Выбрать главу

Сёння гэтая справа мае велізарнае значэнне для нашай краіны, якая ўсё больш аддаляецца ад развітых краін свету. Варта пераадолець настроі апатыі і прыгнечанасці, вызваліць энергію, якая дрэмле ў грамадстве. Гэта вымагае і перабудовы школьнай гістарычнай адукацыі, змены яе гістарыяграфічных прадпасылак. Трэба выкараняць з праграм і падручнікаў прыкметы фаталістычнай гістарыяграфіі і абаперці іх на актывістычную гістарыяграфію, якая вызваляе грамадскую актыўнасць і дынамізуе чалавечую дзейнасць.

Генетычнае мысленне. Адна з істотных прыкметаў гістарычнага мыслення — арыентацыя на раскрыццё вытокаў, на пошукі каранёў грамадскіх з'яваў, якія вывучаюцца і назіраюцца намі. Пазнавальныя і дыдактычныя якасці генетычнага мыслення паўсюль вядомыя. У ХIХ стагоддзі яны былі найбольш прыкметнымі рысамі гістарычнага мыслення ўвогуле. Французскі гісторык Ж. Мішле папярэджваў: «Хто будзе трымацца толькі сучаснага, таму не зразумець сучаснага» [42]. Справядліва лічылася, што гісторыя — гэта навука аб развіцці.

ХХ стагоддзе пахіснула наіўную веру ў магутнасць генетычнага мыслення. Сёння вядома, што раскрыццё паходжання з'явы не можа быць атаесамлена з пэўным ягоным выясненнем. Французскі гісторык першай паловы ХХ стагоддзя Марк Блок заўважыў, што «няведанне мінулага няўхільна прыводзіць да неразумення сучаснага. Але хутчэй за ўсё такія ж дарэмныя спробы зразумець мінулае, калі не ўяўляеш сучаснага» [43].

Гэта зусім не значыць, што сёння трэба адкінуць генетычны спосаб высвятлення гісторыі. Ёсць тэмы, якія патрабуюць асвятлення ў праграмах і падручніках, напрыклад здароўе чалавека і ягоная ахова, роля жанчын у грамадскім жыцці, месца дзіцяці і падлетка ў сям'і і грамадстве, паталагічныя грамадскія з'явы, мода, забавы, спорт, змена транспарту, сувязі, жытла, рэчаў непасрэднага побыту чалавека, адзення, абутку і г. д. Сучасны чалавек мае права ведаць не толькі тое, як дайшло да падзелу на Ўсход і Захад, Поўнач і Поўдзень сучаснага свету, чаму ёсць народы, якія жывуць лепш і горш, але таксама і тое, калі і як пачалося зруйнаванне прыроднага асяроддзя чалавека, як чалавецтва змагалася з пошасцямі, чаму распаўсюдзіліся алкагалізм і наркаманія, як разглядаўся спорт сто гадоў таму, што змянілася за гэты час у становішчы дзіцяці і жанчыны і г. д.

Генетычнае мысленне — гэта штосьці большае за пошукі каранёў. Гэта агульная пазнавальная арыентацыя. Яна зводзіцца да засяроджвання ўвагі на тым, што мае беспасярэднюю сувязь з сучаснасцю. Гэта погляд на мінулае праз прызму справаў, якімі чалавецтва актуальна жыве. Гісторыя мусіць адказваць на пытанні сучаснасці. Інакш яна страчвае сваю патрэбнасць для сучаснікаў.

Генетычнае мысленне схіляе да роздуму пра сучаснасць і яе праблемы. Гісторыя крыўды ў дачыненні да жанчын у даўнейшыя часы, іхная барацьба за раўнапраўнасць і павышэнне актыўнасці ў грамадскім і гаспадарчым жыцці, культуры, палітыцы павінна схіляць да роздуму пра тое, якім грамадскім коштам далася жанчынам эмансіпацыя, якія яна прынесла набыткі і страты. Гісторыя спорту павінна абуджаць сучаснага чалавека да роздуму пра выраджэнне гэтай з'явы ў сучасным свеце.

Генетычнае мысленне дазваляе зразумець «кошт прагрэсу», які звязаны з расплатай за поспех грамадства. Прыкладамі гэтага могуць быць устойлівае да гербіцыдаў пустазелле, устойлівыя да інсектыцыдаў пакаленні вусякоў, устойлівыя да антыбіётыкаў штамы мікраарганізмаў, адмоўныя вынікі лячэння антыбіётыкамі, парушэнне азонавай сферы, парушэнні цеплавога рэжыму, высыханне Аральскага мора як вынік тэхналагічных зменаў прыроды.

Трэба асцярожна ставіцца да фактараў пераўтварэння як свету, так і грамадства, бо парушыць крохкую раўнавагу грамадскіх сілаў, чалавека і прыроды надта лёгка. Сёння даводзіцца пераасэнсоўваць паняцце прагрэсу. Апошні здаецца толькі магчымасцю, а часта і немагчымасцю, і ўвогуле праблематычнаю справаю. Ці можна, прыкладам, лічыць прагрэсам развіццё беларускай гістарычнай навукі ад Пічэты да Абэцэдарскага, а тым больш да эпігонаў апошняга?

