Адкрытыя дзьверы трапіліся мне ці то на дзевятым, ці то на восьмым паверсе, але за імі мяне чакала нешта іншае: зэдлік з падушачкай на сядзеньні ды рэпрадукцыя Пэруджына з пакланеньнем вешчуноў. На рыпеньне завесаў з глыбіні кватэры адгукнуўся старэчы голас: «Унучак? Унучак?» Я ўявіў, як зараз будзе – зьдзіўленьне, тлумачэньне, бясконца доўгае знаёмства – і ціхенька прычыніў дзьверы. Не, гэта было ня тое, што я шукаў.
Чым ніжэй я спускаўся, тым больш траплялася мне незамкнёных дзьвярэй. За аднымі стаяў густы капусны пар, за другімі школьнікі вучыліся катацца на роліках, за трэцімі аголеная мокрая жанчына шлёпала з ваннай па забыты ручнік. Некаторыя дзьверы застылі прыадчыненыя, пахла смажанай рыбай, крэпкім адэкалёнам, коткі церліся бакамі аб вушакі, студэнты перапісвалі канспэкты. Я не разумеў, што шукаю, але мэтадычна марудзіў ля кожнага парога, дакранаючыся да карычневых і чорных абіўкаў, да залацістых цьвічкоў, зьлічваючы нумары і шрыфты, параўноўваючы гузікі званкоў.
На першым паверсе ўсе дзьверы вагаліся ў разнасьцежанасьці, варушымыя парывістымі скразьнякамі. Я ішоў як у сьне, зазіраючы ў цёплыя праёмы, паглядаючы на пышныя футры на вешалках, на ваўняныя шалікі, на ўзорыстыя рукавіцы. Апошнія дзьверы, за рогам ля лесьвіцы, разьмяшчаліся бокам да мяне, і я ня мог бачыць, што ўнутры. Як у сьне, я набліжаўся, крок, другі, трэці, і вось мне адкрылася: нізкае крываногае крэсла, сьпіной да ўваходу, а ў ім – плечы ў белым гарнітуры, стрыжаная патыліца, валасы па сьпіралі вакол цэнтра. Белы Паляўнік! Я зьнямеў. Дзявочыя ногі былі відаць па-за крэслам, нафарбаваныя пальцы й калені ўпіраліся ў падлогу, рытмічна ўздрыгвала пасма. «Хто ж ставіць крэслы ў вітальні сьпіной?» – стукнула пустая думка. Узмаліўшыся, я адступіў на дыбачках, прадрабязіў па шэрай кафлі, рынуўся праз чатыры прыступкі ўверх, ратаваць пажытак.
E7. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра завершанасьць
Калі мы прыступілі да вячэрняга рагу, Хуліё паскардзіўся, што яго няспынна мучыць пачуцьцё незавершанасьці: колькі б часу ён ні бавіў побач са сваёй каханай і як бы ён яго ні бавіў, кожнага разу потым здаецца, што ня ўсё сказаў, ня ўсё зрабіў, што за мітусьнёй і валтузьнёй так і не дасягнуў чагосьці сама галоўнага.
– Я спрабаваў шмат разоў, і так, і гэтак, але заўсёды ў выніку адно, – Хуліё горка ўздыхнуў. – А ты, Толік? Ты, жанаты на адной жанчыне шмат гадоў, узгадаваўшы зь ёю дзьвюх дачок, ці адчуваеш ты завершанасьць і задавальненьне ў каханьні?
Толік падняў бровы ў адзнаку таго, што пачуў пытаньне і зараз пачне адказваць, і даволі доўга дажоўваў з паднятымі бровамі. Дажаваўшы, ён адпіў добры глыток шампанскага, і цьвёрда сказаў:
– Не. Усё роўна ёсьць незавершанасьць. Можа, трэба памерці разам?
Валік заўважыў, што гэта наўрад ці дапаможа:
– Бо незавершанасьць, пра якую вы кажаце, нашмат шырэйшая: яна ўзьнікае ў адносінах і да сваякоў, і да сяброў, і да проста знаёмых, а часам нават і да выпадковых мінакоў. Не заўважалі?
– І да прадметаў, – дадаў Колік, адкаркоўваючы новую бутэльку. – Гэта ж Кант. Абмежаванасьць пазнаньня. Вашая завершанасьць немагчымая ў прынцыпе.
І тут усё разам паглядзелі на мяне. Браты засьпелі мяне зьнянацку: я разгортваў цукерку, стараючыся не шамацець фанцікам. Ну! Кажы зараз ты, Ролю!
– Ва ўмовах абмежаванасьці пазнаньня абавязак кожнага сумленнага чалавека – адмовіцца ад каханьня, – сказаў я, чырванеючы.
E8. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра баязьлівасьць
Аднойчы ў суботу, калі тата сядзеў у сонечным квадраце каля вакна, піў каву, курыў цыгару і быў відавочна задаволены жыцьцём, мы з брацікамі прыбеглі да яго і сказалі:
– Татухна, як ты можаш мець такі шчасьлівы выгляд, калі на сьвеце столькі зла й пакутаў? Гэта злачынны эгаізм! Гэта подласьць!
Тата пачырванеў, спахмурнеў, пагасіў цыгару наўпрост у каву й рашуча падняўся:
– Праўду кажаце, дзеці мае! Праўду кажаце! Пра кідаць падлець, надышоў час дзейнічаць!
– Так, татухна, дзейнічаць!
– Ну дык вось. Ты, Толік, ідзі знайдзі жабракоў, бяздомных і галодных, ды пабольш, і прывядзі іх сюды, няхай жывуць у нашай хаце. Падорыш ім сваю вопратку й цацкі, а сам ідзі ў дзіцячы дом. Вы, Валік і Колік, бяжыце ў паліклініку ды аддайце сябе на ворганы, выратуйце жыцьцё цяжка хворым. Ды глядзіце ня скнарнічайце! Ты, Хуліё, бяры матулю, вадзі па вуліцах ды прапаноўвай яе гаротнікам, што прагнуць жаночае пяшчоты, гарбунам, старэчам, вычварэнцам. І сябе прапаноўвай, не лянуйся. А мы з табой, Ролю, пойдзем на вайну, будзем змагацца за справядлівасьць! Вось табе вінтоўка ды кулі. Ты будзеш страляць за чырвоных, а я за белых, ці наадварот.