D1. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра практыку і тэорыю
Дырэктару нашае школы, які вёў шматлікія прадметы, часьцяком і самому назалялі ўсе гэтыя лекцыі, задачкі і нікчэмныя дыктоўкі, і ён аб'яўляў вольныя практычныя заняткі. Мы сустракалі іх радаснымі воклічамі – нягледзячы на адмысловую строгасьць і структураваньне, яны ніколі не бывалі маркотныя. Мы наўзахапкі прапаноўвалі ідэі, і часам дырэктар сапраўды дазваляў нам абіраць самастойна, але звычайна ён сядаў за стол, сьціскаў галаву рукамі, і праз хвіліну абвяшчаў тэматыку і плян дзеяньняў. Прыкладам: пошук межаў і ўмоў ператварэньня ўсьмешкі ў грымасу. Мы па чарзе старанна расьцягвалі ў усьмешках раты, замяраючы кожны мілімэтар зруху куткоў вуснаў і кожны градус расчыненьня сківіцы, заносілі дадзеныя ў табліцы і будавалі па іх падрабязныя рознакаляровыя графікі. Або: фіксацыя моманту наступленьня візуальнай старасьці. Мы шукалі самую новую парту й прымаліся драпаць яе сьцізорыкам, уважліва назіраючы, як яна праходзіць усе ступені паскрэбанасьці й парэпанасьці да поўнае і адназначнае састарэласьці. Або: даследваньне мэханізму ўзгараньня лютасьці. Колькі разоў у залежнасьці ад надвор'я і часу сутак трэба абазваць сеньёра Рунаса доўбнем, каб ён абразіўся і ў гневе ўскочыў? Усе ўрокі мы выконвалі скрупулёзна і зь вялікім натхненьнем, і дырэктар не шчадзіўся на выдатныя адзнакі.
Аднак калі надыходзіў час чарговага іспыту, усё роўна па якім прадмеце, дырэктар рабіўся суровы, непрыступны і кожнага разу задаваў нам адно й тое ж пытаньне, тэарэтычнае:
– Што такое сядзіць унутры чалавека і штурхае яго да дзеяньня?
– Любоў! – адказваў Хуліё.
– Не. Калі я хачу папраць ручнік і грэю ваду, у гэтым няма любові.
– Розум! – адказваў Толік.
– Не. Калі я аддаю перавагу гальштукам у гарошак перад гальштукамі ў палоску, і ежджу па іх у краму на другім канцы гораду, у гэтым няма розуму.
– Комплексы! – адказваў Колік.
– Не. Калі я выходжу на балькон, і глыбока ўздыхаю, і радуюся ранішняму сонцу, і пачынаю напяваць, у гэтым няма комплексаў.
Мы ведалі, што дырэктар сам ня ведае адказу на сваё пытаньне і трапятка спадзяецца на нашу выпадковую адгадку, якая зможа ўсё праясьніць, але з павагі да яго рабілі дурнаватыя твары і зусім ня крыўдзіліся на двойкі.
D2. Уцёкі ды туляньні. У адзін з апошніх дзён
У адзін з апошніх дзён, вярнуўшыся дахаты, я засьпеў дзьверы ў кватэру разнасьцежанымі, каберац – затаптаным, падлогу на пляцоўцы – пакрытую белымі крэйдавымі сьлядамі, цераз парог да лесьвіцы. Думкі спыніліся ўва мне, і я павольна ўвайшоў. Мой улюбёны зялёны плястмасавы тазік сустрэў мяне ўверх дном, зь непапраўнай расколінай ад ручкі праз усю бакавіну. Куртка распласталася ля яго, з вывернутымі кішэнямі, з вытрыбушаным капюшонам, з падпаленымі запальнічкай гузікамі. Я заплакаў. У кутку, на павароце да кухні, ляжаў зьнявечаны зэдлік, з выламанымі ножкамі, з выдраным з тарцу кантам. Кроплі клею на сучляненьнях, яловыя сьлёзы на сколах вуглоў. Хто мог быць да такой ступені жорсткі? У ваннай лілася вада – кран быў скручаны, кафляная плітка пабітая долатам, мыйка сточаная напільнікам. З разэткі цягнуўся доўгі кабель, да самае кухні, дзе на стале скурчыліся відэльцы, лыжкі й рондальчыкі, кожны з падвойным зьмяіным укусам ад электрычнае дугі. Па падаконьніку быў рассыпаны чай, і кожную чаінку мэтадычна раздушылі чымсьці цяжкім, жалезным. Нехта выкручваў лямпачкі і з высілкам трос іх, каб сарваць сьпіралькі. Нехта заганяў пад шпалеры зубачысткі і абломваў іх, як стрэмкі. Нехта плюхнуў у сальніцу вады, добра высушыў фэнам і атрыманым каменьчыкам падрапаў люстэрка. Але самае жудаснае выявілася ў пакоі: тоўсты сіні том Сэтан-Томпсана «Жыцьцё дзікіх зьвяроў» быў зьнявечаны й бязьлітасна разадраны. Скамечаныя, сжаваныя й зьдзекліва разгладжаныя старонкі высьцілалі падлогу і ложак, адныя запэцканыя, іншыя забруджаныя, трэція з пакеплівымі рэмаркамі на палёх. Асабліва дасталася лісічкам – нехта ненавідзеў лісічак настолькі, што дробна ірваў ды крэмзаў кожны малюнак, пераціраючы абрыўкі далонямі да распушаных галачак. Лісічкі, лісічкі, шаптаў я ў падушку, зваліўшыся на ложак, прабачце мяне, бо я ўсё гатовы быў зрабіць дзеля вас, заўсёды, прабачце мяне.