Пры гэтым Маскоўская царква не здабыла нутраной свабоды, а болей стала залежнай ад цароў, ператварылася з часам у дзяржаўную царкву, якой ад часоў Пятра І кіраваў обер-пракурор Сінода — свецкая асоба, залежная ад імператара.
Перайшоўшы ў вуніяцтва, праваслаўныя гіерархі атрымлівалі роўныя правы з каталіцкім клірам, шляхта і месцічы грэцкага абраду таксама мелі роўныя правы з каталіцкімі.
Грэцка-каталіцкія (вуніяцкія) цэрквы будавалі сваю арганізацыю па прыкладах, што браліся з Рыма. Шмат вуніяцкіх святароў атрымлівалі асвету ў рымскіх калегіях, вяртаючыся дадому, яны прыносілі сюды лепшыя арганізацыйныя формы. Вуніяцкія епіскапы рабілі перыядычныя візітацыі (аб'езды) сваіх парафій (прыходаў), дбалі пра падвышэнне культуры духавенства, закладвалі школы і шпіталі, правялі рэформу манастыроў. Сабор 1720 года ў Замосці ўвёў у жыццё беларускага і ўкраінскага грэцка-каталіцкага духавенства аднастайную арганізацыю. Асаблівае значэнне набыў з таго часу рэфармаваны ордэн айцоў базылянаў, які галоўную ўвагу аддаваў пашырэнню школаў і выданню рэлігійных кніжак. На капітуле (радзе пры біскупе) грэцка-каталіцкіх герархаў у Дубне (1783 г.) быў створаны адзін чын святых базылянаў, які арганізацыйна падзяляўся на правінцыі Літоўскую, Беларускую, Каронную і Галіцкую. Цэнтрам выдавецкай дзейнасці ў Беларусі быў Супрасль.
Вунія давала беларускаму (як і ўкраінскаму) грамадству гарантыю ад апалячвання. Грэцка-каталіцкая царква знаходзілася пад апекаю не Польскае царквы, а Рыма. Рымская курыя (царкоўны ўрад) у сваіх афіцыйных заявах забяспечвала вуніятам поўную непарушнасць іхных абрадаў і звычаяў, зазначаючы, што яе пажаданнем «ёсць, каб усе былі каталікамі, але не ўсе лаціннікамі». Праўда, у жыцці гэта не заўсёды выконвалася, абшарнікі-каталікі прыцяснялі вуніяцкіх святароў, аддаючы перавагу каталіцкім. Тым не менш пад аховаю вуніяцкай царквы беларускае жыццё магло хоць часткова захаваць свае даўнія формы.
З амбонаў вуніяцкіх цэркваў (як і ў пратэстанцкіх храмах) гучала беларускае слова ў тыя часы, калі ў рымска-каталіцкіх касцёлах гучала пераважна лацінская і польская, а ў праваслаўных цэрквах — царкоўнаславянская.
Царкоўная вунія была працягам шляху, які пачаўся даўней прадстаўнікамі культуры Беларусі «залатога» XVI стагоддзя, што жадалі аб'яднаць традыцыі візантыйскай і рымскай цэркваў, развіваць натуральную культурную еднасць Беларусі як з Усходняй, так і з Заходняй Эўропай. Гэты працэс адбываўся ў агульным рэчышчы, у якім развівалася беларуская культура.
І калі ў XIX стагоддзі сярод беларускіх адраджэнцаў не было вуніяцкіх святароў (як гэта было ва Ўкраіне, у заходняй частцы якой менавіта яны былі ініцыятарамі нацыянальнага адраджэння) [96], то не па віне гэтых святароў. Бо бальшыню іх прымусілі перайсці ў праваслаўную веру, якая была панавальнай канфесіяй тагачаснай Расеі. Тым больш што наша адраджэнне спазнілася параўнальна з суседнімі ўкраінскім і летувіскім (савецкія беларускія гісторыкі баяцца такіх параўнанняў, як агню!). А ў летувіскім нацыянальным адраджэнні наперадзе йшлі нацыянальныя каталіцкія святары — біскуп Мацей Валанчус, пралат Ёнас Майроніс, ксёндз Антанас Баранаўскас, кіраўнік барацьбы супраць царызму ў 1863 годзе ксёндз Антанас Мацкявічус.
І ў нашым спозненым адраджэнні рымска-каталіцкія святары (вуніяцкіх, грэцка-каталіцкіх, да таго часу ўжо не засталося) таксама адыгралі значную ролю. Дастаткова назваць такія імёны, як Кастусь Стаповіч (Казімір Сваяк), Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Адам Станкевіч, Вінцэсь Гадлеўскі, Язэп Германовіч (Вінцук Адважны) і іншыя.
Але тым часам як у Летуве памяць Ё. Майроніса адзначана багатым надмагіллем ля мура кафедральнага сабора ў Коўні, якое захавалася нават у савецкі час, памяць нашых ксяндзоў-адраджэнцаў «мінула з ветрам»… Але гэта ўжо іншы сюжэт, які вымагае спецыяльнага разгляду.
МІФ ПРА КЛАСАВУЮ БАРАЦЬБУ
Адной з вяршыняў у гістарычнай міфалогіі апошніх дзесяцігоддзяў быў разгляд усяго выключна праз прызму класавага падыходу і асабліва класавай барацьбы. Гэта рабілася, каб маральна апраўдаць кастрычніцкі пераварот, калектывізацыю, бязлітаснае знішчэнне народа і гнаенне яго ў ГУЛагу, пераслед «ворагаў народа».
