Нездарма адзін віленскі рэцэнзент смяяўся пры канцы 30-х гадоў з «так званага акадэміка АН БССР» В. Шчарбакова (як ён назваў гэтага аўтара), бо той у сваёй кнізе «Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізму» (Менск, 1935) кожны рабунак на вялікім шляху, што прыгадваўся ў судовых актах XVI–XVIII стагоддзяў залічваў у праяву антыфеадальнай класавай барацьбы.
Зразумела, што найвышэйшаю праяваю класавай барацьбы і найвышэйшым яе дасягненнем лічыліся кастрычніцкія падзеі 1917 года ў Петраградзе (самі бальшавікі да канца 20-х гадоў называлі гэтыя падзеі не рэвалюцыяй, і, зразумела, не «Вялікай» рэвалюцыяй, а ўсяго толькі пераваротам).
Такім жа актам гвалту — расстрэлам мірнай дэманстрацыі ў падтрымку Ўстаноўчага Сходу 5 студзеня 1918 года і разгонам матросамі самога Сходу бальшавікі і апалагеты іхных дзеянняў нават ганарыліся. Але старшыня Сходу Віктар Чарноў тады ж напісаў на адрас Леніна, што ў таго дзве брудныя справы на сумленні: расстрэл дэмакратыі 5 студзеня і разгон Устаноўчага Сходу.
А яшчэ бальшавікі ўхвалялі бесперапыннае знішчэнне сапраўдных і ўяўных ворагаў савецкай улады і камуністычнай партыі — і сябраў апазіцыйных партый, і шляхты, і святароў, і прадпрымальнікаў, і гандляроў, і інтэлігенцыю, і тых рабочых, якія не згаджаліся з таталітарным ладам, і мужыкоў, хто быў спраўнейшы, і старых бальшавікоў. Словам, ухвалялася вайна супраць свайго ж народа.
У перыяды дэстабілізацыі, грамадскіх узбурэнняў актывізуюцца архаічныя інстынкты ды архаічныя перакручаныя паняцці, у дадзеным выпадку — вобраз «ворага», чужынца, злавеснага прыбыльца. Іншая справа, што гэты вобраз узмоцнена насаджвалі ў савецкі перыяд. Таму ён ляжыць на паверхні масавай свядомасці. Але ягоная моц — гэта сіла архетыпу, гэта значыць «калектыўнага пазасвядомага». Вобраз ворага — гэта цяжкая хвароба дэмаралізаваных, азвярэлых масаў.
М. Бярдзяеў пісаў, што нішто так не руйнуе душы, як маніякальная ідэя. Абстракцыі, ідэалагічныя схемы, псеўданавуковыя законы грамадска-гістарычнага развіцця пакалечылі шмат каго з нас. Нашая збяднелая краіна — гэта толькі адлюстраванне цяжка хворых людскіх душаў, што страцілі галоўнае — Бога вернікаў і маральны закон атэістаў.
Зараз зноў ажывае стэрэатып вобраза «ворага». Варта запытацца: каму гэта карысна? Знаходзіцца сама верны адказ: «Сілам ліха, д'яблу». Гэта ён — найдаўнейшы вораг людскога роду і найпершы экстрэміст [102].
Здаецца, сёння пара пазбавіць гістарычную сведамасць і гістарычную адукацыю ад догмы прыпісваць рэвалюцыі рысы неабходнасці, гэта значыць надаваць ёй яўна метафізічны сэнс.
МЕСІЯНІЗМ РАСЕІ
Судьбою павшей Византии
мы научиться не хотим,
И всё твердят льстецы России:
Ты — третий Рим, ты — третий Рим.
Смирится в трепете и страхе,
Кто мог завет любви забыть…
Третий Рим лежит во прахе,
А уж четвертому не быть.
Вл. Соловьёв
Асноўны міф, пра неабходнасць класавай барацьбы, добра дапаўняўся другім стрыжнявым міфам пра выключна месіянскую, гэта значыць выратавальную ў дачыненні да ўсіх іншых этнасаў, ролю расейскага этнасу і дзяржавы. Гэтым можна растлумачыць усе папярэднія прыгаданыя міфы.
Расейская месіяністычная дактрына «Масква — трэці Рым» з часам развілася ў прэтэнзіі разглядаць расейскі этнас як на выключны. Можа, гэта была кампенсацыя за пачуццё прыгнёту, пад якім людзі знаходзіліся ў Маскоўскім гаспадарстве стагоддзямі, за адчуванне лепшага роўню жыцця, які расейскія дваране і жаўнеры бачылі ў Заходняй Эўропе пад час ваяжаў першых і паходаў другіх?
З часам ідэя «трэцяга Рыма» пераўтварылася ў ідэю Трэцяга Інтэрнацыяналу, Крамля як маяка ўсяго чалавецтва. Праўда, гэтая ідэя канчаткова збанкрутавалася з распадам СССР. Але і на час так званай перабудовы прыпаў новы месіяністычны ўсплеск Гарбачова тыпу «новага мыслення», што нібыта йдзе з Масквы. Ці спроба, што йдзе адтуль жа, пабудаваць «агульны эўрапейскі дом».
