У 1978 годзе Віктар Някрасаў разгледзеў міфы, звязаныя з камуністычнай партыяй. Адзін з гэтых міфаў — пра сілу партыі. Яна сапраўды была моцнай, але таму, што ў яе быў КГБ, таму, што яна вырашала ўсё за ўсіх. Узапраўды ж яна была слабой — ад боязі свайго народа, каб той не даведаўся пра тое, чаго яму нельга было ведаць, ад боязі дысідэнтаў, але больш за ўсё ад таго, што кіраўнікі партыі баяліся адзін аднаго.
Міф аб праўдзівасці партыі зняпраўджваўся яе беспрынцыповасцю. У СССР, напрыклад, то ганілі Гітлера, то сябравалі з ім. Газеты, радыё, тэлебачанне, мастацкая літаратура, сходы, мітынгі, школа — усё было прасякнутае хлуснёю і падманам.
Міф пра дысцыплінаванасць партыі грунтаваўся на боязі яе членаў страціць сваё месца. Міф пра любоў народа да партыі выкрываецца агульнай нянавісцю народа да яе, недаверам рабочых і сялян да кожнага інтэлігента, бо ў ім (часцей за ўсё слушна) падазравалі партыйца [64].
Палітычныя міфы могуць мабілізоўваць мільёны людзей на барацьбу за дасягненне правільных мэтаў, напрыклад вольнасці, сацыяльнай справядлівасці. Але часцей яны каламуцяць яснасць поглядаў, настаўляюць палітычныя думкі на заганны шлях.
Варта адзначыць найбольш значныя рысы міфічнага мыслення, а менавіта перавагу ў ім дагматызацыі гістарычных ведаў, высноўванне з яго практычных рэкамендацый, пазбаўленне гісторыі руху. Чалавек, які мысліць міфалагічна, не бачыць дынамікі гістарычнага працэсу, глядзіць на сучаснасць праз прызму нерухомых гістарычных уяўленняў.
СТЭРЭАТЫПЫ
Прыкладам міфічнага мыслення служаць стэрэатыпы. Упершыню гэты тэрмін у сацыялогію ўвёў амэрыканскі публіцыст Ўолтэр Ліпман (1922). Стэрэатыпам завуцца схематычныя, стандартызаваныя вобразы сацыяльных з'яваў ці аб'ектаў, спрошчаныя ўяўленні аб пэўных постацях, грамадскіх, этнічных, рэлігійных групах, інстытуцыях, краінах. Як правіла, яны эмацыйна афарбаваныя і маюць вялікую ўстойлівасць. Стэрэатыпы — гэта звычайна перадузятыя ўяўленні, фальшывыя вобразы, «хадзячыя меркаванні», звязаныя з групавымі (класавымі, расавымі, этнічнымі, рэлігійнымі і г. д.) прымхамі. Яны ёсць вынікам дагматызацыі гістарычнага міфа.
Этнічныя, расавыя, рэлігійныя ды іншыя групавыя стэрэатыпы не варта ацэньваць з гледзішча сучасных настрояў, нельга іх разглядаць выключна праз прызму этнасу, расы, рэлігіі, якіх яны датычаць. Нельга сёння патрабаваць ад нашых продкаў бязжарсных ацэнак. Яны ў свой час актыўна не ўспрымалі ерэтыкоў ці «вядзьмарак» (як мы — «агентаў замежнага імперыялізму», «ворагаў народа», прадстаўнікоў «варожых класаў», «рэакцыйных нацый»).
Як быць з памяццю аб крыўдах, што існуюць паміж сацыяльнымі групамі — этнасамі, класамі, расамі або вернікамі? Аб групавой нянавісці трэба напамінаць. Вонкава гэта можа здацца задачай накшталт квадратуры кола, але выйсце з гэтага ёсць: трэба сумленна прызнаць існаванне праблемы і выклікаць дыскусіі.
Гэта значыць, выйсце можа быць толькі адным — шчырым папярэджаннем. Прыкладам такога шчырага папярэджання можа служыць разгляд «змоўніцкай тэорыі гісторыі».
Упершыню паняцце аб «змоўніцкай тэорыі гісторыі» выклаў сацыёлаг К. Р. Попер у сваёй працы «Адкрытае грамадства і ягоныя ворагі». Палітолаг Дэніэл Пайпс называе гэтую тэорыю таксама «канспірацыянізмам», «паранаідальным стылем» або «ментальнасцю нябачнай рукі» [65]. Ён характарызуе яе як боязь змовы, якой сапраўды няма, бо змова належыць да дзеяння, а «змоўніцкая тэорыя» — да пачуццяў.
ЗМОЎНІЦКАЯ ТЭОРЫЯ ГІСТОРЫІ
Прыхільнікі гэтай тэорыі вырашальнае значэнне ў гісторыі, у гістарычным развіцці аддаюць змовам і адмаўляюць усе іншыя рухальныя фактары гісторыі[66].
Папраўдзе, змовы існавалі ўсюды і заўсёды. Успомнім змову Юлія Цэзара, змову асасінаў пад час крыжовых паходаў і мангольскай навалы, тугаў-душыльнікаў у Індыі, камору ў Неапалі, мафію, дзекабрыстаў. Але ўсе гэтыя змовы былі звязаныя з пэўнай мясцовасцю і абмежаваныя часам.
