Выбрать главу

– А чаму ня разам, татухна?

– Бо па-свойму маюць рацыю і тыя, і другія, і ўсім патрэбная наша дапамога! Ну, што глядзіце? Людзі пакутуюць, гінуць, а мы вылежваемся! Наперад, сыны!

Але нам раптам зрабілася шкада ўсяго нашага, і мы заплакалі, і ўцяклі. Збаяліся. Слабакі. І з таго часу мы ніколі не перашкаджалі таце піць каву ды курыць цыгару.

E9. Змрочныя засьценкі. На паляваньні

Доўга й балюча перажываючы ганьбу няўдалага атручэньня піцы, я два тыдні бязвылазна прасядзеў у пакоі і выбіраўся толькі ў сталовую і ў бібліятэку – каб паабедаць зь Ленай і пагартаць леташнія паэтычныя падшыўкі. Зрэшты, я практычна адразу пачаў выгадваць новы плян, ня меней клясычны: забойства на паляваньні. Кожную сераду праграмары выяжджалі конна ў лясную сядзібу, дзе стралялі бажаноў, гналі кабаноў, цкавалі мядзьведзяў, лавілі лісаў – гледзячы па сэзоне. Раней я пазьбягаў браць у гэтым удзел, шкадуючы безабаронных зьверанятаў, але зараз палез на антрэсолі й дастаў свой стары дзевяцімілімэтровы карабін. Садзьмуў пыл, пагладзіў халаднаваты бярозавы прыклад, пстрыкнуў па цаўю, хукнуў у рулю; потым паляжаў трохі ў ложку, уяўляючы, як за паўдня перастраляю ўсіх узурпатараў па адным. Ніхто й не западозрыць; я ж вярнуся ў Вучылішча трыюмфальным пераможцам і ратавальнікам. Я зірнуў у вакно: праграмары ўжо сядлаліся, моцна тупалі ботамі, дзяліліся тытунём, падцягвалі папругі, частавалі коней яблыкамі ды арахісам. Я трываць ня мог конскага паху і таму вырашыў паехаць на маршрутным таксі. Марудзіць было нельга; сьпехам паліўшы са слоіка з адталай вадой бягоніі, я замкнуў дзьверы й пабег на падворак. Праграмары гарцавалі і сьвісталі, іхны авангард ужо выцягваўся з брамы направа, у бок шашы. Маршрутка чакала мяне – тоўсты сівы таксісты ветліва махаў рукой і бадзёра газаваў. Я ўладкаваўся на пярэднім сядзеньні побач зь ім, і ён рушыў, на хаду наводзячы радыё. Перадавалі цягучы электрычны блюз; мы набралі хуткасьць, і праграмары адразу апынуліся далёка ззаду, а праз паўгадзіны я, шчодра расплаціўшыся, саскочыў на пясчаную абочыну. Таксісты заглушыў рухавік і разгарнуў сьняданак, а я паглыбіўся ў пушчу. Цьвілі баршчоўка й гусіная цыбуля, пырхалі маленечкія каролікі й крапіўнікі, здалёку даносіліся бразгат кузьні й рыпаньне млыну. Кожная сьцяжынка тут была мне знаёмая, і я, упэўнена узяўшы да поўначы, абмінуў сядзібу, перабраўся цераз яр і падняўся на парослы маладым хвойнікам пагорак, адкуль адкрываўся стратэгічна бездакорны агляд. Бавячы час, я расклаў вогнішча, заварыў гарбату са сьвятаяньніку й чабору ды сядзеў назіраў вавёрак. Неўзабаве, праз гадзіну ці крыху больш, пачуўся паляўнічы ражок, зьявіўся белы трохкутны вымпел, мільгануў між ствалоў барвяны плашч Галоўнага Праграмара. Яны сьпешыліся й разышліся шырокім няроўным ланцугом, высока падымаючы калені ў зарасьніках асакі й быльнёгу. Адзін, знаёмы мне азызлы бляндын, выключны мярзотнік, караскаўся па ўзроўку ў мой бок, і я саўгануўся яму насустрач, наўскасяк. Атросшы нагавіцы, ён пазяхнуў і пачаў круціць нямытай галавой, выглядаючы здабычу. Я падняў карабін, старанна прыцэліўся ў пукаты лоб, і тут ён заўважыў мяне. «А, Ролтан-бой! Ідзі-тка сюды. Паглядзі, што гэта з маёй стрэльбай? Бачыш, як руля сплюснулася? Быццам молатам раскляпалі. З чаго такое можа здарыцца? А ў цябе нармальна? Слухай, дай мне сваю, табе яна ўсё роўна непатрэбная. Я пакуль лез, двух гарнастаяў бачыў! Харошы карабін. На табе за гэта арэшкаў... а ўвечары яшчэ верашчакі паясі. Вось дзякуй! Ну бывай».

