахацца». «Давай, прыходзь сёння», — адказала Вера.
Я прыйшоў, у хаце нікога не было, Вера марудна, на маіх вачах, распранулася, лягла на падлогу. «Я таксама хачу з табою кахацца», — сказала яна лежачы. Кахаліся мы дні са тры, пасля нас нечакана злавіла Верына маці. Я ўцёк дадому і яшчэ два дні баяўся хадзіць у школу — чакаў страшнага скандалу. Але мала таго што не было ніякага скандалу — не было ўвогуле нічога. Верына маці здароўкалася са мною, а Вера стала нават трохі грэбаваць — можа, ад таго, што спужаўся і так хутка адышоў ад яе.
Бываюць хвіліны, калі мяне бярэ жах за скалечаныя жыцці сваіх аднакласнікаў. Вера жыве цяпер у вёсцы, у яе двое дзяцей і няма чалавека. У дваццаць чатыры гады яна тоўстая, як дзежка, з патухлымі, некалі сінімі вачамі, з маршчынамі, з пракураным голасам — не жыве, а згасае. Яна гоніць самагонку, пра дае яе п'е сама, на вачах сваіх дзяцей б'ецца з маткаю за грошы. Пасля школы яна паехала некуды ў Жлобін, кажуць, што жыла там гады два вельмі вольна, але не ўмела сябе глядзець, дый грошай не хапала на касметычнае харошае прычындалле, перастала падабацца мужчынам і прыехала назад — да маткі. У Мінску, у вышэйшай школе міліцыі вучыцца на пракурора аднакласнік Ігар К., колісь выдатнік, ціхоня; у войску ўступіў у партыю — каб лягчэй жыць. Гэта страшны, разбэшчаны мінскімі жанчынамі цынік, тыповы кар'ерыст, які хоча займець больш улады, і я яму пры сустрэчах, перачакаўшы ягоныя аповеды пра поспехі і ўцехі, сур'ёзна кажу: «Ігар, як некалі будзеш мяне судзіць за нацыяналізм, дык хоць далёка не высылай». Смяецца: «Посмотрим! » Ехаў я са свайго горада ў вёску ў адным аўтобусе з Жанаю Д., некалі чысценькім, з каснікамі, у школънай форме стварэннем. Яна адна праявіла, помню, нечаканую ўпартасць, калі ў 1978 годзе ў нашай школе перасталі выкладаць па-беларуску. Намеснікам дырэктара стаў тады малады выпускнік педінстытута Майсей Лазаравіч Шульман: ён аб'явіў, што свае прадметы — фізіку і хімію — будзе прымаць і выкладаць толькі па-руску, падручнікі трэба купляць рускія і адказваць па-руску. За ім пацягнуліся ўсе іншыя настаўнікі, справа была ў пачатку года, і мы за свае грошы ездзілі штодня ў горад купляць рускія падручнікі. Акрамя Жаны. Цягалі ў настаўніцкую яе самую, цягалі бацькоў, хацелі адправіць дзяўчынку да псіхічнага доктара, яна плакала і ўсё роўна не хацела перавучвацца. Памятаю, толькі пасля, калі мы, вучні, сталі смяяцца і цыкаць на яе, яна перш на перапынках, а тады паступова і на ўроках — загаварыла па-культурнаму. Тады, у аўтобусе, Жана ехала з чалавекам — мурлатым п'яным мужыком, які спаў стоячы і ўсё клаў галаву на яе плячо. Перад самай вёскай яго пачало ванітаваць — на сумкі, на падлогу. Жана пабегла да шафёра па анучу і выцірала, а ён толькі цяжка ўздыхаў і соп, відаць, не ў памяці, куды едзе і чаго едзе.
Пра астатніх аднакласнікаў нічога не ведаю, яны недзе жывуць па свеце.
А я?
У дваццаць чатыры гады хачу шчэ нешта вярнуць, шукаю нечага сапраўднага! І страхаюся — няўжо такое маленькае было маё шчасце, няўжо яно больш не вернецца?
24.5.87
Таня не прыходзіць.
Каб я быў празаікам, я напісаў бы пра паездку ў Кушляны выдатнае лірычнае апавяданне, і выгаварыўся б, і стала б лягчэй. Але колькі іх ужо напісана іншымі: і выдатных, і геніяльных. А поўнасцю зразумець да канца не можна ніякае. Толькі пачуцці, ніякае лірыкі, успамінай, як было, і запісвай пачуцці — ты ж пішаш сам сабе...
Былі два дні. Першы — дарога, электрычкаю і пешшу; другі — праца, Жупраны, касцёл, вогнішча... Былі: я, Міцура, Таня, Рамановіч і Віка Паскевіч — Таня за гэтыя паўгода «нацягала» яе трохі мове і пачала «далучаць да руху». Хацеў ехаць Брусавец, але, як заўсёды з ім бывае, перад самым канцом перадумаў; былі нават куплены квіткі, і ён здаў свой. Я рады, што ён такі непастаянны. Каб паехаў, дык набачыўся б, чаго не трэба. Мы, памятаю, ехалі нанач, у паўпустой электрычцы. За акном цямнелася, а ў нас на магнітафоне ціха спяваў Камоцкі: «Ну сядай, сядай са мной, калі ласка...» Мы то маўчалі, то трохі перагаворваліся па-беларуску, і пасажыры дзівіліся на нас, а нам было прыемна. Электрычка спынялася на частых станцыях, а потым бегла і бегла наперад — і гэта было вельмі добра; помню, Таня сядзела, сядзела, тады паклала мне галаву на плячо і заснула... Я думаю цяпер — калі б нешта такое пачаў расказваць мне які чалавек, я здзівіўся б банальнасці такіх казак, але калі ў мяне плыла за акном ноч, калі на маім плячы...