Выбрать главу

Рацыянальнага разумення гісторыі роднага этнасу (нацыі) у параўнанні з гісторыяй іншых этнасаў у нашым краі амаль няма. З часу задушэння паўстання 1863 года пачалася і працягваецца дасюль агрэсіўная русіфікацыя гісторыі Беларусі. І царскія, і таталітарысцкія камуністычныя ўлады падмянялі аб'ектыўнае рацыянальнае тлумачэнне гістарычных фактаў, з'яваў і падзеяў міфамі і легендамі (гэта значыць не тым, што павінна вывучацца гісторыкамі, а тым, што вывучаецца фалькларыстамі і культуролагамі). Адбывалася падмена прадмета вывучэння гістарычнай навукі і трансляцыі неспецыялістам вынікаў працы гісторыкаў.

Ва ўмовах нацыянальнага існуе даволі вялікі попыт на літаратуру, прысвечаную гісторыі прыгнечанага этнасу. Ён тым больш узрастае пад час вызвалення з-пад гэтага прыгнёту. Бо з гэтай літаратуры можна даведацца, кім ёсць этнас, чый ён нашчадак, ці меў сваю дзяржаўнасць — без самастойнай, незалежнай дзяржаўнасці не можа быць гаворкі пра самастойнасць, незалежнасць этнасу. Беларусаў жа доўгі час, насуперак крыніцам, пераконвалі ў тым, быццам яны не мелі дзяржаўнасці да часоў абвешчання бальшавіцкім цэнтрам Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. Пры гэтым спецыяльна замоўчвалі і тое, як доўга не прызнаваў гэты цэнтр права беларусаў на самастойную дзяржаўнасць, і тое, што гэтая ССРБ (пазнейшая БССР) была фіктыўна незалежнай, а ў сапраўднасці заставалася калоніяй Расеі. Бо панавальныя этнасы з вялікім падазрэннем ставяцца да жадання прыгнечанага этнасу пашырыць і паглыбіць гістарычныя веды, аднавіць і ўзмацніць гістарычную памяць. Таму ў гістарычнай навуцы і адукацыі Беларусі доўгі час існавала зона замоўчвання, пра якую пойдзе гаворка ў наступным раздзеле.

ПРАПАГАНДА ІМПЕРСКАЙ АТРУТЫ Ў КАЛОНІІ

— У вуллях чаго ён шукаў?

— Беларусь шукаў (…).

— А як ён асмеліўся ў вас устройваць вобыск?

— Дык мяне сюды з Галышоў перавялі, парафія ёсць такая пад Маладзечнам. Там я ад нудоты збіраў старыя песні, байкі, пляскі.

— Што ж у гэтым дрэннага?

— Праўду кажаш. — А вось улады ў Пецярбурзе сцвярджаюць, што няма беларускай народнасці і няма для чаго яе штучна ствараць.

(З размовы Хелены Канвіцкай з ксяндзом Сямашкам)

Тадэвуш Канвіцкі. Богінь.

У гістарычнай навуцы і адукацыі Беларусі існавала агромністая, шырокая зона замоўчвання. Дазвалялася смела выкрываць захопніцкія акцыі суседняй Польшчы ў дачыненні з Беларуссю. Калі ж гаворка заходзіць пра Расею, то гэтага не дазвалялася. Бо ўсё расейскае — і царскае, і бальшавіцкае — лічылася шчасцем для беларускага народа, які заўсёды нібыта прагнуў жыць разам, у адной дзяржаве са сваім адзінакроўным братам. Жудасныя факты аб знішчэннях беларускага жыхарства і выгнанні тых, хто застаўся жывым, у палон у Расею, асабліва пад час акупацыі Беларусі войскамі Івана Жахлівага, Аляксея Міхайлавіча, аб захопе нашай краіны ў 1772–1795 гадах, у часе трох падзелаў Рэчы Паспалітай, аб перадачы дзесяткаў тысяч дзяржаўных сялян прыватным прыгоннікам пасля гэтага захопу, аб увядзенні тады ж рэкрутчыны, аб прымусовым скасаванні царызмам вуніяцтва, аб задушэнні некалькіх вызвольных паўстанняў супраць акупантаў, аб узмацненні прыгону пры царскай уладзе, аб забароне друкаваць беларускія кнігі традыцыйнай для XVIII–XIX стагоддзяў лацінкай, аб адмаўленні беларусам права лічыцца беларусамі — усё замоўчвалася. І гэтае замоўчванне нязменна суправаджалася аптымістычнымі фразамі пра тое, што ў выніку беларускі народ набыў нешта больш значнае ― шчаслівую магчымасць змагацца супраць самаўладства разам з братнім расейскім народам. Гэта было нават адлюстравана ў першых радках гімна БССР:

Мы, беларусы, з братняю Руссю Разам шукалі к шчасцю дарог…

Нібыта гэтую дарогу можна было шукаць толькі ў адной з некім запрэжцы.