Уся гісторыя Беларусі ў люстэрку савецкіх гістарычных даследванняў — гэта гісторыя класавай барацьбы. Кожны выступ у мінулым супраць дзяржаўнага ладу ці нават кожнае крымінальнае парушэнне закону залічваліся ў праявы класавай барацьбы, а сялянскія паўстанні, рухі месцічаў (колькі іх там адбылося?) супраць феадалаў, супраць феадальнага ладу занялі асноўнае месца ў высвятленні гісторыі феадалізму. Хай іх там было і няшмат. Да іх дадаваліся казацкія паходы праз Беларусь — ці з Украіны, ці з іншых краёў, калі тыя вярталіся і па дарозе рабавалі і гвалцілі (гэта былі тыповыя набегі іншаземцаў на наш край). Што пры гэтым пакутвалі простыя людзі, гісторыкаў мала цікавіла.
Вось прыклады з Баркулабаўскага летапісу:
«Лета Божого нароженя 1595, месяца ноября 30 дня в понедело(к) за тыдень пред Святым Николою. Севериян Наливайко; при нём было козаков 2000, дел (гармат. — В. Г.) 14, гаковниц. Место славное Могилев, место побожное, домы, крамы, острог выжгли, домов всех яко 500, а крамов з великими скарбами 400. Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жон, детей побили, порубали, попоганили, скарбов теж незличоных побрали з крамов и з домов» [97].
І гэтаму ліхадзею быў прысвечаны раман М. Садковіча «Аповесць аб ясным Стахоры»!
Прыгадаю яшчэ той жа летапіс:
«Того ж року 603. В месте Могилеве Иван Куцка здал з себе гетманство козацкое для того, иж у войску великое своволенство: што хто хочет, то брои… Перед того ж выеждчого от его кролевское милости приносил один мещанин на руках свою девчину у шести летех змордованую, зкгвалчоную, ледвей живую, чого было горко, плачливе — страшно глядети. Натое вси люди плакали, Богу сотворителю молилися, абы таких своеволников вечне выгладити рачил…
Тые козаки приставства у Полоцку, у Витебску, на Орши, у во Мстиславлю, у Крычове, у Могилеве, у Головчине, у Чечерску, у Гомли, у Любечу, у Речицы, у Быхове, у Рогачове и по всих местах…
А коли козаки запорозкие назад на Низ отселя выеждчали, тепер же великую силную шкоду по сёлах, по местах чинили: жонки, девки и хлопята з собою много брали. Также коней много з собою побрали. Один козак будет мети коней 8, 10, 12, а хлопят трое, четверо, жонки албо девки две албо три» [98].
Пра набегі крымскіх татараў падручнікі і манаграфіі па гісторыі БССР пісалі, а пра набегі казакаў — ніколі, бо гэта псавала б тую ролю, якую адводзілі савецкія беларускія гісторыкі гэтым казакам у класавай барацьбе.
Іншы прыклад прывяду з «Летапісу Панцырнага і Аверкі»:
«Году 1602. Казаки з Дубінам правадыром Віцебск высеклі за здрадай абывацеляў віцебскіх. (…). Году 1604. Дубіну казака, правадыра, і 12 прывядзёна закутых да караля, а потым на Валатоўках Заручанскіх трох на калы пасаджана жыўцом» [99].
А вось як гэты эпізод апісваецца ў «Истории Белорусской ССР», выдання 1954 года (Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР):
«Так, в 1601 г. крестьяне присоединились к отряду под предводительством Дубины и с оружием в руках выступали против своих угнетателей в районе Витебска и Полоцка. Этим отрядом в 1602 г. был взят Витебск. Вскоре панам и шляхте удалось подавить выступление народных масс. Дубина и его ближайшие сподвижники были взяты в плен и посажены на кол» [100].
Каментар, як мне здаецца, залішні.
З крычаўскага руху 1740–1744 гадоў пад кіраўніцтвам адных збіральнікаў падаткаў супраць другіх збіральнікаў падаткаў зрабілі ледзь не беларускую пугачоўшчыну.
З зусім легальнага пратэсту жыхароў Магілева на пачатку XVII стагоддзя супраць парушэння іхных правоў зрабілі паўстанне тыпу Салянога ці Меднага бунтаў у Маскоўшчыне. Адзін з удзельнікаў пратэсту Стахор Мітковіч упамінаецца ў пачатковых дакументах па гэтых падзеях, а ў канчатковых — перадусім у прыгаворы аб пакаранні ўдзельнікаў пратэсту — нават не прыгадваецца (гэта значыцца, не быў значнай персонай ці адышоў ад акцыі пратэсту). А з яго зрабілі правадыром паўстання. Словам, герояў рабілі як хацелі.
З Дзяніса Мурашкі, які ў сярэдзіне XVIII стагоддзя пачынаў сваю дзейнасць з таго, што як атаман аддзела рабаваў навакольныя маёнткі шляхты, а скончыў палкоўнікам вялікакняскага войска, зрабілі беларускага Мюнцара ці Разіна. Бо ведалі пра яго па адной крыніцы, дзённіку Цэдроўскага, але «не дайшлі» да чытання мемуараў Яна Хрызастома Пасэка, які, напрыклад, пісаў пра сваю збройную сутычку з палкоўнікам Мурашкам, калі той паводле сваёй старой звычкі спрабаваў абрабаваць чарговы шляхоцкі маёнтак [101].