Выбрать главу

М. Сянькевіч лічыць, што гэткім чынам у падручніку гісторыі кожнага класа будзе гісторыя адпаведнага этнасу, гісторыя Беларусі і ўсеагульная гісторыя.

Але каму ж невядома, што між гісторыяй дзяржавы і гісторыяй этнасу існуе розніца. Яна даволі значная. Падручнікі гісторыі Расеі (у нас на іхнай вокладцы надрукавана «История СССР», але гэта нічога не мяняе) і гісторыі Польшчы — гэта падручнікі не па гісторыі этнасаў, а па гісторыі іхных дзяржаваў, як правіла, з выразнымі вялікадзяржаўніцкімі тэндэнцыямі.

Зазірніце нават не ў падручнік, а ў выданне «Nasza Ojczyzna. Szkolny atlas historyczny» (4-е выданне, Варшава, 1988). Вы ўбачыце там, напрыклад, карту XVII стагоддзя з надпісам «Rzeczpospolita Polska» на абсягах беларускіх тэрыторый, а таксама характэрную карту «Змены межаў Польшчы на працягу гісторыі». Там нашыя землі, насуперак фактам, уведзеныя ў межы Польшчы. Пра падручнікі і карты па гісторыі СССР я ўжо і не кажу.

Што з гэтага вынікае? А тое, што, згодна з прапановай М. Сянькевіча, у расейскіх школах, якіх у Беларусі пераважная бальшыня, зноў будуць вывучаць не гісторыю расейскага этнасу, тым больш не гісторыю ягонай часткі ў Беларусі, а гісторыю вялікай Расейскай дзяржавы, адзінай і непадзельнай.

У польскай жа школе выкладаецца не гісторыя польскага этнасу — тым больш не гісторыя палякаў у Беларусі (якая б выкрыла ілюзорнасць уяўлення пра нібыта масавую міграцыю палякаў у Беларусь), а гісторыя Польскай дзяржавы, якая толькі ў 1920–1939 гадах валодала часткаю Беларусі і да астатнай часткі нашай краіны мела ўскоснае дачыненне.

Асобы, выхаваныя на гісторыі суседніх дзяржаваў, што выкладалася апошнія дзесяцігоддзі ў Польшчы, а ў Расеі — ужо стагоддзі, хутчэй за ўсё і будуць складаць новыя падручнікі для расейскіх і польскіх школаў. А дзе ўзяць іншых? Нават калі б яны і зыходзілі з найлепшых намераў, мімаволі б апынуліся ў палоне вышэйзгаданых тэндэнцый.

Надта цікава прасачыць, як М. Сянькевіч пакрысе вызваляецца ад ідэі забяспечыць прадстаўнікоў іншых, чым расейцы і палякі, этнасаў падручнікамі па іх гісторыі. І гэтым ён хоча «бараніць нацыянальныя інтарэсы прадстаўнікоў іншых нацый у Рэспубліцы Беларусь»?

Як тут не прыгадаць дэкларацыю Ўсебеларускага Славянскага Сабора, у якой гаворыцца аб імкненні Сабора «противодействовать любым попыткам дискредитировать славянскую духовную, этническую, государственную (вылучанамною. — В. Г.) общность, вызвать вражду между славянскими народами, вовлечь их в политические блоки, чуждые коренным интересам славянского сообщества» [127].

Пры гэтым нехта бярэ на сябе права прадстаўляць у якасці «коренных интересов славянского сообщества» інтарэсы не «сообщества», а ўладаў таго этнасу, якія ўвесь час дыскрымінавалі беларускі этнас. Атрымліваецца, згодна з прапановай М. Сянькевіча, што крый Божа сумнявацца ў такой славянскай агульнасці, выкладаючы гісторыю Беларусі, хай лепей будзе прапагандавацца тэзіс з казкі Оруэла: «Усе жывёлы роўныя, але некаторыя жывёлы болей роўныя за ўсіх».

Зусім не прымаю прапановы скарачаць у адукацыі выкладанне ўсеагульнай гісторыі, каб нібыта даць болей часу іншым раздзелам гісторыі. Незразумела, пры чым тут памянёныя М. Сянькевічам «не матэматычныя разлікі, а пазіцыі агульначалавечых каштоўнасцяў і здаровага сэнсу». Бо менавіта агульначалавечыя каштоўнасці і здаровы сэнс падказваюць ні ў якім разе не адмаўляцца ад адпаведнага ў адукацыі месца агульнай гісторыі. Менавіта таму славутыя папярэднікі сучасных адраджэнцаў В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, Б. Тарашкевіч, А. Смоліч, А. Уласаў дасягнулі шмат чаго, што яны былі выхаваныя з добрымі ведамі ўсеагульнай гісторыі і іншых сапраўдных, а не ўяўных агульначалавечых каштоўнасцяў. За семдзесят апошніх гадоў мы так скарацілі выкладанне ўсеагульнай гісторыі, што страцілі ў адукацыі менавіта агульначалавечыя каштоўнасці міжземнаморскага і ў тым ліку антычнага свету, свету Блізкага і Далёкага Ўсходу, каштоўнасці заходняй цывілізацыі з яе прынцыпамі свабоды асобы. Гісторыя ў адукацыыі зведзеная да русацэнтрычнай яе мадэлі. У гэтай мадэлі сёння, напрыклад, сцвярджаецца, што Расея (з Беларуссю, як яе дадаткам) была б сама шчаслівай, магутнай і цывілізаванай, калі б не татара-мангольскае іга, Іван Жахлівы, Пётр Вялікі, нямецкае засілле, прыгнёт самаўладства, змовы масонаў і жыдоў, пераварот бальшавікоў, а зараз перабудова і дэмакратыя (патрэбнае падкрэсліваецца ў залежнасці ад сімпатый). Словам, павінныя ва ўсіх бедах хтосьці іншыя.

