Выбрать главу

Не зважаючы на гэтых мужланістых казлоў, я разблытаў тэлефонны шнур і панёс апарат у сваю спальню.

— Яна грае на фартэпіяна ў Бахаўскім таварыстве, — сказаў астатнім Стратан.

— А ў што яна грае з Барэтам?

— Цяжка ўгадаць!

Ухмылкі, рохканне, рогат.

— Джэнтльмены! — аб'явіў я, выходзячы. — Я вас меў!

Грымнуўшы дзвярыма перад новай хваляю нечалавечага слоўнага паносу, я скінуў чаравікі, узлез на ложак і набраў нумар Джэні.

Размаўлялі мы шэптам:

— Эй, Джэн…

— Алё?

— Мне трэба нешта табе сказаць…

Я завагаўся. Яна чакала.

— Мне здаецца… Я кахаю цябе.

Маўчанне. Потым яна адказала вельмі ціха:

— Ідзі ты… ведаеш куды!.. — І павесіла слухаўку.

Я не пакрыўдзіўся. І нават не здзівіўся.

3

У гульні з Корнэлам мне намялі бакі.

Увогуле, я сам быў вінаваты. У напале барацьбы я здуру абазваў іх нападніка-цэнтравіка «смярдзючым канадцам», зусім забыўшыся на тое, што канадцаў у іхняй камандзе чацвёра… А ўсе чацвёра былі гарачымі патрыётамі і дужымі хлопцамі, ды яшчэ і на слых не скардзіліся. Мала таго што мяне як след нагрэлі, дык яшчэ і выдалілі. І не проста выдалілі, а ўляпілі за бойку аж пяць хвілін. Чулі б вы, як мяне асвісталі корнэлскія фаны, пачуўшы аб'яву аб маім выдаленні! Нашых небагата прыцягнулася ў такую яміну, як Ітака, Ню-Ёрк, хоць гэта і быў вырашальны матч на першынство ўніверсітэтаў Новай Англіі. Пяць хвілін! Калі я сядаў на лаўку штрафнікоў, дык добра бачыў, як ірве на сабе валасы наш трэнер.

Джэкі Фэлт стрымгалоў прымчаўся да мяне. Толькі тут я заўважыў, што ўся мая правая шчака ператварылася ў крывавае месіва. «Божа, — мала не стагнаў Джэкі, водзячы па ім кроваспыняльным алоўкам. — Божа, Олі!»

Я сядзеў моўчкі і тупа глядзеў перад сабою. Мне было сорамна глядзець на пляцоўку, дзе тым часам хутка спраўджваліся найгоршыя мае чаканні: Корнэл закінуў нам шайбу. Фаны ў чырвоным зараўлі, завылі, заўлюлюкалі. Лік зраўняўся. Цяпер Корнэл меў усе шанцы выйграць матч, а з ім і першынство. А я ж яшчэ адседзеў толькі палову штрафу!

На процілеглай трыбуне, дзе сядзелі нешматлікія гарвардцы, панавала цяжкае маўчанне. На мяне ўжо забыліся і свае, і чужыя заўзятары. Толькі адзін глядач па-ранейшаму не адрываў вачэй ад лаўкі штрафнікоў. Але, ён быў тут. «Калі нарада перапыніцца своечасова, я пастараюся прыехаць у Корнэл». Сярод гарвардскіх фанаў сядзеў — вядома, паважна — Олівэр Барэт III.

Цераз ледзяны правал Стары Стод моўчкі і абыякава назіраў, як заклейваюць пластырам апошнюю крывавую рану на твары яго адзінага сына. Цікава, што ён думаў у гэтую хвіліну? «Тш, тш, лягчэй!» — што-небудзь такое? «Олівэр, калі ты так любіш біцца, дык чаму табе не заняцца боксам?» — «У Эксэтэры няма баксёрскай каманды, бацька». — «Бадай, мне не варта хадзіць на твае гульні». — «Ты думаеш, я б'юся, каб задаволіць цябе?» — «Ну, я не сказаў бы — задаволіць».

Але хто-небудзь можа ўгадаць, пра што ён думае? Олівэр Барэт III — гэта хадзячая гара, якая часам загаворвае. Стод.

Зусім верагодна, што мой бацька аддаваўся цяпер свайму любімаму занятку — самалюбаванню. Глядзіце на мяне, тут так мала сёння гарвардскіх заўзятараў, і тым не менш адзін з іх — я! Я, Олівэр Барэт III, выключна заняты чалавек, у мяне столькі банкаў, і ўсімі трэба кіраваць, і чаго толькі яшчэ не трэба мне рабіць, і ўсё ж такі я знайшоў час прыехаць у Корнэл на нейкі нікчэмны хакейны матч. Ну хіба гэта вас не ўражвае? (Каго?)

Трыбуны зноў зараўлі, гэты раз яшчэ з большым шалам. Нам зноў забілі. А мне адпачываць тут яшчэ дзве хвіліны. З чырвоным ад злосці тварам Дэйві Джонстан пакаціўся да нашае брамкі. Ён праехаў зусім побач, але нават не зірнуў на мяне. У вачах у яго былі слёзы! Ну, добра, я разумею, рашучы матч і ўсё такое, але, Божа ты мой, — слёзы? І тут я ўспомніў пра неверагодную серыю Дэйві, нашага капітана: сем гадоў на пляцоўцы — і аніводнага прайгранага матча — за каледж, за ўніверсітэт! Ён стаў ужо паданнем. А цяпер ён вучыўся на апошнім курсе. І для яго гэта была апошняя важная гульня.

Якую мы прайгралі 3:6.

Пасля матча мяне прасвяцілі рэнтгенам. Усе косці былі цэлыя. Потым доктар наклаў на маю правую скулу дванаццаць швоў. Пакуль ён гэта рабіў, Джэкі Фэлт хадзіў па кабінеце, расказваючы корнэлскаму хірургу, як няправільна я харчуюся і што сённяшняй траўмы магло б і не быць, калі б я рэгулярна глытаў саляныя пілюлі. Доктар яго праігнараваў, а мяне строга папярэдзіў, што я ледзь не пашкодзіў «сценку арбіты» (ох ужо гэтыя медычныя тэрміны!) і што сама лепшае для мяне — не выходзіць на лёд не меней як тыдзень. Я падзякаваў за параду. Доктар пайшоў. Яго пераследаваў Фэлт, спрабаваў разгаварыць наконт дыеталогіі. Я быў рады, што застаўся адзін.