На падставе даследванняў фармавання грамадскімі рухамі таталітарнага і аўтарытарнага характару асобнага чалавека (якія пачалі ў свой час Г. Олпарт і Т. Адорна) можна сцвярджаць, што існуюць людзі, асабліва здольныя да пераймання і пераказу міфаў. Звязана гэта з існаваннем у іх пачуцця пагрозы, адчужэння, адасаблення, патрэбы бяспекі і аўтарытэту. Людзі з такім характарам «аўтарытарнай», замкнёнай асобы больш падрыхтаваныя да прыняцця гатовых узораў мыслення, паводзін, захавання, чым асобы з адкрытай, дэмакратычнай пазіцыяй. Яны праяўляюць большую схільнасць да абвостраных супрацьстаўленняў і схематычнага стылю мыслення, а таксама да нецярпімага стаўлення да іншых вартасцяў і іх прыхільнікаў.
Аднак недахоп шырокіх эмпірычных даследванняў перашкаджае акрэсліць псіхічныя якасці асобы і грамадскай групы, якія спрыяюць працэсу міфалагізацыі гістарычнай сведамасці. Зрэшты, іх па-рознаму тлумачаць асобныя школы і псіхалагічна-сацыялагічныя тэорыі. У самых гістарычных і паліталагічных даследваннях сведамасці адзінкі і грамадскай групы слаба ўлічваецца праблема ірацыянальных матывацыяў палітычных паводзін і захавання.
З'яве міфалагізацыі гістарычнай сведамасці напэўна спрыяюць адзінкі і грамадскія групы, слаба інфармаваныя пра становішча мінулай і сучаснай рэчаіснасці і з недастатковым грамадскім досведам. Гэта цесна звязана з псіхічнымі працэсамі забывання, фантазій, дэфармацыі памяці. Міфалагізацыі спрыяюць пэўныя асабістыя якасці чалавека, якія праяўляюцца ў схематычным стаўленні да грамадскай рэчаіснасці, варожасці ў дачыненні да іншых вартасцяў і перакананняў, у моцна ідэйна матываваных пазіцыях і захаванні і г. д.
Таму вызваленне гістарычнай і палітычнай сведамасці жыхароў Беларусі — надта цяжкая задача, развязанне якой залежыць не толькі ад гісторыкаў і папулярызатараў гістарычных ведаў, але, не ў апошнюю чаргу, ад самога грамадства.
Менавіта грамадству патрабуецца перабудова псіхікі і змена найбольш закасцянелых формаў мыслення і дзеяння. Найперш трэба звярнуць увагу на тое, што ў розумы беларусаў на працягу дзесяцігоддзяў мэтанакіравана ўкараняліся русіфікатарскія міфы гісторыі. Не менш намаганняў зроблена з мэтай падпарадкавання камуністычнай дактрыне і яе трывалым міфам. У далейшай дэміфалагізацыі гісторыі ўсё гэта варта ўлічваць.
У нашыя часы стаўленне да міфа мяняецца. Гэтаму спрыялі працы М. Эліядэ. Ён пісаў: «Трэба разумець, што ХIХ стагоддзе не магло ўспрыняць сімвал-міф і вобраз як факты духоўнага жыцця, якія можна хаваць, скажаць, змяняць, але якія немагчыма знішчыць». Міфы выраджаюцца, сімвалы становяцца свецкімі, але яны ніколі не сыходзяць на нішто нават у такім рацыяналістычным часе, якім было мінулае стагоддзе. Сімвалы і міфы ўваходзяць карэннем у глыбокую старажытнасць. Яны складаюць частку людскога існавання. Няма такой сферы жыцця, дзе б яны не сустракаліся.
Пераканаць у няслушнасці міфаў, стэрэатыпаў, легендаў можна толькі таго, хто падрыхтаваны быць перакананым. Калі ён не гатовы, калі нешта ў ім супраціўляецца, то з ім нічога не зробіш. Ён заўсёды знойдзе прынцып, каб апраўдаць свае жарсці.
Калі настойліва паказваць усю агіднасць, усю брыдоту, да якіх вядзе, напрыклад, фашызм — карычневы, чырвоны, чорны (тыпу клерыкальнага фундаменталізму), пэўная частка тых, хто вагаецца, адыдзе ад яго. Але немагчыма пераадолець псіхалагічны закон: вобраз ворага, які прапануюць чалавеку прыхільнікі фашызму, зняншае страх безасабовага, туманнага ліха, пачуцця бездані, у якую ўсё ляціць. Я згодны з Рыгорам Памяранцам, які піша, што да той пары, пакуль чалавек адчувае боязь пераменаў, боязь невядомага, боязь бяздоння, пакуль чалавек не знайшоў апірышча ў самім сябе, — масавая істэрыка, давер да міфаў, стэрэатыпаў, легендаў непазбежны [78].
І ўсё ж чалавек не можа існаваць нідзе больш, як толькі ў свеце, у якім існуе гісторыя. Ён па натуры гістарычная істота. Мы ўсе «асуджаныя» на гісторыю. Таму павінны дбаць пра тое, каб свет нашых гістарычных уяўленняў быў складзены з як мага найлепшага матэрыялу, а не з міфаў сумнеўнага характару.