І гэта ў той час, калі ў іншых народаў ёсць процілеглыя меркаванні аб сваім лёсе. Напрыклад, у японцаў існуе добрае правіла: «Прычынай няшчасця лічы самога сябе».

Розніца між царскай і савецкай Расеяй палягае ў тым, што цары і іхныя міністры (Уваравы, Пабеданосцавы ды іншыя) у сваёй замежнай і нутраной палітыцы былі шчырымі і адкрытымі. Яны называлі рэчы сваімі імёнамі. А бальшавіцкія лідэры (Сталін і сталіністы, іхныя спадкаемцы пры Хрушчове, Брэжневе, Гарбачове) былі вымушаны маскіраваць сваю імперыялістычную сутнасць інтэрнацыяналістычнай фразеалогіяй. Класічны прыклад. Паводле Крамля, Савецкая армія вяла ў Афганістане не каланіяльную вайну, а выконвала інтэрнацыянальны абавязак. Або яшчэ цынічней: аказвала афганцам «брацкую дапамогу» (практыкуючы там варварскае знішчэнне мірнага насельніцтва) [128].

Дзеля русіфікацыі каланізатары сваіх герояў у беларускага народа адбіралі, а чужых накідвалі. Словам, тое, што дазволена і нават прызначана «старэйшаму брату» (апяваць князёў Ігара, Аляксандра Неўскага, Дзмітрыя Данскога, палкаводцаў Суворава, Кутузава, флатаводцаў Ушакова, Нахімава), не дазволена «малодшаму брату» (успамінаць Альгерда, Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага, Яна Хадкевіча, С. Булак-Балаховіча ды іншых). Затое Чапаеву ў Горадні помнік ставіць можна, хоць ён да гэтага горада аніякага дачынення не меў. Дзякуй Богу, што хоць Мяснікову, ворагу адраджэння беларускай дзяржаўнасці, не паспелі паставіць помнік. А месца, дарэчы, у Менску ўжо падрыхтавалі.

Сёння пасля падзення камуністычнага рэжыму ідэя трэцяга Рыма, на жаль, стала яшчэ архаічным рэліктам. Шмат чаго з гэтай ідэі застаецца ва ўжытку. Так, напрыклад, пра што маглі і могуць прачытаць беларусы ў русіфікатарскіх падручніках і акадэмічных шматтомніках і аднатомніку «История БССР»? З аднаго боку, у гэтых выданнях апяваецца класавая барацьба як галоўны матор шляху чалавецтва ад горшых умоваў жыцця да лепшых. З другога боку, прапагандуецца расейскацэнтрычны месіянізм. У святле апошняга Беларусь — і як найбліжэйшы сусед, і як славянскі сусед, і як сусед з падобным да Расеі імем — стала выпрабавальным палігонам, эксперыментальнай лабараторыяй для ажыццяўлення ідэі расейскага месіянства.

А гісторыя Беларусі ў такіх кніжках заўсёды трактавалася толькі з аднаго гледзішча — з гледзішча гісторыі Расеі, параўноўваецца толькі з гісторыяй Расеі, а не з гісторыяй краін, што праходзілі падобны Беларусі шлях гістарычнага развіцця.

Міф надта спрошчана падае мінулае. У ім дзеля спрашчэння прысутнічае мадэрнізацыя гістарычных падзеяў, амаль абавязковае штучнае атаесамленне падзеяў даўніны з сучаснасцю: напрыклад, Івана Жахлівага і ягонага апрычнага тэрору са Сталіным і 37-м годам, Пятра I з ягонымі рэформамі — з Леніным з ягонай рэвалюцыяй, Айчынай вайны 1812 года з Айчыннай вайной 1941–1945 гадоў, планамернага адыходу расейскай арміі за Маскву ў 1812 годзе і незапланаванага адступлення Чырвонай Арміі да Масквы ў 1941 годзе, руху партызанаў з ліку войска ў 1812 годзе і зусім іншага партызанскага руху ў 1941–1944 гадах, паўстанняў сялян у Нямеччыне ў 1525 годзе і сялянскіх войнаў у Расеі ў XVII–XVIII стагоддзях, рэвалюцый 1789–1794 гадах і 1917 года ў розных краінах, Парыжскай Камуны 1871 года і стварэння саветаў у Расеі ў 1905 і 1917 гадах і г. д.

Усё простае і даходлівае заўсёды знаходзіць прыхільнікаў. Але часам, як гаворыць прыказка, «прастата — тая ж дурата». Добрая тая прастата, якая вынікае з разнастайнасці фактаў, але не з наўмыснага спрашчэння.

Чаму ж такі жывучы міф? Паспрабуем звярнуцца да Ф. Гаека, які пісаў: «Лёгка зразумець (і гэта неаднойчы пацвярджалася на вопыце), што ў дысцыплінах, якія непасрэдна займаюцца чалавечым грамадствам, а таму наўпрост закранаюць палітычныя погляды, — напрыклад, у галіне гісторыі, эканомікі ці права, — таталітарны лад не можа дапусціць бескарыслівага імкнення да ісціны, і адзінай задачай гуманітарных навук становіцца пацверджанне афіцыйных поглядаў. Сапраўды, гэтыя дысцыпліны ва ўсіх таталітарных краінах ператварыліся ў фабрыкі афіцыйных міфаў (вылучанамною. — В. Г.), з дапамогай якіх уладары кіруюць розумамі ды імкненнямі сваіх падданых. Нічога дзіўнага ў тым, што ў гэтых галінах ніхто не робіць выгляду, што шукае ісціну, а ўжо што публікаваць і якія дактрыны выкладаць — вызначаюць непасрэдна ўлады» [129].