Выбрать главу

З сярэдзіны ХIХ стагоддзя ў эўрапейскіх краінах абвастрылася канкурэнтная барацьба між фінансістамі і капіталістамі, у ліку якіх былі асобы карэннага і габрайскага паходжання. У рэвалюцыйным руху супраць адных і другіх пачалі браць удзел прадстаўнікі бяднейшай мяншыні жыхарства эўрапейскіх краінаў. Гэта выклікала з'яўленне новай версіі змоўніцкай тэорыі гісторыі: абвінавачванне габраяў у сусветнай змове з мэтаю захапіць уладу ў свеце.

Не пазней за 1899 год у Парыжы група супрацоўнікаў царскай ахранкі на чале з П. Рачкоўскім склала «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў». У гэтым творы роля змоўшчыкаў супраць свету прыпісвалася габраям. Пачынаючы з 1920-х гадоў «Пратаколы» вывучаліся ангельскім журналістам Ф. Грэйвзам, расейскімі гісторыкамі Ю. Дэлеўскім, П.Мілюковым, багасловам А. Карташовым, журналістам В. Бурцавым, а ў 1980-х гадах дырэктарам Інстытута гісторыі Польскай Акадэміі навук Я. Тазбірам [67]. Гэты твор уяўляе сабою не толькі фальсіфікат, але і плагіят. Да гэткай жа высновы прыйшоў суд над фашыстамі-распаўсюджвальнікамі і выдаўцамі «Пратаколаў» у Бэрне ў 1935 годзе. 26 лістапада 1993 года Чаромушкінскі суд Масквы прыйшоў да выніку, што публікацыя «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў» ёсць праява антысемітызму [68].

«Пратаколы» складзеныя на аснове памфлета французскага журналіста М. Жалі «Дыялог у пекле між Мак'явэлі і Мантэск'ё» (1864 г.). Памфлет быў накіраваны супроць французскага імператара Напалеона III, выведзенага ў «Дыялогу ў пекле» ў вобразе італьянскага палітолага Мак'явэлі, што ў памфлеце вызнаваў беспрынцыповыя падставы дзеля захопу ўлады над светам.

Аўтары «Пратаколаў» перапісалі з 2560 радкоў «Дыялога ў пекле» 1040 радкоў. Яны слепа паўтарылі нават памылкі друку памфлета.

Задумы «Мак'явэлі» — Напалеона III прывесці свет да распаду, прапагандаваць марксізм, дарвінізм ды іншыя «разбуральныя» тэорыі, распаўсюджваць парнаграфію, ператвараць друк у сродак разбурэння фальсіфікатары прыпісвалі ў «Пратаколах» габраям, якіх Жалі нават не ўзгадваў у «Дыялогу ў пекле».

У «Пратаколах» выкарысталі, акрамя таго, вядомы царскай ахранцы «Катэхізіс рэвалюцыянера» С. Нячаева — арганізатара таемнага расейскага таварыства, які карыстаўся метадамі правакацыі і тэрору і паслужыў прататыпам аднаго з герояў «Д'яблаў» Дастаеўскага, тое-сёе ўзялі з антысеміцкіх кніг французскіх публіцыстаў Шабаці і Друмона, а таксама з рамана (г. зн. з белетрыстыкі!) пісьменніка Гёдшэ.

Былы прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі і міністр веравызнанняў Часовага ўрада А. Карташоў характарызаваў «Пратаколы» так: «Перад намі факт злаўлення на гарачым учынку буйных палітычных і культурных махляроў, якія лічылі і лічаць магчымым хлуснёю, паклёпам і чужою крывёю «ратаваць Расею». Барані нас, Божа, наперад ад такіх ратавальнікаў!» [69]

Я. Тазбір мяркуе, што «ўсіх тых, хто лічыць «Пратаколы» сапраўдным творам, аб'ядноўвае ў вачах гісторыка не толькі ліхая воля, але і страшэнная прафесійная нядобрасумленнасць, якая бачна ў тым спосабе, пры дапамозе якога былі сфабрыкаваныя «Пратаколы». Аўтары гэтай фальшыўкі проста шэраговыя махляры, на якіх творцы «Прыватных радаў» з таго свету павінны глядзець з пагардай. Гіерархія царквы яшчэ паўстагоддзя таму ахарактарызавала іх як фальшыўку. Сёння ніхто з сур'ёзных людзей не выступае ў абарону сапраўднасці ўяўных «сіёнскх мудрацоў». Гэтага проста нельга рабіць, не ставячы пад сумнеў сваю навуковую рэпутацыю [70].

Нягледзячы на падазрэнні з самага пачатку ў іх неаўтэнтычнасці, «Пратаколы» друкаваліся на пачатку рэвалюцыі 1905 года ў Расеі, потым ва ўсім свеце, а зараз зноў у месцы першадруку. Пад час рэвалюцый і грамадзянскай вайны іх выкарыстоўвалі для дыскрэдытацыі грамадскіх сілаў, што выступалі супраць самаўладдзя, і для арганізацыі шматлікіх габрайскіх пагромаў. Нацысты ў Нямеччыне з падачы той іх часткі, якая паходзіла з Расеі, адразу выкарысталі «Пратаколы» для абгрунтавання сваіх прэтэнзій на ўладу. Пасажы з «Пратаколаў» фігуравалі ў «Міфе ХХ стагоддзя» выхадца з Расеі Розэнбэрга і ў «Маёй барацьбе» Гітлера. Нацысцкая прапаганда распаўсюджвала «Пратаколы» вялікімі накладамі, каб абвінаваціць габраяў ва ўсіх бедах грамадства і знайсці прэтэкст для іх фізічнага вынішчэння.