Што ж да гісторыі найноўшай, бальшавіцкай, дык і яна ніякіх трагічных для Беларусі фактаў не засведчыла. Існавалі толькі сяброўская дапамога старэйшага брата, шчодрасць і дабрыня. Калі хто і перашкаджаў беларусам у ХХ стагоддзі быць паўнакроўна шчаслівымі, дык гэта ягоныя «зацятыя ворагі» — буржуазныя нацыяналісты. Усялякія спробы высветліць, як жа тое было ўзапраўды (і як так магло быць, што беларускі народ і ў мінулым, і ў гэтым стагоддзі працягваў спараджаць «здраднікаў» — Вацлава Іваноўскага, братоў Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Ўласава, Аркадзя Смоліча, Пётру Крэчэўскага, Адама Станкевіча, Алеся Гаруна, Усевалада Ігнатоўскага, Максіма Гарэцкага, Цішку Гартнага ды іншых), якія, абвяшчаючы сябе беларусамі і абараняючы беларушчыну, адначасова былі залічаныя ў яе ворагі, разглядаліся як нацыяналізм і абраза вялікага суседняга народа.

Трэба ўрэшце на поўны голас сказаць, што найбольшую, непапраўную шкоду Беларусі, беларускай аўтэнтычнасці, маральнаму, духоўнаму развіццю беларускай нацыі нанесла расейская імперскасць.

Тая імперыя, што ўмешвалася ў лёс Беларусі і марнавала яго на працягу стагоддзяў, заўсёды была класічнай кантынентальнай імперыяй [45]. Беларусь у ёй лічылася калоніяй з усімі трагічнымі для такога статусу вынікамі. Але больш трагічнымі былі вынікі яшчэ аднаго статусу, навязанага ёй імперыяй. Ніякай Беларуссю яна не лічылася, а толькі часткаю Расеі, якая — немаведама чаму — абвяшчала сваю адасобленасць, спрабавала адарвацца ад Расеі — мацерыка, пакуль гістарычная справядлівасць не вярнула яе назад да мацярынскага ўлоння. Адно слова — беларусаў лічылі часткаю адзінага расейскага народа з адзінай славянскай мовай і адзінай праваслаўнай верай.

За народамі тыповых калоній прызнавалася права на этнічную адметнасць ад імперскага народа. Так, чэхі, палякі, украінцы, італьянцы, славенцы, нягледзячы ні на якае анямечанне іхнай часткі, усё ж прызнаваліся чэхамі, палякамі, украінцамі, італьянцамі, славенцамі. Тое ж было і з вугра-фінскімі, мангольскімі, каўказскімі, балцкімі этнасамі Расейскай імперыі. Але за нетыповымі калоніямі — славянскімі Беларуссю і Ўкраінай такога права не пакідалі.

Невыпадкова ўкраінскі правазаступнік Лэўко Лук'янэнка падкрэсліваў, што расейская акупацыя Ўкраіны адрозная ад польскай і нямецкай. Бо расейскія ўлады спрабавалі ўсыпіць нацыянальную пільнасць. Адмаўляючы ўкраінскую асобнасць, яны хацелі зрабіць украінцаў падобнымі да сябе. Імперыя, вядома, мела вялікія магчымасці для гэтага: высмоктванне сілаў народа на расейскую службу, забарону вольнага ўкраінскага слова, расправу з тымі, хто не жадаў забывацца на сябе [46].

Вядома, усё гэта датычыць і Беларусі: адно да аднаго.

Кожная імперыя, калі б яна ні існавала, ці за дзесяткі стагоддзяў да нашай эры, ці ў апошніх дзесяцігоддзях нашай, — пабудаваная паводле адной мадэлі. Гэтая мадэль робіць іх тым, чым яны ёсць — імперыямі. Галоўны яе механізм — гэта свядомая ці падсвядома закладзеная прага да захопу тае прасторы, што заселеная і засвоеная людзьмі.

А. М. Якаўлеў лічыць, што «гісторыя нацыяналізму, нацый, нацыянальнага — гэта гісторыя паступовага афармлення і пашырэння культурна-гістарычных супольнасцяў. Пашырэння фізічнага, якое адбываецца шляхам як памнажэння, так і ўлучэння ў іх драбнейшых утварэнняў — плямёнаў, родаў, народнасцяў. Пашырэнне тэрытарыяльнага, калі гэта дазвалялі абставіны» [47].