Сталін адмовіўся ад ранейшай ленінска-трацкісцкай ідэі сусветнай рэвалюцыі пад лозунгамі інтэрнацыяналізму, калі пабачыў, што ў СССР не хопіць фінансаў, каб яе падтрымліваць і развязаць пад выглядам яе падтрымкі новую сусветную вайну [117]. Былы асабісты сакратар Сталіна і адначасова сакратар ЦК ВКП(б) Б. Бажанаў, які ўцёк за мяжу, сведчыў у 1928 годзе ў сваім аглядзе «Большевики и грядущая война», што ў 1927 годзе Палітбюро ЦК ВКП(б) было вымушанае прыняць да ведама аналітычны даклад фінансавых экспертаў, паводле якога Савецкую краіну на трэцім месяцы такой вайны напаткала б фінансавая катастрофа. Гэтай фінансавай няздольнасцю савецкага рэжыму можна растлумачыць тую ваенную стрыманасць, якую Сталін прадэманстраваў (разам з ідэалагічнай агрэсіўнасцю) у наступныя некалькі гадоў.
Менавіта тады Сталін заклікаў да рыўка наперад у эканоміцы і прыводзіў гістарычныя прыклады таму, як Расею білі ворагі за адсталасць. Пры гэтым Сталін ганіў царскі імперыялізм не за заваявальныя войны з суседзямі, а за ягоную ваенную слабасць:
«История старой России состояла, между прочим, в том, что ее непрерывно били за отсталость. Били монгольские ханы. Били турецкие беки. Били шведские феодалы. Били польско-литовские паны. Били англо-французские капиталисты. Били японские бароны. Били все за отсталость. За отсталость военную, за отсталость культурную, за отсталость государственную, за отсталость промышленную, за отсталость сельскохозяйственную… Вот почему нельзя больше отставать» [118].
Пазней Сталін ніколі не прыгадваў, што Расею білі калісьці і хтосьці, бо гэта не адпавядала ягонай новай палітычнай лініі. Ён падхапіў у Бухарына ідэю немагчымасці адначасова правесці тую рэвалюцыю паўсюдна і неабходнасці будаваць сацыялізм пакуль што толькі ў адзінай краіне. Дзеля гэтага спатрэбілася выцягнуць на свет Божы датуль прыхаваную старую імперскую ідэю «Масква — трэці Рым», якую бальшавікі зрэдчас выкарыстоўвалі, скажам, у часе вайны 1920 года з Польшчай.
Тут перад Сталіным паўстала няпростая праблема, як выкасаваць з ужытку вобраз Расеі як «турмы народаў», а паняволенне іншых народаў паказаць як вынік супадзення іх нацыянальных інтарэсаў з дзяржаўнымі інтарэсамі Расеі. Хітрыя ідэолагі, якія спрытна эксплуатавалі марксісцка-ленінскую дыялектыку, дастасоўваючы яе да ўсялякіх патрэбаў, тут безнадзейна спасавалі. Яны прызвычаіліся жыць на цытатах заснавальнікаў марксізму-ленінізму. А тут ня знойдзеш такіх цытатаў ані ў заснавальнікаў (бо тыя сцвярджалі зусім адваротнае), ані нават у самога Сталіна.
Аднак сумленне марксісцкіх дыялектыкаў таксама дыялектычнае. І, каб даказаць правамернасць царскай каланіяльнай палітыкі, яны знайшлі выйсце: замест марксіста Пакроўскага перавыдаць манархіста Ключэўскага. Гісторыкаў скораных этнасаў прымушалі пісаць гісторыю сваіх нацый, даказваючы прагрэсіўнасць заваёвы іхных народаў расейскімі царамі. Так была перапісана гісторыя ўсіх нярускіх народаў, у аснову антыгістарычнай канцэпцыі якой былі пакладзены наступныя моманты:
1. Усе нерасейскія народы (у тым ліку беларускі) далучаліся да Расейскай імперыі нібыта самі, добраахвотна.
2. Усе нацыянальна-вызвольныя рухі, якія гэтаму супрацьдзейнічалі, былі ці рэакцыйныя, ці, як у выпадку з Беларуссю, выключна шляхоцкія (гэта значыць «ненародныя»).
3. Улучэнне гэтых этнасаў у склад Расейскай імперыі было для іх гістарычна прагрэсіўнае.
Атрымлівалася, нібыта ўсе братнія народы СССР увайшлі ў свой час у склад Расеі добраахвотна, без супраціву, без ахвяраў і стратаў, выключна па сардэчнай згодзе.
Такая саладжавая карціна, якую савецкія гісторыкі малявалі паслужлівым пэндзлем, хутчэй прыпадабняліся да шчадрынскай «Истории города Глупова», чым да рэальнага мінулага.
І гэта трэба было б памятаць тым беларусам, перадусім настаўнікам і выкладчыкам гісторыі, якія сталіся нявольнікамі расейскацэнтрычнай ідэі, страціўшы адчуванне рэальнасці. Менавіта яны прапануюць вучыцца на прыкладзе «Истории государства Российского» Карамзіна і нават увесці яе ў школьныя праграмы. Да гэтага заклікаў, напрыклад, настаўнік Глыбоцкай школы І. Храпавіцкі ў «Настаўніцкай газеце» [119].
