Выбрать главу

Для Мірча Эліядэ міф — гэта апавяданне пра падзею, што адбылася ў дагістарычныя часы чалавецтва, для Леві-Строса — гэта сістэма паміж сэнсавымі супрацьлегласцямі, якія змешчаныя ў розных плоскасцях. Сацыёлагі разглядаюць міф у аспекце першаснасці ў дачыненні да дадзенай устойлівасці сацыяльна-культурнай супольнасці (ці культурнай папуляцыі), бо ён стварае сацыяльнае быццё, а паводле тэолага Бультмана, міф — аб'ектывацыя панадсветавага. У гэтым выпадку культурная папуляцыя выступае як крэатура міфа, а той, у сваю чаргу, і ёсць прастора каштоўнасцяў і мэтаў, у якой чалавек жыве. Нутраная праца па пераадоленні разыходжанняў міфа і канкрэтных падзеяў, якія перажывае асоба, — гэта і ёсць змест духоўнага жыцця. Такім чынам, міф стварае, а не тлумачыць сацыяльную рэальнасць.

У вузкім значэнні этнолагаў міф — гэта апавяданне пра багоў і іхныя ўчынкі, пра пачаткі свету, пра паходжанне рэчаў, з'яваў, установаў. Пачатковая, асноўная якасць міфа — вера ягоных носьбітаў у суцэльную верагоднасць міфічнага апавядання.

Згодна з меркаваннем Бэскама, міф ёсць празаічнай аповесцю, што ўзнаўляецца грамадствам, якое лічыць яе праўдзівым паведамленнем пра падзеі сівой мінуўшчыны. Этнолагі зважаюць на тое, што міфічныя здарэнні, якія развіваюцца ў часе, складаюць структуру, стасоўную адначасова і да мінулага, і да сучаснага, і да будучага. У выніку міф — гэта ўяўленне існай і нязменнай (спыненай) рэчаіснасці [50].

Апісваючы паходжанне элементаў свету, міф аднолькава тлумачыць іх структуру і надае ім сэнс. Паходжанне чагосьці з міфічных часоў складае найвышэйшы сэнс, які не патрабуе ніякіх дадатковых абгрунтаванняў. Міф непасрэдна мадэлюе і асвячае прынцыпы жыцця адзінкі і грамадства, падаючы прызнаныя дадзеным грамадствам узоры паводзін. Міфічны час — эпоха першых і з гэтай прычыны ўзорных рэчаў.

Другое, пашыранае, разуменне міфа прыводзіць да прызнання яго своеасаблівага спосабу бачання і адчування свету. Ён можа праяўляцца не толькі ў тыповай міфічнай аповесці, але таксама ў іншых формах, напрыклад у песнях. Такое тлумачэнне міфа датычыць, як правіла, першабытнага грамадства, яго своеасаблівага ладу мыслення, які звычайна называюць сімвалічным.

Такое мысленне канкрэтнае, з крайняй антрапамарфізацыяй свету. Пашыраным паняццем міфа карыстаюцца галоўным чынам даследнікі першабытных культур. Дзеля аналізу гістарычных міфаў, якія функцыянуюць у сучасных грамадствах, яно, хутчэй за ўсё, малапрыдатнае.

Большае значэнне мае ў гэтым разе абагульненае паняцце міфа. Яго аднолькава можна аднесці як да першабытнага, так і да сучаснага цывілізаванага грамадства.

Чаму ўзнікаюць міфы. Міфы паўстаюць з натуральнай патрэбы чалавека мець цэласную і асэнсаваную карціну свету, з патрэбы бачыць свет як працяглае існаванне, з патрэбы верыць у трываласць людскіх каштоўнасцяў.

Абагульненая канцэпцыя міфа звязвае гэтае паняцце з акрэсленым уяўленнем з'яваў мінулага, сучаснага або будучага. Найбольш пашыраным крытэрам, які адрознівае міф ад іншых уяўленняў ці поглядаў, ёсць ягоная аб'ектыўная памылковасць. З уяўленнем міфа звязана таксама моцная адзінкавая або калектыўная вера ў ягоную сапраўднасць, дзякуючы чаму ён функцыянуе як фактар, што вызначае пазіцыю і паводзіны дадзенай асобы ці калектыву і спосаб успрымання імі рэчаіснасці. У гэтым сэнсе тэрмінам «міф» можна абыймаць розныя формы калектыўнай і індывідуальнай містыфікацыі, такія, напрыклад, як палітычная ідэалогія, стэрэатыпы (нацыянальныя, расавыя, рэлігійныя), мода, прапаганда, рэклама, папулярызацыя кіназорак, спартсменаў, «міс» краінаў, кантынентаў, свету і г. д. [51]

Да асноўных якасцяў зразуметых такім чынам міфічных уяўленняў належаць эмацыйнасць, нарматыўнасць, апераванне сімвалічнымі клішэ, рытуалізаванымі паводзінамі.

