Выбрать главу

Расея (назоў з XVII ст.) як дзяржаўнае ўтварэнне пачыналася з другой паловы ХII стагоддзя ў адной з калоній Кіеўскай і Крывічанскай Русі на фіна-вугорскіх землях тагачаснага паўночнага ўсходу, на якіх пасяляліся выхадцы з заходніх частак краю — полацкіх крывічанскіх і ноўгарадскіх. Гэта адбывалася дзякуючы спрыяльным умовам: напачатку — распаду нестабільнай Кіеўскай Русі, а потым — распаду Залатой Арды, а затым у выніку далучэння народаў Паваложжа, Сібіры, Каўказа, Закаўказзя, Сярэдняй Азіі і г. д. Гэта значыць, яна станавілася ўсё большай імперыяй кантынентальнага тыпу, што амаль поўнасцю была перададзена ў спадчыну абноўленай імперыі СССР.

Нездарма Ленін, згодна з падвойнаю камуністычнай мараллю (хутчэй амаральнасцю), дакляраваўшы права нацый на самаазначэнне паняволеных царскаю Расеяй народаў, і не збіраўся даваць ім магчымасць самаакрэсліцца, намагаўся зберагчы ў новай імперыі межы старой. З Прыбалтыкай, Фінляндыяй, Польшчай гэта яму не ўдалося. Але з Беларуссю, Украінай, Закаўказзем — удалося. Фатальны збег акалічнасцяў, страх Заходняй Эўропы перад бальшавізмам (дарэчы, цалкам апраўданы) спрычыніўся да таго, што Антанта дзеля свайго спакою кінула яму костку — ахвяравала Беларуссю і некаторымі іншымі краямі. І тыя трапілі ва ўчэпістыя абдымкі новага імперыялістычнага збудавання. А яно, працягваючы шматгадовую традыцыю свайго папярэдніка, помсціла Беларусі за тое, што тая спрабавала захавацца як Беларусь.

Дачыненні Расеі і Беларусі ў асноўным складваліся так, як яны заўсёды складваюцца між метраполіяй і калоніяй, праўда, з дадаткам намагання «праглынуць», прыўлашчыць сабе не толькі зямлю і людзей на ёй, але і іх гісторыю.

Болей за семдзесят гадоў расейска-бальшавіцкі імперскі монстр, раздзьмуты ад вялізных прастораў і шматлікіх народаў з рознымі верамі, культурамі, звычаямі, традыцыямі, цяжка йшоў праз ХХ стагоддзе, наводзячы на свет жах — крок уперад, два, пяць, дзесяць крокаў назад ажно да сярэднявечча ў дэспатызме, тыраніі, жорсткасці (хто не верыць, хай прачытае пра раскапаныя рэшткі ахвяраў НКВД). А мы спявалі: «Наш паровоз, вперед лети, в неведомую даль, другого нет у нас пути…» Жартаўнікі дадавалі да гэтага радок:

— И это очень жаль.

Каб хутчэй паравоз ляцеў да камуны, правадыры імперыі кідалі ў топку паравоза тысячы і мільёны людскіх ахвяраў. Куды ж заляцеў той паравоз? У багну безгаспадарчасці, эканамічнага і палітычнага крызісу, у зону экалагічнай бяды, духоўнага спусташэння.

МІФЫ І ГІСТОРЫЯ

У духоўным спусташэнні Беларусі вялікую ролю адыграла пазбаўленне беларускай нацыянальнай гісторыі самастойнасці, падпарадкаванне яе расейскацэнтрычнай мадэлі гісторыі.

У асвятленні беларускай гісторыі за апошнія сто трыццаць гадоў ад часоў задушэння апошняга паўстання супраць імперскага прыгнёту паназапашвалася шмат расейскацэнтрычных міфаў і легендаў. Памеры кнігі не дазваляюць спыніць увагу на ўсіх гэтых міфах. Частку іх я разабраў у сваім артыкуле 1982 года «Каб ведалі факты». З прычыны ўмяшання пэўнага аддзела ЦК КПБ ён пабачыў свет са спазненнем на пяць гадоў і быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» толькі 14 жніўня 1987 года, а ў поўным выглядзе змешчаны ў зборніку «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1) у 1991 годзе пад іншым назовам («Пад знакам дня ўчарашняга»).

Але, перад тым як ахарактарызаваць асноўныя міфы, што нават дасюль укараняюць у галовы беларусаў, трэба высветліць, што такое міф.

Гэтаму і прысвечаны наступны раздзел.

Міф і гісторыя… Звычайна спалучэнне гэтых паняццяў выклікае асацыяцыі з міфамі ў антычным свеце ці з міфамі пра псеўдаманархаў або, наадварот, пра старца Фёдара Кузьміча з расейскай гісторыі. Але, абмежаваўшы сувязь гісторыі з міфамі гэтымі прыкладамі, мы замыкаемся ў тое кола поглядаў на мінулае, якое нам паслужліва падсоўваюць традыцыйныя гістарычная навука і адукацыя.

Аднак апрача гэтых дзвюх сфераў гістарычных поглядаў існуюць яшчэ іншыя, напрыклад гістарычная сведамасць (або наяўныя ў чалавечай свядомасці гістарычныя веды, што прасякнутыя каштоўнаснымі элементамі, якія прадвызначаны актуальнай сітуацыяй і акрэсленым бачаннем будучыні), гістарычная ідэалогія (або гістарычна-палітычная дактрыны, гістарычны змест палітычнай ідэалогіі), гістарычная традыцыя (або частка гістарычнай спадчыны, акрэсленай сацыяльнай групы — этнасу, класа, лакальнай групы, сям'і ды інш. — ацэньвае ацэнцы і выражае прынятую дадзенай групай сістэму каштоўнасцяў), гістарычныя міфы, гістарычны менталітэт (сукупнасць спосабаў і зместу мыслення і ўспрыняцця, характэрная для пэўнага калектыву ў пэўным часе, якая праяўляецца ў дзеяннях).

