Выбрать главу

Ад самага пачатку я вырашыў нікому нічога не гаварыць, вынесці ўвесь гэты цяжар на сваіх плячах. Таму давялося вярзці старому чалавеку ўсялякую лухту (не памятаю нават, што менавіта) — маўляў, ніяк не магу паехаць цяпер з Ню-Ёрка, сэр. Я спадзяваўся, што ён зразумее. Але містэр Джонас быў відавочна засмучаны такім маім адказам на выключны давер з боку фірмы. О, Божа, дарагі містэр Джонас, каб толькі вы ведалі праўду!..

Парадокс, аднак цяпер Олівэр Барэт IV, калі яму здаралася пайсці з офіса раней як звычайна, вяртаўся дамоў пазней.

Я займеў звычку доўга стаяць перад вітрынамі магазінаў на Пятай авеню, разглядваючы ўсялякія дарагія экстравагантныя забаўкі, якія я мог бы купіць Джэніфэр, калі б мне не трэба было рабіць выгляд, што ўсё ў нас… нармалёва.

А яшчэ мне, вядома, было страшна ісці дамоў. Бо праз некалькі тыдняў пасля таго, як я даведаўся праўду, Джэні пачала худзець. Не, пахудзела яна зусім не нашмат і, можа, нават сама нічога не заўважыла, але я, ведаючы, што адбываецца, прыкмеціў гэта.

Разглядваў я і вітрыны авіякампаній: Бразілія, Карыбы, Гаваі («Кіньце ўсё — ляціце да сонца!») і гэтак далей…

Таго дня «Трансуорд Эрлайнз» рэкламавала Эўропу ў міжсезонне: «У Лондан па пакупкі!», «Парыж — горад закаханых!»…

І згадалася:

«— А як жа мая стыпендыя? Як Парыж, якога я ніколі ў жыцці не бачыла?

— А як жа нашае вяселле?

— А хіба мы калі-небудзь гаварылі пра вяселле?

— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.

— Ты хочаш ажаніцца са мною?

— Хачу.

— Чаму?..»

Я лічыўся ў банку фантастычна перспектыўным кліентам і ўжо меў крэдытную картку «Дайнэр Клаб». Так, распісваемся ўздоўж пункцірнай лініі. Раз! І ў руках у мяне два білеты першага класа (гуляць дык гуляць!) на самалёт у Горад Закаханых.

Калі я прыйшоў дамоў, Джэні была вельмі бледная і нездаровая, але я спадзяваўся, што мая адмысловая ідэя верне на яе шчокі румянец.

— Угадайце, місіс Барэт, што ў мяне за сюрпрыз вам.

— Ты вылецеў са службы, — «угадала» мая жонка-аптымістка.

— Не вылецеў, а лячу. І разам з табою, — паказаў я ёй білеты. — Уверх, уверх — і далёка. Заўтра ўвечары ў Парыж.

— Лухта, Олівэр, — сказала яна ціха. Аднак мякка, без звычайнае насмешкі. Нават з нейкай пяшчотаю — Лухта, Олівэр.

— Эй, што гэта значыць — «лухта»? Растлумач, калі ласка.

— Гэта значыць, Олі, — зноў ціха сказала яна, — што ўсё будзе зусім інакш.

— Што — будзе інакш?

— Я не хачу ў Парыж. Мне не патрэбны Парыж. Мне патрэбны адзін ты…

— Ну, гэта табе гарантавана, крошка, — перапыніў я яе з прытворнай весялосцю.

— А яшчэ мне патрэбны час, — прадоўжыла яна, — якога ты не можаш мне даць.

Тады я паглядзеў ёй у вочы. У іх была невыразная роспач. Зразумелая мне аднаму. Яна нібыта прабачэння прасіла. Прасіла ў мяне.

Мы стаялі моўчкі, абняўшыся. Божа, калі нехта з нас заплача, няхай тады заплача і другі! Аднак лепш, каб ніхто.

Неўзабаве Джэні расказала, што адчула сябе «зусім пагана» і зноў пайшла да доктара — не парады прасіць, папытацца: «Скажыце мне нарэшце, што са мною адбываецца, скажыце дзеля ўсяго святога!»

І ён сказаў.

У мяне з'явілася дзіўнае пачуццё віны за тое, што не я першы зрабіў гэта. Яна здагадалася і наўмысна пачала вярзці нейкую лухту.

— Ён з Ейла, Олі.

— Хто — ён, Джэн?

— Акерман. Гематолаг. Самы сапраўдны ейлец. Такіх толькі там сустрэнеш.

— А-а, — працягнуў я, разумеючы, што яна хоча неяк аблегчыць гэтую жудасную хвілю. І ў тон ёй папытаўся: — Але чытаць і пісаць ён, прынамсі, умее?

— Гэта яшчэ трэба высветліць, — усміхнулася місіс Барэт, выпускніца Рэдкліфа 1964 года. — Але гаварыць ён умее, у гэтым я ўпэўнілася. А мне якраз пагаварыць і хацелася.

— Тады даруй гэтаму ейльскаму лекару, што ён адтуль. О'кэй?

— О'кэй.

19

Ва ўсякім разе, цяпер я не баяўся вяртацца дамоў, мяне ўжо не палохала змушанасць «паводзіць сябе нармалёва»… А дні ж, якія мы пражывём разам, можна было злічыць на пальцах…

Нам трэба было багата чаго абмеркаваць — рэчы, якія, вядома, нячаста абмяркоўваюць дваццацічатырохгадовыя муж і жонка.

— Я спадзяюся, ты будзеш моцны, як сапраўдны хакейны бізон, — сказала яна.

— Буду, буду, — адказваў я, пытаючыся ў сябе, ці адчувае Джэні, якая заўсёды і ўсё разумее, што нават сама моцны хакейны бізон можа быць прыгнечаны адчаем.

— Ты ж павінен падтрымаць Філа, — працягвала яна. — Яму будзе цяжэй за ўсіх. А ты, урэшце, застанешся ўсяго толькі вясёлым удаўцом.

— Я не буду вясёлым, — перапыніў я яе.