Выбрать главу

– Ваш гаспадар, значыцца, дурылка? – сьмяяліся мы. – Баламут?

– Ужо калі хто й дурылка, дык дакладна ня ён, – адказвала Толіткава жонка. – Бо катастрофа і сапраўды набліжалася: калі імуноляг пачаў папяросы ды жуйкі з касы купляць, зямля стала ўздрыгваць пад падлогай у глыбіні, ня вельмі, але пагрозьліва. І нейкі дзіўны шум, быццам далёкі-далёкі сьвіст!

EB. Зь ліста Толіка. Пра пяшчоту

<...> і вымушаны быў узяць купэ, хоць я купэ не выношу – гэтую адвечную курыцу з пакета, гэтыя размовы, гэтае радыё, а пасьля бярушаў у мяне галава баліць. Так і аказалася: п'яненькі пабрыценькі ў кашулі ды інтэлігентная пара. Яны пачалі спачатку пра надвор'е, потым пра палітыку, і ўсё касіліся на мяне. Акасееце, думаў я ў адказ, гледзячы ў чорнае вакно. Пара расказала, што яны настаўнікі й едуць да сясьцёр, а п'яненькі быў пасьпяховым ***стым і ехаў па бізнэсовым справам. Ён трываў з усіх сілаў, але калі прынесьлі чай не стрываў і спытаў мяне: а вы хто? Але больш за ўсё на сьвеце я ненавіджу п'яненькіх пабрыценькіх ***стых, асабліва з карымі вочкамі, асабліва з пасьмешачкай, а больш за ўсё – у сьветлых кашулях у тонкую палоску. І я ўзяў ды ляпнуў не падумаўшы: я дару мужчынам ласку й пяшчоту... бо пяшчоты так нямнога ў нашых велізарных гарадах... а яны дораць мне падарункі. І нясьмела панурыўся, папунсавеў. І зноў імпэтна ўзьняў твар: але гэта ня тое, што вы падумалі, не-не, зусім ня тое! І зноў апусьціў. Павісла паўза. Настаўнікі, зрабіўшы выгляд і нібыта абыякава падняўшы бровы, зашамацелі цэляфанам, рассыпалі на сурвэтку соль і пачалі катаць вараныя яйкі. Пабрыценькая кашуля разьмешвала цукар. Мне здавалася, што я дапёк і параніў яго: увасабленьне заганы едзе зь ім у адным купэ й нават заняло ніжняе месца! Але дзе там. Калі я выйшаў у прыбіральню, ён дагнаў мяне ў калідоры і, нясьмела пракашляўшыся, стаў удакладняць наконт пяшчоты. Напусьціўшы на сябе пыхлівасьць, я сказаў, што прымаю толькі жэмчугі й амэтысты. У замяшаньні ён замоўк, і я праціснуўся бокам назад, пад абарону настаўнікаў. А потым, ужо ў цемры, калі настаўнікі заснулі, ён зьвесіўся са сваёй паліцы і правёў рукой па маім плячы. Ён напалохаў мяне! На шчасьце, у кішэні пінжака ў мяне быў дарожны швейны наборчык, я навобмацак дастаў іголку й лёгенька кальнуў ***стага ў далонь. Ён напужаўся: падскочыў і заскуголіў у сябе на палацях – пэўна, падумаў, што гэта шпрыц, і я заразіў яго сьнідам. А настаўняткі, аказваецца, усё бачылі, ня спалі – панічна блішчалі вачыма, як зацкаваныя грызуны <...>

EC. Аповед Коліка. Пра Буду

Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у камэры сядзеў прафэсар-усходазнаўца, спэцыялісты па будызму. І аднаго разу, за цыгаркай, прафэсар расказаў Коліку, што на самой справе гісторыя Буды Гаўтамы трохі розьніцца з той, якую мы прызвычаіліся чуць у школе.

Што на самой справе ён нарадзіўся зусім ня ў царскай сям'і, а ў шавецкай майстэрні, пад варштатам. Што быў ён не прыгожы, а выродлівы, і не разумны, а дурны, як палена. Усе, хто бачыў Гаўтаму, адчувалі агіду й пагардліва клікалі яго Лярвёнак. Адзіны, хто цаніў яго, быў гаспадар майстэрні – бо Лярвёнак з самага маленства ўмеў хутка спорваць падэшвы са старых чаравікаў. Таму, калі да гаспадара прыйшлі браміны і прадказалі, што Лярвёнка нельга выпускаць з майстэрні, інакш ён не застанецца шаўцом, гаспадар загадаў яму ня сьмець падыходзіць да дзьвярэй. І прыгразіў малатком. Так прайшло гадоў пяць ці дзесяць, але аднойчы ў пятніцу гаспадар выпіў на шклянку болей за норму і цалкам страціў прытомнасьць – і Лярвёнак адважыўся ўзяць у яго ключы. І выйшаў агледзецца. Тое, што ён убачыў звонку, узрушыла яго! Спачатку яму сустрэлася дзяўчына, невыказна прыгожая, сапраўдная багіня. Яна размаўляла па тэлефоне і працокала міма, нават не заўважыўшы Лярвёнка. «Хто гэта?» – спытаў ён мінака. «Гэта дзяўчына, ідыёт! Але нават і ня мар, гэта ня для брудных голых прышчавых тупых лярвёнкаў, як ты», – засьмяяўся мінак. Лярвёнак сумна пайшоў па вуліцы далей і неўзабаве ўбачыў аўтамабіль, невыказна прыгожы, як калясьніца Феба. «Што гэта?» – спытаў ён другога мінака. «Гэта кабрыялет, дурань! Але нават і ня мар, табе трэба дзесяць жыцьцяў працаваць шаўцом, каб на яго назапасіць», – сплюнуў мінак. Лярвёнак сумна пайшоў па вуліцы далей і неўзабаве ўбачыў, як зь невыказна прыгожага аўтамабіля выходзіць хлопец, і невыказна прыгожыя дзяўчыны абступаюць яго, зазіраюць у вочы, цягнуць аркушыкі й імкнуцца пакратаць за рукаў. «Чаму?» – спытаў ён трэцяга мінака. «Гэта кінаактор, крэтын! Але нават і ня мар, гэта ня для бязродных выродлівых неданоскаў», – адрэзаў мінак. Будзь Лярвёнак разумнейшы, ён бы не паверыў шкодным мінакам. Але ён быў дурны і паверыў. І адвярнуўся. І сказаў: «Жыцьцё – гэта пакуты. Жаданьні – крыніца пакутаў. Каб пазбавіцца жаданьняў, трэба ачысьціць розум». І пайшоў прэч з горада, у лясы, практыкаваць васьмярковы шлях.