Мірча Эліядэ разглядае міф як рытуалізаваны ўзор паводзінаў. Напрыклад, міф «пакутніцтва і барацьбы за лепшае жыццё», што існуе ў сучасным грамадстве, выводзіцца з традыцыі першаснага хрысціянства. Узоры барацьбітоў-рэвалюцыянераў, якія йдуць на смерць дзеля дабра народа, выходзяць з архетыпу святых і пакутнікаў.

Узор пакутніцтва і барацьбы амбівалентны, двухсэнсоўны. З аднаго боку, ён узаконьвае сістэму, уладу, а з другога боку, легітымізуе барацьбу супраць іх. Гэты ўзор вырастае з паняццяў, характэрных для тых грамадстваў, якія паходзяць з вёскі і прадстаўнікі якіх цярпелі пакуты, пакуль не прыстасаваліся да іншага асяроддзя і не ўладкаваліся ў ім, якія вялі барацьбу за сваё існаванне ў гэтым асяроддзі, бо страцілі ранейшыя суседскія сувязі і традыцыйныя ўзоры паводзін.

З ходам урбанізацыі і індустрыялізацыі гэты ўзор мусіць саступіць месца нечаму іншаму. Бо задоўжаная прапаганда яго можа быць самагубнай.

Другі прыклад калектыўнага міфа — гэта ідэалізацыя разбойніцтва і рабунку. Яна пашыралася таксама пасля пераезду вясковых жыхароў у гарады, надаючы годнасць іхнай мабільнасці і ў пэўнай ступені прадпрымальнасці, актыўнасці. Зараз, са спусташэннем вёскі і стратаю традыцыі працы на зямлі, ідэалізацыя рабунку мусіць сустрэць супраціў этнолагаў і гісторыкаў.

Нам варта шукаць тыя ўяўленні, якія надаюць годнасць менавіта традыцыі грунтоўнай працы, — менавіта яна і выратуе люд.

Існуе функцыйная тэорыя міфа, якую прапанаваў этнолаг Б. Маліноўскі. Згодна з ёю, міф ёсць абавязковай часткай кожнай культуры і стала абнаўляецца. Кожная гістарычная перамена стварае сваю ўласную міфалогію, хоць яна толькі ўскосна звязана з гістарычнымі фактамі. Падобных поглядаў трымаецца Ганна Імбс, якая лічыць, што «міф адыгрывае ў культуры пазнавальную ролю, складае цэласную сістэму, якая фармулюе тэрміны, што ўпарадкоўваюць і высвятляюць свет (…). Міф — гэта асабісты знак, які адлюстроўвае лад культуры, ажыццяўляе ў ім адначасова падзел і ўніфікацыю парадку вартасцяў і рэчаў і сферы «святога» і дасягальнага ўсім. Тэндэнцыі выкасавання міфа з культуры ёсць выяўленнем імкнення да замены сферы «святога», бо яно з'яўляецца непазбыўнаю воссю культуры. Замена сферы «святога» бурыць культурны лад… Гэта адначасова і эрозія сілаў, якія ствараюць культуру» [52].

МІФ І РЭАЛЬНАСЦЬ

Міф жывучы менавіта таму, што прапануе простыя адказы на складаныя пытанні. У людзей, для якіх гістарычнай навукі не існуе — а гэта датычыць не толькі першабытных грамадстваў — міф ёсць ісціна. Назваўшы нешта міфам, навуковец выяўляе крытычнае стаўленне да разгляданых веранняў або ўяўленняў. Гэтым ён аспрэчвае іхную аб'ектыўнасць і праўдзівасць. Міф — гэта тое, што даследнік лічыць выдумкай. А гэта не дапускае наяўнасці ў міфе сапраўдных падзеяў, якія даследнік мог бы пазней вылучыць.

Мае рацыю Поль Валеры, які сцвярджае, што «міф — гэта тое, што гіне пры найменшым удакладненні. Строгі погляд і катэгарычныя меркаванні, шматлікія і ўзгодненыя ўдары, якія наносіць сваімі пытаннямі жвавы розум, руйнуюць міф, прыводзячы да бясконцага збяднення свету неазначальных рэчаў і ідэяў» [53].

У кожную гістарычную эпоху абсяг міфічнага залежыць ад таго, што людзі прымаюць за «рэальнае». З развіццём навукі ён натуральна пашыраецца, бо навуковыя і філасофскія тэорыі акрэсліваюцца і мяняюць крытэры рэальнага.

Ужо грэцкія філосафы пасля Ксэнафонта называлі міфічнымі традыцыйныя апавяданні пра багоў, несумяшчальныя з запатрабаваннямі розуму. Але яны не крытыкавалі пабудовы свету, у якім адбываліся апісаныя ў міфах падзеі. З развіццём навукі і гэты свет быў далучаны да абсягу міфічнага.