ГІСТАРЫЧНЫ МІФ ЯК ЧАСТКА ГІСТАРЫЧНАЙ КУЛЬТУРЫ
Гістарычны міф складае істотную частку гістарычнай культуры. Кожная нацыя і кожная гістарыяграфія маюць свае міфы. Гэта факт, і адпрэчыць яго нельга. Свой асобны погляд на Суворава, Касцюшку, Пілсудскага маюць расейцы, беларусы, палякі, летувісы.
Гістарычны міф у грамадскім жыцці можа выконваць шмат станоўчых функцый. Ён можа быць (і гэта бывае найчасцей) разбуральным элементам.
Вышэй згадвалася пра задзіночвальную (аб'яднальную) функцыю міфаў. Важная таксама іх дыдактычная, адукацыйная роля. Яна разлічвае між іншага на прапаганду грамадска каштоўных вартасцяў, напрыклад патрыятычных і грамадзянскіх поглядаў. Гэтаму цяжка запярэчыць.
Але ў канчатковым выніку міфы прыносяць больш шкоды, чым карысці, бо скажаюць вобраз мінулага, робяць немагчымым правільнае разуменне гістарычнага працэсу і механізмаў грамадскага жыцця, неаднойчы спрычыняюцца да значных памылак у сферы практычных дзеянняў.
Возьмем, напрыклад, «ягелонскі» міф. Ён абцяжарваў разуменне адмоўных вынікаў вуніяў паміж Польскім Каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім, якія (вуніі) вялі пачатак ад вялікага князя, а потым караля Ягайлы. Напачатку (пад час вызваленчых войнаў 1794 і 1812 гадоў, паўстанняў 1830–1831 і 1863 гадоў) гэты міф іграў інтэграцыйную ролю, гуртуючы актыўныя колы грамадстваў розных этнасаў былой Рэчы Паспалітай супраць іншаземнай агрэсіі і дэспатыі. Аднак калі польскія ўлады пачалі рэанімаваць яго на пачатку ХХ стагоддзя, яны не ўлічылі нацыянальнага абуджэння ўсходніх суседніх з Польшчай этнасаў. Гэты міф адцягваў увагу палякаў ад іхных заходніх земляў, што знаходзіліся пад нямецкім панаваннем. Ён прыводзіў да ідэалізацыі ўзаемнага суіснавання Літвы з Каронаю і падтрымліваў у асяроддзі польскага грамадства ілюзіі магчымай Рэчы Паспалітай у яе даўніх тэрытарыяльных межах, зразумела, пад польскім кіраўніцтвам. Адмоўныя вынікі гэтага выявіліся ў 1918–1920 гадах. Тады адбывалася барацьба за межы паміж адноўленымі Польшчай, Летувой, Украінай, Беларуссю. Зразумела, гэта было выкарыстана ў сваіх мэтах спадкаемкай Расейскай імперыі — Савецкай Расеяй.
У польскім грамадстве не здолелі зразумець, што летувісы, украінцы, беларусы не жадаюць больш звязу з Польшчай. А без іхнае згоды нельга было марыць пра ўзнаўленне вуніі. Паддаючыся міфам, польскія грамадскія дзеячы не здолелі рэальна ацаніць актуальную палітычную сітуацыю на ўсходзе і асудзілі Польшчу на паразу ў 1939 годзе.
Утапічнасць гісторыі, яе гераізацыя служаць петрыфікацыі (скамяненню) міфаў, створаных у грамадстве або самастойна, або дзякуючы мастацтву і літаратуры як выраз аўтэнтычных грамадскіх патрэбаў.
Калі мы вышэй разглядалі міф, згодна з Эліядэ, як рытуалізаваны ўзор паводзін, мы не краналіся наступнага: на этапе ўтварэння міфа існуе супярэчнасць паміж ягоным зместам і праўдаю, а на этапе петрыфікацыі — супярэчнасць паміж даўнімі ўзорамі і новымі грамадскімі патрэбамі.
ПАЛІТЫЧНЫЯ МІФЫ
Традыцыя і гістарычныя веды маюць асаблівае значэнне ў фармаванні палітычных міфаў, якія цесна звязаныя з гістарычнымі міфамі. Е. Мялецінскі ў «Паэтыцы міфа» пісаў, што палітычныя міфы не ёсць «відавочнай хлуснёю ці пацверджаннем праўды… Міф з інструмента першаснага вобразнага мыслення… інтэлектуальна ператвараецца ў інструмент палітычнай дэмагогіі, якая надае ідэалогіі натуральны выгляд».
Паводле культуралісцкіх поглядаў, палітычны міф — складаная псіхічная структура, што ўзнікае ў выніку калектыўнай несвядомасці, агульнай для ўсіх людзей. Згодна з такімі поглядамі, усё змяшчаецца ў свядомасці і, калі ўсё тое, што несвядома, але выражаецца праз гэтую свядомасць, мы ўключаем у свядомасць, то знікае праблема таго, што пераходзіць межы свядомасці. Таму Е. Тапольскі падкрэслівае, што міфы паўстаюць увесь час, бо адной з якасцяў чалавечага мыслення ёсць міфалагізацыя, спыненне ведаў, змена іх кваліфікацыі ў пэўны момант, на дадзеным этапе. З таго часу, калі пазнанне пашыраецца, даследніцкія метады мяняюцца, развіваюцца, веды, якія калісьці былі навуковымі, нязменнымі, пераўтвараюцца ў міф. Першасныя людскія веды таксама адлюстроўваюць свет ненавуковым спосабам, хоць, можа, і слушным. Калі праверка пакажа, што веды сапраўдныя, тады іх можна разглядаць не як міф, а як толькі ўспамін пра міф, які пацвердзіўся [62].