Усе памянёныя сферы, улучаючы гістарычную адукацыю і гістарычную навуку (вывучэннем апошняй абмяжоўвалі сябе савецкія гісторыкі), складаюць нешта больш агульнае — гістарычную культуру. Гістарычнай культурай можна было б назваць комплекс каштоўнасцяў, які замацаваўся ў пэўнай групе грамадства ў пэўны перыяд, а таксама твораў, звязаных з пазнаннем і перажываннем мінулага з дапамогаю атрыманых гэтай групай ведаў пра мінулае.

Да розных складовых частак гістарычнай культуры мы абавязкова вернемся ў іншым месцы. Зараз жа хочацца прапанаваць чытачу размову пра гістарычныя міфы. Бо менавіта іхнае існаванне ў гістарычнай адукацыі майго пакалення адыграла фатальную ролю ў грамадскім мысленні сучаснага беларускага грамадства.

Я маю на ўвазе насаджэнне міфаў «западнорусизма»; міфаў пра існаванне беларусаў выключна ва ўлонні дабрадзейкі «матушки России», якая толькі і робіць, што ратуе іх ад «чужынцаў». У выніку настойлівага насаджэння такіх міфаў грамадзянства Беларусі было пераарыентаванае з традыцыйных «самастойніцкіх» поглядаў на мінулае — на імперскія, якія поўнасцю супадалі з дарэвалюцыйнымі русіфікатарскімі. Гэта не магло не спрычыніцца да рэзкага падзення даверу да гісторыкаў тыпу Абэцэдарскага. Бо такія спецыялісты зыходзілі з пераканання неабмежаванага маніпулявання гістарычнай сведамасцю грамадства, з падмены гістарычных ведаў вышэй памянёнай гістарычнай ідэалогіяй. Адсюль у гістарычнай навуцы з'явілася пагарда да фактаў: фальшаванне гістарычных крыніц, навязванне гістарыяграфіі (гістарычнай навуцы) прынцыпаў, выпрацаваных праз палітыку і гвалтоўнае ўмяшанне ў асновы гісторыі дзеля дасягнення неадкладнага палітычнага эфекту.

Мне даспадобы іншая пазіцыя — пазіцыя дыялогу, пазіцыя шчырай, адкрытай размовы з грамадствам, гэта значыць партнёрскія паводзіны. Яны закладаюць рэчавае стаўленне да пазанавуковых гістарычных уяленняў, якія немінуча функцыянуюць у грамадстве побач з навуковымі. Надзённыя, побытавыя веды гісторыі складаюцца як з праўдзівых, так і з памылковых элементаў. Некаторыя лічаць, што іх трэба «выкараняць». Я мяркую, што трэба разважліва спрабаваць рабіць іх больш навукова абгрунтаванымі. На мой погляд, іншага шляху да рацыяналізацыі гістарычнай сведамасці грамадства, а гэта значыць да разумення ісціны, апрача паступовага выцяснення з яе фальшывых элементаў і замяшчэння іх магчыма праўдзівымі ведамі, няма.

Ненармальныя ўмовы нацыянальнага жыцця пад час доўгай няволі ў значнай ступені вызначылі ўяўленні беларусаў аб сваёй гісторыі. З'явіліся стэрэатыпы не тых, хто будаваў, а тых, хто заваёўваў і разбураў Беларусь. Расчараванне спадчынай таталітарызму і сучаснасцю можа спрычыніцца да стварэння чарговых гістарычных утопій, да «антыміфаў» ці новых міфаў, да чаго іншым разам з зусім добрымі намерамі заклікаюць у друку [49].

Гэтак заўсёды бывае ў перыяд крызісаў. Гісторыя, якая выракаецца балючай праўды, якая кажа толькі тое, што грамадства ў дадзены момант хоча пачуць, траціць магчымасць не толькі чаму-небудзь навучаць, але (раней ці пазней) шмат са свайго аўтарытэту.

Вось чаму я палічыў бы надзённым вярнуцца да вопыту такіх сумежных з гісторыяй гуманітарных навук, як сацыялогія, псіхалогія, этналогія, культуралогія, і паспрабаваць разабрацца ў стасунках міфа і гісторыі.

Разуменне міфа. Праблема стасунку паміж міфамі і гісторыяй дасюль недастаткова высветленая. На праблему міфаў ужо даўно звярнулі ўвагу этнолагі, сацыёлагі, псіхолагі, культуролагі, тэолагі, гісторыкі літаратуры, гісторыкі мастацтва. Гісторыкі ж грамадства гэтую праблему абміналі, што асабліва датычыць літаратуры краін былога СССР. Бо, як той казаў, у доме шыбеніка аб вяроўцы не гавораць. Амаль усе гуманітарныя навукі там былі наскрозь прасякнутыя міфамі. Мне не ўдалося знайсці ў расейскім навуковым друку адпаведных працаў пра месца міфа менавіта ў гістарычнай думцы. Адна з галоўных прычын таго — у неадназначных стасунках тэрмінаў «міф» і «гісторыя». Азначэнне міфа, якое ўспрымалася б усімі — і навукоўцамі, і неспецыялістамі аднолькава, даць цяжка. Тэрмін «міф» мае некалькі значэнняў. Навукоўцы розных профіляў даюць міфу розныя дэфініцыі — ад этналагічнай у Тайлара праз псіхалагічную ў Юнга да тэасофскай у Лосева.