Міф, такім парадкам, раскрываецца як спантаннае імкненне чалавека адысці ад патрабаванняў, якія яму выстаўляе падзейнасць жыцця, ад неабходнасці выбару. Ён намагаецца знішчыць сваё існаванне ў гісторыі.
Апакаліптычныя міфы, як відаць, не маюць дачынення да мінулага. Аднак зроблены аналіз міфа можна дастасаваць і да іх. Калі верыць М. Буберу, «кожны раз, калі чалавек з жахам адступаецца ад пагрозы непасільнай працы і імкнецца пазбегнуць таямнічых патрабаванняў, што накладае на яго гісторыя, перад ім амаль у апакаліптычным уяўленні паўстае працэс, які немагчыма спыніць» [58].
На самой справе апакаліптычныя міфы ўяўляюць сабою спосаб нейтралізацыі гістарычнага жыцця, ухілення ад рашэння, якога патрабуе сучаснасць. У апакаліптыцы канец гісторыі не належыць гісторыі як такой, будучыня ўяўляецца незалежнай ад сучаснасці, ад вольнага выбару чалавека.
Такім чынам, адлюстроўваючы гістарычную сітуацыю, міф тым жа часам не толькі супрацьстаіць гісторыі сваёй пазачасавасцю і ў гэтым сэнсе агістарычнасцю, але яшчэ імкнецца дапамагчы чалавеку знішчыць сваё сапраўднае быццё. Іначай кажучы, міф супрацьстаіць не толькі гісторыі, якую пішуць, але, магчыма, і гісторыі, якая адбываецца.
Аднак, як адзначае Эліядэ, міф уяўляе сабою адну з велізарных рухальных сілаў гісторыі. Міфы заахвочваюць чалавека да стварэння, яны бесперапынна адкрываюць новыя перспектывы для яго вынаходлівага розуму. Заспакойваючы яго, робячы гаспадаром свайго лёсу, запэўніваючы яго, што тое, што ён збіраецца зрабіць, ужо рабілася, міф дапамагае чалавеку адкінуць сумнеў у выніку свайго пачынання. Як сведчыць гісторыя габрайскага народа, апакаліптычныя міфы натхнялі людзей на смелыя крокі і здзяйсненні.
Ці можна сказаць, што ўсе аповяды, якія гісторыкі акрэсліваюць як міфы дзеля іх неадпаведнасці дадзеным гістарычнай крытыкі, няўзгодненыя з гісторыяй з тым, што адбываецца? П. Рыкёр лічыць такое абагульненне няслушным. Разам з татэмістычнымі міфамі варта прызнаць існаванне «гістарычных» міфаў, сэнс якіх не вычэрпваецца адпаведнымі сацыяльнымі інстытуцыямі, але можа быць свядома і свабодна зразуметы ў межах таго ж семантычнага поля.
Да гэтай катэгорыі міфаў належыць міф пра Вільгельма Тэля (гл. с. 105). Мэта міфа ўжо не ў тым, каб нейтралізаваць падзейнасць, але каб раскрыць чалавеку магчымасці яго існавання, якое інакш бы ён не спазнаў. Да гэтай катэгорыі, па меркаванні П. Рыкёра, павінны быць далучаныя біблейныя міфы. Сапраўды, хоць Р. Бультман, Г. фон Рад, П. Рыкёр разглядаюць Святую гісторыю як міфічную, яны тым не менш сцвярджаюць, што біблейная думка па сваёй глыбіннай сутнасці антыміфічная. Ёсць падстава лічыць, як запэўнівае Р. Бультман, што біблейная гістарыяграфія пранізвае сучаснасць усведамленнем адказнасці перад тварам праклёнаў і блаславенняў, якое дайшло ў спадчыну з мінулага, і перад будучыняю, якая прынясе выратаванне або смерць. Гэта казань, якая звернута да народаў, якая гаворыць кожнаму пра яго адказнасць. Старазапаветныя ўяўленні, у высокай ступені экзістэнцыяльныя, не маюць нічога агульнага з міфалагічнымі канцэпцыямі. Святая гісторыя — гэта не гісторыя-апісанне, гэта ў найвышэйшай меры гісторыя, якая адбываецца.
ГІСТАРЫЧНЫ МІФ
Наша ўвага прыцягнута да разумення гістарычнага міфа, пад якім можна разглядаць уяўленне, што ў сваёй апісальнай форме датычыць пэўнай гістарычнай з'явы, гэта значыць падзеі, пацверджанай гісторыкамі з дапамогай крыніц.
Тэрмін жа «гісторыя» змяшчае ў сабе два сэнсы: гісторыя як навука, што вывучае мінулае, і гісторыя як тое, што адбываецца з людскім грамадствам у часе і прасторы. У першым сэнсе мы лічым гісторыяй аповяд пра людское мінулае, які адрозніваецца параўнальнай верагоднасцю, які храналагічна ўпарадкаваны, нутрана арганізаваны, змешчаны ў гістарычным кантэксце, мае беспасярэдняе ці ўскоснае дачыненне да гістарычнай рэчаіснасці.
Калі такі аповяд пра мінулае не адпавядае гэтым запатрабаванням або хоць аднаму з іх, значыць, яго можна назваць «парагісторыяй», тым, што знаходзіцца каля гісторыі. Прыкладамі парагісторыі могуць служыць утопія, большая частка мастацкай літаратуры на гістарычную тэму або міф.