Апрача сапраўдных змоваў існавалі і існуюць змовы ўяўныя. Надта доўгае жыццё прыпісвалі зноў-такі абмежаваным у прасторы і часе рыцарам-тампліерам, сябрам таемных таварыстваў розэнкрэйцэраў, ілюмінатаў, масонаў. У сучаснай гісторыі змова з імкненнем пакарыць свет па чарзе прыпісвалася: езуітам, масонам, «сіёнскім мудрацам», а сённяшнія прыхільнікі памянёнай тэорыі лічаць, што ўсімі імі (і нават іезуітамі!) нібыта кіравалі габраі. Для прыхільніка змоўніцкай тэорыі гісторыі ідэальным супраціўнікам быў бы езуіт з семіцкімі рысамі твару, які насіў бы фартух масона.
З'вілася нават мастацкая літаратура з раскрыццём гэтакіх змоваў — «Іосіф Бальзамо» і «Праз дваццаць гадоў» Дзюма-бацькі, «Вечны жыд» Сю, трылогія «Цемра егіпецкая», «Тамара Бендавід» і «Перамога Ваала» Крастоўскага, «Судны дзень» Віктара Іванова, «У імя айца і сына» Івана Шаўцова, «Усё наперадзе» Васіля Бялова. Змоўніцкая тэорыя дачакалася і свайго «Дон Кіхота» — пародый на такія творы — «Сутарэнняў Ватыкана» Андрэ Жыда, «Маятніка Фуко» Умбэрта Эка.
Згаданыя аповесці і раманы прысвечаныя толькі ўяўным змовам. Тыя, хто мае ўладу, звычайна прыпісваюць такія змовы сваім сапраўдным або ўяўным ідэйным ворагам, каб расправіцца з імі або зваліць на іх віну за свае няўдачы. Такім чынам Гітлер прыдумаў змову свайго магчымага суперніка і прэтэндэнта на ўладу Рёма, каб расправіцца з ім і яго прыхільнікамі ўнутры нацысцкай партыі. Пазней такой жа выдумкай была трацкісцка-зіноўеўска-бухарынская змова «ворагаў народа», якая выклікала ў СССР хвалю рэпрэсій супраць нявінных людзей.
Вось такія ўяўныя змовы і маглі легчы ў аснову «змоўніцкай тэорыі» гісторыі. Прыняцце падобнай тэорыі робіць зусім непатрэбнай карпатлівую прафесійную гістарычную крытыку з высвятленнем складаных з'яваў або абумоўленасці гістарычнага працэсу. Просты адказ на складаныя пытанні — залежнасць усяго ад змоваў — дазваляе прыхільнікам «змоўніцкай тэорыі» тлумачыць увесь ход гісторыі.
Месца рацыянальных даследванняў у гэтай тэорыі займае прымітыўнае мысленне, своеасаблівы від магіі. Згодна з гэтай тэорыяй, не грамадскія і палітычныя рухі, не звычаі, не духоўныя сувязі, не складанае развіццё розных палітычных і эканамічных фактараў фармуюць людскую гісторыю. Прыняцце «змоўніцкага» бачання гісторыі вызваляе людзей ад разумовых намаганняў. Уяўны вораг выступае ў ролі ахвярнага казла.
Людзі не любяць прызнавацца ва ўласных памылках, жадаюць прыпісаць гэтыя памылкі іншым. Замест разумення таго, што ў гісторыі шмат выпадкаў бывае вынікам супадзення ці збегу акалічнасцяў (а іншым разам і проста агульнага глупства, калі, напрыклад, абіраюць на значную пасаду прайдзісвета або цынічнага дэмагога), больш спакусліва ўявіць сабе, што намі кіруюць таямнічыя сілы, якія дзейнічаюць з карыслівым намерам. У такіх умовах чалавеку не трэба самому спрабаваць нешта зрабіць, каб уплываць на хаду падзеяў. Гэта тыпова фаталістычная тэорыя, якая нараджае ў чалавека пасіўнае стаўленне да рэчаіснасці.
Змоўніцкая тэорыя гісторыі складае значную частку грамадскай свядомасці. У краінах з дыктатарскім стылем кіравання яна дазваляе аб'ядноўваць прыхільнікаў безупыннай барацьбы супраць уяўных супраціўнікаў рэжыму і ажыццяўляць у дачыненні да іх тэрор.
Для пацверджання сусветных змоваў пачынаючы з XVII стагоддзя пэўныя палітычныя сілы выкарыстоўваюць супраць сваіх ворагаў творы. Уніклівы крытычны разгляд гісторыкамі гэтых твораў паказвае, што гэта фальшыўкі. Першай з такіх фальшывак была апублікаваная з ініцыятывы пратэстантаў кніга «Прыватныя рады Таварыства Ісуса». У ёй на падставе скажэння сапраўдных інструкцый езуітам прыпісваліся ўсемагутнасць і імкненне захапіць уладу над светам.
На прыкладзе «Прыватных радаў Таварыства Ісуса» пры канцы XVIII стагоддзя езуіт А. Баруэль склаў працу, у якой абвінаваціў таямнічыя таварыствы розэнкрэйцэраў, ілюмінатаў і масонаў у тым, што яны справакавалі Французскую рэвалюцыю з мэтаю сусветнага панавання.
Уяўная ўсемагутнасць езуітаў не перашкодзіла папу рымскаму Кліменту XIV распусціць яшчэ да гэтае рэвалюцыі ў 1773 годзе іхны ордэн, а ўяўная ўсемагутнасць масонаў і супольнікаў іншых сакрэтных таварыстваў не перашкодзіла прыходу ў Францыі да ўлады спачатку дырэкторыі, а потым Напалеона I. Сувораў і Кутузаў, якія належалі да масонства, грамілі войскі французаў, якія нібыта ажыццяўлялі планы сусветнага масонства.