Гітлераўцы самі ставілі перад сабою тыя ідэі, якія ў фальсіфікаце прыпісваліся «сіёнскім мудрацам», а менавіта захоп свету, самі карысталіся тымі ж метадамі палітычнай правакацыі. Фашысцкая партыя не магла цярпець нават уяўнай канкурэнцыі падобнай арганізацыі. Нацысты стваралі сваю партыю па тых рэкамендацыях, якія прыпісвалі ўяўным «мудрацам» складальнікі гэтай фальшыўкі.

У адрозненне ад ранейшых падробак «Пратаколы» ўскосна пацягнулі за сабою «Халакост», масавае знішчэнне некалькіх мільёнаў нявінных ахвяраў — габраяў Эўропы. Спажыўцамі гэтай падробкі сталі людзі, няўстойлівыя да канцэнтраванай атакі дэмагогіі, палітычнай хлусні, якая звяртаецца да эмоцый, комплексаў, рэлігійных і этнічных прымхаў.

Аніводзін з чытачоў «Пратаколаў» не задумваўся над тым, як жа гэта «сіёнскія мудрацы» пры іхнай уяўнай усемагутнасці не здолелі папярэдзіць вынішчэнне свайго этнасу пад час Другой сусветнай вайны. Гэтак і рэалізацыя «Прыватных радаў» не прынесла езуітам перамогі над пратэстантамі і не прадухіліла ў свой час ліквідацыі ордэна.

Масавая, у тым ліку антысеміцкая, прапаганда дзейнічала на слабыя галовы людзей, падобна гарэлцы. Гэтым і тлумачыўся ў значнай меры поспех «Пратаколаў» сярод тых, хто гатовы абвінаваціць у сваіх бедах каго заўгодна, абы толькі не разбірацца ў сапраўдных прычынах кожнага бязладдзя.

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЛЕГЕНДЫ

Прадуктам міфічнага мыслення, які даволі часта сустракаецца, ёсць гістарычныя легенды. Гэта або ідэалізаваныя, або зацемненыя, насычаныя варожым стаўленнем вобразы пэўных гістарычных установаў, з'яваў, персанажаў [71].

Пэўныя легенды і міфы гісторыі Беларусі падрабязна разгледжаны мною ў шэрагу публікацый [72].

Таму, мяркую, не варта пералічваць іх і адсылаю цікаўных да гэтых працаў. Спашлюся толькі на тыя легенды, на якія звярнулі ўвагу нашыя даследнікі.

Так, Ю. Туронак адзначае, што ў беларускай нацыянальна сведамай літаратуры ўсталяваўся міф пра адмоўнае стаўленне нямецкіх акупацыйных уладаў у 1918 годзе да беларускай дзяржаўнасці. Падставай было тое, што 25 лютага 1918 года кайзераўскія жаўнеры скінулі беларускі нацыянальны сцяг з будынка Народнага сакратарыята ў Менску і сканфіскавалі касу гэтае ўстановы. Дадзены інцыдэнт, паводле меркавання Ю. Туронка, засланіў сабою станоўчыя ўчынкі начальніка Х нямецкай арміі Э. фон Фалькенгайна, які перадаў мясцоваму апарату ўлады ўсе краёвыя дзяржаўныя ўстановы і дазволіў пашырыць беларускую адукацыю. Другім прыкладам легенды Ю. Туронак лічыць міф пра будаўніцтва Беларускай дзяржавы пад гітлераўскай акупацыяй у 1941–1944 гадах, спыненае прыходам Чырвонай Арміі [73].

ГІСТАРЫЧНАЯ АДУКАЦЫЯ І МІФЫ

Вялікі ўдзел у распаўсюджванні міфаў, легендаў, стэрэатыпаў, як адзначалася вышэй, бярэ гістарычная адукацыя. Нярэдка іх падтрымлівае думка пра іхны выхаваўчы плён. Не ўпэўнены, што такім чынам можна дасягнуць дыдактычных мэтаў. Хутчэй мае рацыю наш зямляк, польскі пісьменнік Ю. Крашэўскі, які ў творы «Літва. Старажытная гісторыя, законы, мова, вера, звычаі» пісаў паўтара стагоддзя таму: «Гісторыя настолькі значная, наколькі праўдзівая; становячыся служанкаю якой-небудзь думкі і пакорлівай яе нявольніцай, яна страчвае сваё настаўніцкае і філасофскае значэнне» [74].

У школьнай адукацыі цяжка пераконваць моладзь у няслушнасці міфаў, стэрэатыпаў, легендаў. Міфалагічны спосаб мыслення не толькі характарызуе штодзённую гістарычную свядомасць, але і жыве ў літаратуры, мастацтве, сродках інфармацыі, у навукова-папулярных і навуковых працах. Вакол нас — свет, поўны міфаў, і ў гэтым палягаюць вонкавыя цяжкасці праблемы.

Але існуюць і нутраныя цяжкасці працы па рацыянальным доказе няслушнасці міфаў. І звязаныя яны з непазбежным спрашчэннем выкладу, невялікай колькасцю гадзін, што адводзяцца на выкладанне курса, абмежаванымі магчымасцямі ўспрымання вучняў. Гэтае спрашчэнне — крыніца шмат якіх міфічных арыентацый. Нішто гэтак не спрыяе міфам, як няведанне. Адсюль вынікае відавочная выснова: спрашчэнне школьных ведаў не можа ісці занадта далёка. Спрошчаныя веды вельмі лёгка могуць ператварыцца ў крыніцу міфаў, стэрэатыпаў і легендаў. Так у мінулым адбывалася неаднойчы.