Расейскі пісьменнік Андрэй Сіняўскі лічыў, што перадпасылкі вялікадзяржаўнага шавінізму і ксенафобіі (нелюбові да «чужых»), якія цесна пераплеценыя з расейскай месіяністычнай ідэяй і вярнуліся ў СССР на змену інтэрнацыяналізму, карэняцца ў закрытым характары савецкай дзяржавы. Яна стала закрытай яшчэ пад сцягам Інтэрнацыяналу.
Савецкая дзяржава баялася адкрыць мяжу. Расейскі народ гатаваўся ў сваім соку і вылучаў нацыяналізм як адзіны сэнс свайго існавання. Пра замежжа ў яго складаліся надта скажоныя ўяўленні. Апроч прапаганды тут значную ролю іграе сам фактар адчужанасці ад усяго астатняга, несавецкага, свету.
Адбывалася прыкладна тое ўяўленне, што ў багамолкі Фяклушы з «Навальніцы» А. Астроўскага:
«У нас закон праведный, а у них, милая, неправедный, что по нашему закону так выходит, а по ихнему все напротив».
У выніку такой закрытасці і трывалай варожасці да ўсіх іншых, «не такіх», у каго ўсё наадварот, узніклі розныя страхі і фобіі. Узнікла пачуццё неверагоднай перавагі, што часам грунтуецца на неасэнсаваным пачуцці сваёй непаўнавартасці. Такая з'ява добра вядомая псіхіятрам і шмат разоў апісвалася ў літаратуры дастасоўна індывіда. Але такое ж магчыма і ў жыцці асобных нацыяў, што мы і назіраем у савецкай гісторыі.
А. Сіняўскі піша: «Праявы ксенафобіі ў расейцаў часцей за ўсё звязаны з пачуццём і ўсведамленнем сваёй беднасці, галечы, непаўнавартасці. Гэта значыць, узнікае тыповая супярэчнасць: мы, расейцы, лепшыя за ўсіх таму, што нам горш за ўсіх. Гэтае пачуццё асабліва стымулявалі рэвалюцыя і савецкая ўлада, раздзьмухваючы агонь класавай барацьбы. Класавая барацьба час ад часу праяўляецца і ў выглядзе міжнацыянальнай розні. Гэта выбух нянавісці да багатых краінаў менавіта за тое, што яны багатыя, калі мы бедныя.
Гэта класавая зайздрасць, перакладзеная на нацыянальную мову» [103].
Расейскі месіянізм заўсёды прэтэндаваў на ўніверсальнасць, але заставаўся этнацэнтрычным, нават ізаляцыянісцкім. Ён меў сваю логіку, што праходзіла амаль праз усе кірункі расейскай грамадскай думкі. Ці ж не Пушкін чакаў, калі «славянские ручьи сольются в русском море»?
Ці не П. Чаадаеў пісаў, што «про нас можно сказать, что мы составляем как бы исключение среди народов. Мы принадлежим к тем из них, которые как бы не входят составной частью в человечество, а существуют лишь для того, чтобы преподать великий урок миру» [104].
Ці ж не В. Бялінскі пісаў, што ні беларусы, ні ўкраінцы не маюць сваіх уласных моваў, што ўкраінская мова — гэта толькі «областное малороссийское наречие, как и белорусское, сибирское и другие похожие на них областные наречия»?
М. Лермантаў пытаўся:
І. Тургенеў працягваў гэтыя думкі: «Мы народ не только европейский, мы недаром поставлены посредниками между Востоком и Западом, недаром наши границы касаются древней Европы, Китая и Северной Америки, трех самых различных выражений общества».
Для расейскага творчага генію ўласцівая ўніверсальная ўсебаковасць. У ім аб'яднаўся, паводле меркавання А. Блока, «и тонкий галльский смысл, и сумрачный германский гений».
Нават М. Бярдзяеў пісаў, што «славянская раса (…) ПРИЗВАНА СКАЗАТЬ МИРУ СВОЕ ПОСЛЕДНЕЕ СЛОВО» [105].
І ўрэшце, «духовный интернационализм был всегда мудрым свойством русской интеллигенции. Я верю, что русская интеллигенция сыграет еще свою роль в примирении национальной вражды как в нашей стране, так и за ее пределами. Это одно из ее исторических предназначений». А гэта ўжо акадэмік Д. Ліхачоў. Ён працягвае далей: «Самая большая ошибка после 1917 года — это установление границ в нашей стране. Ведь раньше не было национальных границ» [106]. Раней — гэта тады, калі ўсё знаходзілася ў складзе імперыі Раманавых, у якой, паводле словаў Т. Шаўчэнкі «од молдаванина до фіна на всех язиках все мовчить».