Гістарычны міф, як і ўсялякі міф, — з'ява натуральная. Яна задавальняе незадаволеныя гістарыяграфіяй духоўныя патрэбы чалавека. Пад гістарычным міфам Е. Матэрніцкі разумее міфічнае ўяўленне, якое ў сваім вонкавым, апісальным пласце адносіцца да пэўных гістарычных з'яваў, а гэта значыць, да пацверджаных гісторыкамі на падставе гістарычных крыніц падзеяў, фактаў, асобаў, інстытуцыяў [59]. Аб'ектам міфатворчых аперацый могуць быць як даўнія, слаба пацверджаныя крыніцамі часы, так і падзеі ды з'явы нядаўняга мінулага, якія адбываліся на вачах нашага пакалення, а гэта значыць, прынамсі, збольшага вядомыя.
Нас цікавіць механізм узнікнення менавіта гістарычнага міфа, а не іншага. Ён высветлены недастаткова, але прыклады такіх механізмаў прыводзяцца на канкрэтным матэрыяле ніжэй. Паводле меркавання некаторых аўтараў, вялікі ўдзел у стварэнні і распаўсюджванні гістарычных міфаў бяруць самі гісторыкі. Спецыялісты часта не асэнсоўваюць крытычна вопыт і перакананні свайго грамадзянскага асяроддзя, светапогляду, ідэалагічнай плыні, навуковай школы. Карыстаючыся пэўнай сістэмай каштоўнасцяў, яны ўносяць яе ў працэс cпазнання і такім чынам пацвярджаюць сваю суб'ектыўную ролю ў гэтым працэсе.
Згодна з Эліядэ, самую гістарыяграфію можна лічыць працягам міфічнай думкі, паколькі яна выконвае функцыю, падобную да той, што і міф у традыцыйных грамадствах [60]. Гэта ўласціва не толькі даўнім храністам і летапісцам, але, як лічыць даследнік, і шматлікім найноўшым гісторыкам.
Гістарычнасць міфа ў пэўнай ступені ўмоўная. Яна датычыць толькі ягонай вонкавай абалонкі, а не сутнасці, што мае безгістарычны характар. Меркаванне, згодна з якім гістарычны міф ёсць гістарычным фальшам, выклікае сур'ёзныя сумневы. Не кожнае памылковае ўяўленне пра гістарычны факт ёсць міф. Вытокі «фальшу» гістарычнага міфа вынікаюць з няведання або памылковага прачытання гістарычных крыніц.
З другога боку, гістарычны міф часта звяртаецца да фактаў сапраўдных, пацверджаных гістарычнымі крыніцамі, але ўціскае іх у межы вызначаных архетыпных схемаў.
Традыцыя ў суб'ектыўным сэнсе — гэта асноўнае ўяўленне пра мінулае, якое ўплывае на механізм людскіх дзеянняў і перажыванняў, а таксама вызначае погляды на сучасную рэчаіснасць. Таму незалежна ад таго, ці тая традыцыя сапраўдная ў аб'ектыўным сэнсе (гэта значыць у дачыненні да фактаў, якіх тыя ўяўленні датычаць), ці цалкам выдуманая, у суб'ектыўным сэнсе яна мае містычны характар. Традыцыя ёсць міфам, улічваючы механізм яе ўздзеяння і рэакцыі, якія яна выклікае ў чалавеку[61].
Гістарычны міф, як правіла, аб'ектыўна фальшывы, але суб'ектыўна ён заўсёды праўдзівы. Міф — гэта тое, у што шчыра і свята вераць, што прымаецца без доказу, як абсалютная праўда. Міфічнае стаўленне да мінулага характарызуе эмацыйнасць і спрашчэнне складаных гістарычных з'яваў.
Гістарычныя факты выконваюць на глебе міфічнага мыслення ролю сімвалаў, якім аддаюць перавагу ў дадзеным грамадстве, ці, наадварот, сімвалізуюць сілы ліха, якія заслугоўваюць выключна асуджэння. Міф з'яўляецца словам, якое акрэслівае ягоныя намеры больш за ягоную «літару».
Гістарычны міф з'яўляецца перадачай пэўных вартасцяў, пажаданняў і падзеяў, апавядаючы не столькі пра тое, што было, колькі пра тое, як павінна быць. Такім чынам, ён апранае ў гістарычную вопратку «надчасавыя» ўзоры паводзін, прынятыя і асвечаныя іхнымі носьбітамі.
Як ужо адзначалася, адна з важных якасцяў міфічных уяўленняў — іхная нарматыўнасць. Міфы навязваюць пэўныя ўзоры паводзін і складаюць істотную частку матывацыйных структур людскіх дзеянняў, усё роўна, ідзе гаворка пра паводзіны адзінак ці пра паводзіны асобных грамадскіх групаў.
Міфічная свядомасць можа суіснаваць з навуковым светапоглядам. Гэта датычыць гістарычнага мыслення, якое мае нібыта два пласты — навуковы і міфічны. Другі з іх можна знайсці не толькі ў гістарычнай свядомасці шырокіх колаў грамадства, але і ў людзей са спецыяльнай адукацыяй, у гісторыкаў і іхных працах. Аб пэўных абсягах мінулага мы можам мысліць навуковым спосабам, у выпадку іншых падпарадкоўваемся міфам. Гэты працэс стыхійны. Ён з цяжкасцю паддаецца кантролю.