EA. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра самага лепшага пакупніка

Зрэдку, зь вялікай асьцярогай, мы прасілі расказаць казку Толікаву жонку, у мінулым філёляга, а цяпер бухгальтара. Яна працавала ў краме на рагу, ведала шмат чаго й ахвотна адгукалася на нашыя просьбы. І хоць яна засмучалася, што замест казак у яе кожны раз атрымоўваюцца жыцьцёвыя апавяданьні, нам было патрэбнае метавіта гэта – каб крыху прызямліцца.

– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, ня добры й ня дрэнны, не таўсты й не худы, імуноляг па прафэсіі, і ўздумаў ён аднойчы зрабіцца самым лепшым пакупніком ў нашай краме. Па-мойму дык самы лепшы той, хто шмат грошай гаціць, але ён разважаў інакш: пастанавіў купіць і пакаштаваць усе прадукты без выключэньня. Ён пачаў ад уваходу і рухаўся ўглыб, купляючы ў дзень па два-тры прадукты – прыкладам, малако, лук і арахіс – і мэтадычна запісваў усё ў нататнік. На наступны дзень правяраў уважліва, ці не зьявіліся на пройдзеным шляху якія навінкі, і калі так, дык браў іх таксама. Даведаўшыся выпадкова пра гэтага чалавека, наш гаспадар усхваляваўся страшэнна – чалавек ён нэрвовы, містычны, і ўсякія гэткія штукі адчувае тонка. Ён сказаў, што як толькі перакаштуе імуноляг усе прадукты, здарыцца жудасная катастрофа, і нельга гэтага дапусьціць. Стаў гаспадар хітрыць: то новы плаўлены сырок у глыбіню малочных паліцаў падкіне, то шакалядны батончык пад зэфірам схавае, то гарэлачныя цэньнікі месцамі памяняе. Але імуноляг той быў біты воўк, ён усе гэтыя заначкі выяўляў улёт – і ўжо да канца гандлёвае залы, да самой касы ў татальным сваім каштаваньні набліжаўся. Выдумаў тады гаспадар новы выкрут, кажа касірцы: як папросіць ён кавы рашчыннай – не давай яму, скажы дзей шкодна. Так яна й зрабіла. Але імуноляг не прасьцяк быў: я, кажа, лепей за вас ведаю, што шкодна, а што не! Калі ласка кавы мне, а інакш я скардзіцца буду, ня маеце права! Прыйшлося прадаць, а куды дзявацца. Палічылі мы тады прадукты і запанікавалі: заўтра самы апошні дзень надыходзіць! Усё перакаштаваў нягоднік-імуноляг, акрамя мятных ледзянцоў! Заплакаў тады гаспадар, заплакала касірка, заплакаў грузчык, дый я таксама заплакала. І адважыліся мы на апошні сродак: павесілі на мятныя лядзяшы цэньнік 1.000.000 даляраў. І чакаем, і са страху трасемся, усю ноч напралёт дрыжым. Назаўтра, ледзь расквітнела, зьяўляецца імуноляг. Абышоў усю краму, з нататнікам зьлічыў, і да лядзяшоў накіраваўся, з ухмылкай злавеснай. Але як убачыў цэньнік – тварам зьмяніўся, ды як зараве! Ірвануў на сабе кашулю са злосьці, гузікі так і пырснулі. Вые, шыпіць, нагамі тупае, плюецца, ды толькі зрабіць нічога ня можа. Няма ў яго такіх грошай. Так і сышоў ні з чым. Кажуць, на нейкі гіпэрмаркет пераключыўся, дзе за ім ужо ніхто ня ўсочыць...