СТАРАЯ, СТАРАЯ КАЗКА
Прошедши порядочное расстояние, увидели точно границу, состоявшую из деревянного столбика и узенького рва.
«Вот граница! — сказал Ноздрев, — все, что ни видишь по эту сторону, все это мое, и даже по ту сторону, весь этот лес, который вон синеет, все, что за лесом, все это мое».
Н. Гоголь. Мертвые души. Т. I. Гл. IV.
Что такое белорусы? Это русские. Кто это придумал, когда? Белые русские, красные русские, синие русские. Это все сделано искусственно. Искусственно, понимаете? Никто не хочет изучать другой язык — нормальный, хороший — русский язык. Весь мир изучает! Тут вдруг выдумали вводить пятьдесят языков. Это все от сумасбродства. Это национальный психоз.
Из выступления В. В. Жириновского в С.-Петербурге 8 июля 1991 г.
Можна нагадаць асноўныя сюжэты, што вандруюць на працягу жыцця некалькіх пакаленняў з адных русіфікатарскіх — дасягальных усім — падручнікаў гісторыі «Северо-Западного края» Расеі мінулага стагоддзя ў гэтакія ж русіфікатарскія падручнікі гісторыі БССР. Толькі ў тых кніжках канца ХIХ стагоддзя былі аўтары М. Каяловіч, П. Бранцаў, П. Бацюшкаў, А. Турчыновіч, К. Харламповіч, П. Жуковіч, а ў пазнейшых — рэдактары і аўтары Л. Абэцэдарскі, Э. Загарульскі з аднымі і тымі жа суаўтарамі. Нешматлікія ж, хай сабе і не заўсёды роўныя па якасці падручнікі, напісаныя з беларускага гледзішча агульныя курсы нацыянальнай гісторыі В. Ластоўскага, У. Ігнатоўскага, Я. Найдзюка, Я. Станкевіча, і некаторых іншых аўтараў заставаліся недасягальнымі для чытачоў.
Паспрабуйма прасачыць, як у Беларусі варожымі ёй сіламі навязваліся міфы і легенды, каб утрымаць і царскі, і бальшавіцкі парадак. Звернем увагу на тое, што шматлікія міфы нараджаліся ў гістарычных даследваннях і даведніках, абыймаючы ўсю гісторыю Беларусі, пачынаючы ад першабытных часоў.
Адзін з такіх міфаў датычыць асвятлення славяна-балцкіх узаемадачыненняў на сучаснай тэрыторыі Беларусі пад час яе засялення аднымі з продкаў сучасных беларусаў — славянамі. Калі азнаёміцца з доследамі беларускіх і расейскіх археолагаў, антраполагаў, мовазнаўцаў апошніх дзесяцігоддзяў, можна будзе зразумець, што на сучаснай беларускай зямлі яшчэ да таго, як склаўся беларускі этнас, жылі балцкія плямёны, блізкія па мове да сучасных летувісаў і латышоў. Потым зямля гэтая была паступова заселеная славянскімі продкамі беларусаў, якія змяшаліся з тубыльцамі.
У падручніках, складзеных па старых рэцэптах, удзел балцкага субстрату (гэта значыць этнасу, што жыў папярэдне) у стварэнні беларускага народа адмаўляецца. Нібыта славяне прыйшлі на пустэчу між Дняпром, Дзвіною і Нёманам. Гэта значыць, што яны і толькі яны павінны быць яе валадарамі па праве першазасялення.
Вы памыліцеся, калі падумаеце, што гэта сцвярджаецца на карысць беларускай ідэі. Не, гэта робіцца на карысць ідэі імперскай, расейскацэнтрычнай. Згодна з ёю беларусы — гэта тыя ж расейцы, хай сабе «маленькія», але ўсё ж «нашы». А балты — нібыта «чужыя».
Абаронцам такой ідэі трэба расцягнуць абшар расейскага ўладарання як мага шырэй, ды яшчэ даказаць ягоную правамоцнасць.
Такая ж імперская думка праводзіцца праз сцверджанне, нібыта існаваў адзіны старажытны ўсходнеславянскі этнас, адзіная мова і адзіная дзяржава ад Балтыйскага да Чорнага мора — Кіеўская Русь. Аднак жа дзяржава гэтая была недаўгавечная, існавала яна з перапынкамі семдзесят гадоў (у 980-1015 і 1019–1054 гг.). А да таго і пасля таго на ўсёй гэтай тэрыторыі існавалі самастойныя ўдзельныя княствы і ў тым ліку Полацкае — аснова Беларусі.
Што да адзінай мовы, дык яшчэ прафесар Чарнавіцкага, а потым Украінскага Вольнага інстытута ў Празе, акадэмік Усеўкраінскай Акадэміі навук Сцяпан Смаль-Стоцкі (1859–1939) даволі доказна зняпраўджваў правамоцнасць ідэі праўсходнеславянскай мовы. Ён даводзіў, што тры ўсходнеславянскія мовы — расейская, украінская і беларуская — узніклі непасрэдна з праваславянскай, а не з праўсходнеславянскай мовы ўсяе Кіеўскай Русі.