З'яўленне палітычных міфаў суправаджаецца псіхічнымі працэсамі: скажэннем памяці, забываннем, фантазіяй. Кожнае людское дзеянне абапіраецца на якую-небудзь матывацыю, часта ірацыянальную, якая грунтуецца на ведах, атрыманых падсвядома. Пацверджаннем гэтага могуць служыць назіранні за масавымі паводзінамі грамадскіх рухаў і псіхалогіяй натоўпу. Так тлумачыць з'яву міфалагізацыі і дагматызацыі навуковых ведаў псіхолаг Л. Фэстынджэр. Ён заўважыў, што ў момант нарастання супярэчнасцяў між поглядамі і пазіцыяй людзей, з аднаго боку, і грамадскай рэчаіснасцю, з другога, або ў сітуацыі, калі гэтую рэчаіснасць немагчыма дастасаваць да людскога ўспрымання, калі нельга змяніць погляды, не парушаючы іхных ідэалагічных падставаў, тады прыходзіць у рух неўспрымальная псіхалагічная сістэма. Яна палягае ў тым, што чалавек не ўспрымае нявыгаднай і некарыснай інфармацыі. Неўспрымальны механізм людской псіхікі прыводзіць да таго, што засвоеныя калісьці навуковыя веды застаюцца эмацыйна «нейтралізаванымі» і «вышараванымі» з свядомасці. Чалавечая асоба становіцца абыякавай да ўсялякіх вонкавых стымулаў і аргументаў. Дагматызацыі навуковых ведаў спрыяе яшчэ міфалагізавальны стыль мыслення і дзеяння, а таксама наяўныя стэрэатыпы.
Сацыяльная псіхалогія даставіла ўжо шмат довадаў залежнасці між працэсам забывання і людскім стаўленнем. Хутчэй забываецца тое, што не згодна з гэтым стаўленнем, чым тое, што супадае з імі. Яна спрабуе таксама знайсці адказ на пытанні, якія датычаць залежнасці між якасцямі чалавечай асобы і схільнасцю да стэрэатыпнага і міфалагізацыйнага стылю мыслення і дзейнасці.
Да тыповых палітычных міфаў належаць тыя, якія ўводзіла камуністычная партыя і яе цяперашнія паслядоўнікі ў розумы грамадзян нашай краіны і замежжа. А. Ролік пералічвае некаторыя з іх. Гэта міфы:
— аб уяўнай агульнанароднай уласнасці (хоць іхным фактычна неабмежаваным гаспадаром была партыйная вершаліна),
— аб адсутнасці класа эксплуататараў у сацыялістычным грамадстве (хоць у дэмакратычных краінах з рынкавай эканомікай, ці «капіталістычнай сістэмай», ад вырабленага прадукту на заробак працоўным ішло 30–60 працэнтаў, а ў СССР усяго 5-15 працэнтаў і яшчэ блізу пяці працэнтаў ад вырабленага прадукту вярталася дзяржаве на так званае «бясплатнае» медычнае абслугоўванне і адукацыю),
— аб правільнасці марксісцка-ленінскай тэорыі (хоць «у імя сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі» былі знішчаныя дзесяткі мільёнаў людзей, а народы тых краінаў, дзе карысталіся гэтай тэорыяй, прыйшлі да агульнага заняпаду, да адсталасці ў эканоміцы, да вынішчэння навакольнага асяроддзя),
— аб тым, нібыта эканамічны крызіс на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ёсць вынікам распаду адзінай эканамічнай прасторы і былых эканамічных сувязяў (хоць у савецкай прэсе 60-70-х гадоў увесь час пісалі пра заўсёдны зрыў паставак прадпрыемствамі розных частак краіны),
— аб тым, што пры камуністах у СССР быў устойлівы дабрабыт, а тагачасны рубель быў стабільны (хоць адносны дабрабыт 60-х гадоў быў вынікам ранейшага рабавання вёскі, прымусовай працы мільёнаў грамадзян, вынікам драпежніцкага выкарыстання прыродных рэсурсаў; з пачатку ж 70-х гадоў лёгка дасягальныя радовішчы карысных выкапняў былі вычарпаныя, стала цяжка набыць тавары, выраслі чэргі, грашовая маса не забяспечвалася таварамі, масавае спойванне насельніцтва нізкаякасным віном — «чарнілам» — дасягнула небывалага роўню),
— аб высокай прадукцыйнасці калгасаў і саўгасаў (што зняпраўдзіў у сваім інтэрв'ю старшыня «Рассвета» двойчы Герой Сацыялістычнай Працы В. Старавойтаў, тым больш што ў Беларусі на душу насельніцтва ворнай зямлі прыпадае больш, чым у заходнеэўрапейскіх краінах, але чвэрць неабходнага збожжа ў рэспубліку імпартуецца) [63].