Другі прыклад. У газеце «Вечерний Минск» за 7 красавіка 1992 года дацэнт Э. Ліпецкі прапанаваў разглядаць гісторыю Беларусі па-старому, з гледзішча гісторыі Расеі, як яе неадлучнай часткі [120]. Адсюль у яго і Сувораў — «наш» гістарычны персанаж, і ягоныя перамогі — «нашыя» (хоць, як вядома, Сувораў душыў у Беларусі паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, за што яму з царскай ласкі былі перададзеныя ў прыгон беларускія сяляне не Кобрыншчыне). Адсюль у Э. Ліпецкага і цытаванне газетнай палеміцы Карамзіна і С. Салаўёва, іншых расейскіх гісторыкаў аб «нашай краіне» (Расеі) як «нашых гісторыкаў».
Такія настаўнікі і выкладчыкі, выгадаваныя на імперскай гістарыяграфіі, адвучваюць вучняў і студэнтаў ад беларускай гісторыі і прымушаюць іх запамінаць нават другасныя імёны і падзеі з чужой гісторыі, накшталт імёнаў маскоўскіх князёў, удзельнікаў палацавых пераваротаў, дробязяў ваенных паходаў, сялянскіх і казацкіх паўстанняў у Расеі. Пры гэтым вучням і студэнтам адмаўляюць у аналагічных ведах свайго роднага мінулага. Той, хто канчае сярэднюю школу ці ВНУ Беларусі, як правіла, не ведае імёнаў сваіх вялікіх князёў, абставін барацьбы прэтэндэнтаў на вялікакняскі пасад у Вялікім Княстве Літоўскім, імёнаў сваіх палкаводцаў — Давыда Гарадзенскага, Канстанціна Астрожскага, Льва Сапегі, Рыгора Хадкевіча ды іншых.
Калі б навучэнцы ведалі і адных, і другіх персанажаў — і расейскай, і беларускай гісторыі, не было б бяды. Але калі іх пакідаюць у поўным няведанні сваёй гісторыі — гэта не проста недагляд. Гэта свядомая палітыка прымусовай духоўнай асіміляцыі.
Мала таго, варта толькі выступіць супраць такога ненармальнага становішча рэчаў, дык знаходзяцца ягоныя абаронцы. Вось прыклад. Гісторык Анатоль Грыцкевіч выступіў з прапановай падтрымкі канцэпцыі нацыянальнай гісторыі Беларусі [121]. І адразу ў газеце друкуецца адказ на гэта зусім натуральнае патрабаванне пад здзеклівым загалоўкам «История — не гетерочка для политиков» за подпісам кандыдата гістарычных навук В. Сураева, сябра думы Славянскага Сабора «Белая Русь» [122].
У загалоўку артыкула аўтар выступае СУПРАЦЬ выкарыстання гісторыі ў мэтах палітыкі, а ў тэксце артыкула надта агрэсіўна выступае за абавязковы разгляд гісторыі Беларусі ў старым, наскрозь палітызаваным на карысць расейскацэнтрычнаму імперскаму мысленню рэчышчы. У рэчышчы, як ён выказваецца, «гісторыі Айчыны» (прычым гэтай назваю называе не гісторыю Беларусі, у якой працуе, а гісторыю Расеі).
Сам аўтар артыкула з какецтвам піша, што «некоторые сомнения все же точат мою заскорузлую от консерватизма душу» ў той час, калі ён чытаў артыкул А. Грыцкевіча. В. Сураеў, мусіць спадзяецца, што яго кінуцца пераконваць у адваротным. Можа, хто і знойдзецца такі. Але гэта будзе чалавек з ліку тых, хто не здолее ўбачыць на самой справе закарэлых кансерватыўных думак В. Сураева накшталт сцверджання аб існаванні міфічнага «маларускага» народа, чыя гісторыя, як і гісторыя іншых «народаў-братоў» — беларускага і вялікарускага, паводле меркавання В. Сураева, «настолько переплелась, что делить ее на свою и чужую (…) значит, резать по живому». Зразумела, калі ведаць гісторыю ўкраінцаў і беларусаў па наскрозь дагматызаваных савецкіх ці царскіх падручніках, дык не ўбачыш у ёй нічога асобнага ад расейскай гісторыі, бо першая пададзена суцэльна з гледзішча другой.
Даволі дзіўна гучыць вышэйпрыведзенае сцверджанне гісторыка, які піша ў аўтарэфераце сваёй дысертацыі, што яе «теоретической и методологической основой являлись труды классиков марксизма-ленинизма» [123]. Чаму? Ды таму, што тыя ж класікі, на якіх ён спасылаецца ў дысертацыі, выказваліся, як і іншыя правадыры бальшавізму і складальнікі дакументаў ВКП(б) па пытанні аб Украіне, а не Маларосіі, што яе засяляюць не «маларосы», а ўкраінцы.
В. Сураеў прыпісвае свайму апаненту, нібыта той лічыць, што «факты надо подобрать по-новому, а использованные прежде не употреблять». На самой справе той казаў, што «выкладчыкі гісторыі не адышлі ад вядомай ідэалогіі і, яшчэ больш, ад трактоўкі і старога падбору фактаў для лекцый і семінарскіх заняткаў». Бачыце, як вытанчана перакруціў думку А. Грыцкевіча В. Сураеў. Тое-сёе пераставіў — і папрок апаненту гатовы.