Драздоўскі ўспомніў пра забабоны і ўсміхнуўся. Таксама вучыць, Гогаля даў. Праўда — ніхто не даказаў, што Гэтае ёсць, але ніхто, ніхто яшчэ не даказаў і таго, што Гэтага — няма. I кожны чалавек у Гэтае верыць, другая справа, што не кожны хоча ці не можа з-за нейкіх прычын выносіць сваю веру на людзі.
Гэта было адно з самых цвёрдых перакананняў Рыгора Драздоўскага.
Міхась Скаражонак дапрацаваў у бібліятэцы да лета і паступіў у інстытут.
Да таго часу яны ўжо даўно памірыліся і, нібы згаварыўшыся, стараліся не ўспамінаць пра гісторыю са Стральчэнем. Толькі ў канцы лета Драздоўскі, які прыйшоў развітацца з сябрам, не вытрымаў і сказаў, усміхаючыся:
— Помніш, як ты хацеў у газету пісаць?
Скаражонак чамусьці зазірнуў у другі пакой, дзе маці пакавала яму чамадан, і ціха сказаў:
— Калі ты думаеш, што я закінуў свой фельетон, то памыляешся. Навошта я буду пісаць у сваю раённую газетку; які з гэтага будзе рэзананс? Калі ўжо пісаць, дык у сталічныя газеты.
Драздоўскі пасміхнуўся. Скаражонак заўважыў і пакрыўдзіўся. Ён падумаў, што Драздоўскі мала яму верыць і, мабыць, прымае за пустабрэха.
— А чаму ты тады не падпісаў? — спытаўся ён.— Забабоны перашкодзілі?
— Ты што, зноў хочаш пасварыцца са мною?
— Пабаяўся, што табе могуць прырабіць,— заявіў Скаражонак,— след узяць.
— Цьфу ты, што за чалавек!
Драздоўскі плюнуў і, ляснуўшы дзвярамі, выйшаў з хаты. Але на вуліцы ён закурыў, трохі супакоіўся, вярнуўся на двор і сеў на лаўку каля ганка, вырашыўшы тут пачакаць, развітацца па-людску ды памагчы паднесці чамадан.
А ў хаце Скаражонак размаўляў з маткаю.
— Што вы тут крычыце? — спытала, выгля-нуўшы на шум, матка.
Сын павярнуўся да яе і развёў рукі:
— Мяне яшчэ й вінаватым зрабілі...
Было відаць, што ён папраўдзе нічога не разумее.
Матка не стала нават пытацца, што тут выйшла. Як гэта адзіны сын, якога яна так цяжка гадавала, адна, без чалавека, можа мець нейкую вінаватасць?
— Пабольш бяры ў галаву,— параіла яна.— Хадзі лепш глянь, ці не забылася я чаго...
У наступны момант Скаражонак ужо стаяў над расчыненым чамаданам і прыкідваў, што б яшчэ ўзяць,— дарога няблізкая.
Сачыненне
Учарашні васьмікласнік, а цяпер навучэнец палітэхнікума Валодзя Вяргейчык сядзеў за партай і, для выгляду наморшчыўшы лоб, глядзеў на доўгія рады лічбаў, іксоў, ігрэкаў, якія, старанна стукаючы крэйдай, выпісваў на дошцы выкладчык матэматыкі.
«I як гэта людзі могуць так разумець — ды што там разумець — захапляцца сухімі бяздушнымі лічбамі? — здзіўляўся Вяргейчык. — Я разумею тры яблыкі ці, скажам, дваццаць пяць кароў, — яму на міг стала весела, — бо гэта можна ўявіць. Але квадратны корань з трох? Лагарыфм з дваццаці пяці? Канечне, лічбы патрэбны, але ж, зноў-такі, толькі тым, каму падабаецца з імі важдацца...»
Увесь амаль урок у Вяргейчыка было адчуванне, што выкладчык проста знарок, жартам стараецца даказаць ім, быццам умець абыходзіцца з лічбамі так і гэтак — найвялікшая асалода. Ён нават неяк падспудна чакаў, калі таму надакучыць вадзіць іх за нос і што хутка, засмяяўшыся, выкладчык скажа: «А што, паверылі, што цікава? Вось паверылі ж?» — пасля чаго вытра дошку і пачне на ёй нешта маляваць ці хоць бы пісаць словы, якія так лёгка ўяўляюцца. Вось хоць слова «сіні», напрыклад...
Вяргейчык крадком пачаў паглядваць у акно, і ўсмешка раз-пораз прабягала па яго твары. «Сіняе неба, сінія вочы — такое лагоднае, такое... пяшчотнае слова, — з замілаваннем думаў ён. — Але нуль цэлых тры дзесятых? Хоць забі, галава мая пустая, і ні пяшчоты, ні лагоды гэтыя нулі не выклікаюць, бо нуль — ён і ёсць нуль...»
Так Вяргейчык прасядзеў да канца ўрока, разам са званком сарваўся з месца і першы выскачыў на калідор. Ён спусціўся ўніз (іх група займалася на трэцім паверсе) і выйшаў на двор, жмурачыся ад ранішняга вераснёўскага сонца.
Ад тэхнікума да шашы, дзе быў аўтобусны прыпынак, цягнулася доўгая, яшчэ па-летняму густая алея таполяў. Мокрае пасля начной расы лісце пад яркімі промнямі сонца ззяла цёмна-чырвоным золатам. Нібы сагрэтыя цяплом, старыя, з маршчыністай, патрэсканай карой дрэвы ледзь чутна шумелі — здавалася, гэта яны, таполі, і наганяюць лёгкі ветрык. Сярод круглай бетоннай клумбы перад самым уваходам, над дробнымі сінімі кветкамі ўзвышаліся два маленькія, познія сланечнікі, у якіх ніколі не бывае зярнят. Яны ўсё ж важна паварочвалі свае мала жоўтыя галовы да сонца, нібы сапраўдныя вясковыя таўстуны-сланечнікі, якіх абвязваюць марлямі, каб не падзяўблі вераб’і...