Я далічыў да ста, пачаў спачатку і на «восемдзесят два» пачуў ціхія крокі і своеасаблівы, перарывісты шэпт, якім шэпчуць людзі, калі шмат смяяліся і вымушаны трымаць у сабе яшчэ смех. Пачалася валтузня, шэпт, шэпт, вось пырснуў стоены смех...
— Дайце хоць дзеду паспаць, якой вы халеры... — азваўся сонны Рамановіч.
Сціхлі. Месца каля мяне — пустое. Сэрца раптам замерла, пасля быццам упала ўніз і падскочыла аж да глоткі — раз, другі! Каб не крыкнуць, я ўскочыў і дрыготкімі рукамі абуў красоўкі... Нашто? Куды? На двор, цыгарэту, хутчэй, хутчэй! Вобмацкам, выцягнуўшы наперад руку, прайшоў цераз тры пакоі, выбраўся на доўгі высокі ганак, сеў на дошкі і запаліў... Канец? Але нехта ідзе... Усіх ненавіджу!
— Валодзя, ты што?
Таня стаяла за метр ад мяне, але было так цёмна, што я чуў толькі голас і нічога не бачыў.
— Чаго ты легла не са мною? — ледзь прашаптаў я. — Што я табе кепскага зрабіў?
— Як жа з табою трэба асцярожна!
Мяне і так усяго трэсла. Яе словы — не сэнс, а толькі гукі голасу — быццам разагнулі ўва мне нейкую спружыну. Слёзы сыпаліся як боб, намачылі цыгарэту. Патухла і гэтая светлая кропка. Упершыню я плакаў перад дзяўчынаю! Нейкі нечалавечы страх — ніколі ў жыцці я так не прывязваўся да чалавека, ніколі нікога не было так жахліва траціць.
— Родненькі мой, мілы, прабач мне, міленькі... — спалоханая, яна абдымала і цалавала мяне, ды так асцярожна! Яе ўжо самую пачынала трэсці.
Я пакрысе супакоіўся, мы асцярожна прабраліся ў хату. Таня, памятаю, лягла побач, моцна прыціснулася, узяла маю далонь і паклала сабе пад галаву. Так і заснулі.
25.5.87
Назаўтра было няёмка. Я адчуваў сябе вінаватым. Яна была злосная, што я напужаў яе нізавошта.
— Мы з табою пасля пагаворым. Яшчэ адзін такі канцэрт, і цярпенне маё лопне.
— Я сам больш не хачу. Давай больш не сустракацца?
— Як хочаш.
16.5.87
Мне не было так страшна ніколі. Чаму яна зімою не сказала, што не кахае мяне? Яна не магла не ведаць, што не кахае. Ці яна кахала? Але нашто згаджацца выходзіць замуж, каб праз дзень рабіць абы-што?
«Когда кого любишь, никакими силами никто не заставит тебя верить, что может не любить тот, кого ты любишь». Бунін. Нічога не магу чытаць, ва ўсім бачацца толькі нейкія аналогіі.
«Есть, брат, женские души, которые вечно томятся какой-то печальной жаждой любви и которые от этого от самого никогда и никого не любят. Есть такие — и как судить их за всю их бессердечность, лживость, мечты о сцене, о собственном автомобиле, о пикниках на яхтах, о каком-нибудь спортсмене, раздирающем свои сальные от фиксатуара волосы на прямой ряд? Кто их разгадает?» Бунін. Няўжо толькі знешнасць? Ці ёсць што-небудзь страшней за тое, калі гаворыш жанчыне розныя словы, і яна халодная, а ты ведаеш, што, калі б нават адну дзесятую гэтых слоў сказаў ёй чалавек трошкі прыгажэйшы за цябе, яна б растала і пайшла б за ім на край свету? У Гарэцкага ёсць абразок: чалавек вярнуўся з вайны, а ў хаце — байструк. Жонка плача, валяецца каля ног, ён сам плача, бо любіць яе — сапраўды страшна! Ідэя ў абразку яшчэ і ў тым, што жаночая здрада страшней за вайну, за смерць — гэты салдат на вайне так не мучыўся! Але, я па сабе мяркую, калі б гэта каля маіх ног валялася жанчына, якая здрадзіла, я дараваў бы ёй семдзесят сем здрадаў.
Справа ў тым, што не дужа часта пасля здрады спяшаюцца яны валіцца ў ногі.
«Честное слово, этот мир без Хозяина!» — Махамад Алі Джамальзадэ, іранскі пісьменнік.
29.5.87
Добры дзень, Танечка! Пішу гэты ліст сам да сябе, хоць перад вачыма — ты. Ужо дзевяць дзён, як мы не бачыліся. Ужо ты, мабыць, і не прыйдзеш. Я — таксама, і не таму, што не хачу, а таму, што разумею: пры такім, як цяпер, становішчы нам абаім лягчэй.
Як ні мала дзевяць дзён, але й гэты тэрмін дае магчымасць рабіць нейкія высновы. Для мяне гэтыя высновы вельмі нярадасныя. І ніводзін чалавек мяне не зразумее. Ты мне бліжэй за ўсіх, ты, здаецца, больш за ўсіх мяне разумееш і шкадуеш, таму табе ўсё гэта я і пішу. Я мог бы прыйсці і сказаць гэта вусна, але табе будзе цяжка слухаць. Ты не ведацьмеш, што рабіць, будзеш і шкадаваць, і хацець памагчы, і злавацца на мяне яшчэ больш, бо памагчы ты ніяк не зможаш.
Не буду аналізаваць, як у нас гэтае каханне пачыналася, дзе я рабіў памылкі — усё цяпер не важна. Я пытаўся ў знаёмых дзяўчат, ці можна разбурыць каханне? З іх заблытаных адказаў я зразумеў, што — не і яшчэ раз не. Справа зусім не ў маіх дзеяннях і не ў памылках. Я паспрабую сабраць тыя сімптомы, што ёсць, і вызначыць дыягназ. Маё жыццё ў гэтыя паўгода — ненармальны чалавечы стан. Прычына ненар мальнасці — не гэтак, можа, ты, Таня. Ты проста падвярнулася ў гэтай дэпрэсіі пад гарачую руку. Ненармальнасць майго стану заключаецца ў чаканні нейкай вялікай бяды, якая са мной здарыцца. Гэта можа быць альбо смерць фізічная, свая ці пры якіх абставінах, альбо духоўная — я звар'яцею. Прадчуванне гэтае, хацела ты таго ці не, умацавалася яшчэ і тваімі дзеяннямі, паводзінамі.