Варта задумацца, ці магчыма пераацэньваць паняцце прагрэсу і характарызаваць з'явы мінулага як «рэакцыйныя» ці «прагрэсіўныя» [44], а развіццё філасофіі як барацьбу матэрыялістычнага кірунку з ідэалістычным. Бадай, нельга абсалютызаваць паняцце барацьбы ў гісторыі, а тым больш лічыць яго вызначальным пры разглядзе гістарычных працэсаў і з'яваў.

У моладзі трэба фармаваць навык генетычнага мыслення, гэта значыць позірку ў мінулае з гледзішча сучаснасці, і адначасова гістарычнага падыходу да сучаснасці, каб адно тлумачыла другое. Разуменне ўзаемных дачыненняў між мінулым і сучаснасцю — умова правільнай арыентацыі асобы ў грамадскім жыцці і падмурак яе гістарычнай культуры.

Універсалістычнае мысленне. Веданне гісторыі павінна даваць універсалістычнае бачанне свету. Чалавек, маючы справу з прадстаўнікамі сваёй супольнасці, мала цікавіцца астатнім светам і мае пра гэты свет даволі цьмянае ўяўленне. Адсутнасць паўнавартаснага ведання пра тое, што робіцца ў свеце, адмоўна адбіваецца на разуменні справаў сваёй супольнасці, прыводзіць да фальшывых ацэнак, робіць цяжкім і нават немагчымым выніковае дзеянне.

Толькі гісторыя з усіх школьных прадметаў можа даць універсалістычнае мысленне. У геаграфіі вучань атрымлівае толькі ўрыўкавыя веды гэтага.

У выкладанні гісторыі звесткі пра мінулае розных народаў даюцца звязанымі разам у сінхронным выглядзе. Гісторыя найбольш універсалісцкая навука. Яна засяроджвае ўвагу на агульнагістарычных з'явах (напрыклад, каланізацыі, гандлі, сусветных войнах, сістэмах палітычнага ладу, мастацтве, рэфармацыі і г. д.). Не варта разглядаць гісторыю адных народаў у адрыве ад гісторыі іншых.

Першым крокам да гэтай мэты можа быць насычэнне выкладання айчыннай гісторыі звесткамі з усеагульнае гісторыі. Мы не мусім адмаўляцца ад свайго «я», але і не павінны занадта яго падкрэсліваць. У ізаляцыі мы не пераадолеем нашага крызісу. Пераадолець яго можна толькі ўзмацняючы сувязі са светам.

Другі крок у кірунку ўніверсалізацыі — гэта большы націск на сувязі нашай гісторыі з гісторыяй як блізкіх, так і далейшых суседзяў. Пры гэтым даўно ўжо пара адмовіцца ад асвятлення гісторыі Беларусі як часткі Расеі, бо гэта адсякае нас ад усіх іншых этнасаў і дае гістарычную карціну ў крывым люстэрку.

Нельга абысціся без асвятлення гісторыі Польшчы, Летувы, Украіны, разам з якімі беларускі этнас развіваўся на працягу больш за паўтысячагоддзя, без асвятлення гісторыі Швецыі, Аўстрыі, Прусіі, Турцыі, Крыма, палітыка якіх мела значны ўплыў на палітыку Рэчы Паспалітай, у склад якой пэўы час уваходзіла Беларусь, і г. д. Не варта забывацца, што не ўсё тое, што ў гісторыі належала Беларусі, сапраўды было выключна нашым. У выкладанні гісторыі павінна адчувацца павага і ўвага да спадчыны ўсіх этнасаў і культур і, не ў апошнюю чаргу, да тых этнасаў, што здаўна пасяляліся ў Беларусі — палякаў, татараў, габраяў, немцаў, расейцаў.

Мы павінны памятаць не толькі тыя крыўды, што нам прыносілі суседзі, напрыклад захопы Беларусі Іванам Жахлівым, Аляксеем Міхайлавічам, Кацярынай II, спустошанні, нанесеныя войскам Пятра I, задушэнне паўстанняў 1794, 1831, 1863 гадоў, палітыку абрусення беларусаў, скасаванне грэцка-каталіцкай вуніі, але і тое, што здаралася з нашае віны, у тым ліку паходы на Маскву ў Смутны час на пачатку XVII ст. і ў 1812 годзе, у якіх бралі актыўны ўдзел жыхары Беларусі.

Безумоўна, не варта аддзяляць усеагульную гісторыю ад айчыннай і рэгіянальнай, бо дзве апошнія — неадлучная частка першай.

Аб гэтых прынцыпах павінны памятаць не толькі гісторыкі-навукоўцы, але і настаўнікі гісторыі. Параўнаўчы метад дазваляе больш аб'ектыўна ацэньваць нашу нацыянальную гісторыю і ахоўвае як ад апалагетыкі (якая ў дадзеным выпадку здаецца нам зусім натуральнай, для сённяшніх па сутнасці першых крокаў вызвалення беларускай гісторыі ад навязанага ёй на працягу стагоддзя статусу падначалення расейскай гісторыі), так і ад залішняга крытыцызму, які характарызуе часам беларускую гісторыю сёння.