Выбрать главу

ED. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра часткі цела

У юнацтве Хуліё больш за ўсё на сьвеце любіў жаночыя каленкі. Ён ахвотна й падоўгу расказваў нам, якія яны бываюць, якія асалоды ў сабе ўтойваюць і як дужа розьняцца з мужчынскімі. А як жа душа? – дражнілі мы яго, але ён адказваў, што душа само сабой вядома, і тым ня менш каленкі. Ішоў час, і з узростам ягоная цікавасьць усё ж крыху ўзвысілася: ён прызнаў, што жаночыя сьцёгны вышэйшыя за каленкі, і толькі яны вартыя палу. Гэтай любові яму хапіла на шмат гадоў, а потым ён нечакана для ўсіх падняўся яшчэ вышэй: да радасьцяў тазу й заду. Замацаваўшыся на гэтай вышыні, ён прабавіў там доўгія гады, у пяшчоце і заслужана-салодкай нячыннасьці. Але вышыня па-ранейшаму вабіла яго, і аднойчы Хуліё даказаў, што ён яшчэ ў форме: зьдзейсьніў дзёрзкі рывок да таліі. І потым, ледзь аддыхаўшыся – да грудзей! Мы назіралі, абмяркоўвалі, рабілі прагнозы і стаўкі – куды далей? Толік лічыў прамалінейна – шыя, а потым твар, валасы; я выступаў за бясьпечнае ссоўваньне ў бок – плечы й рукі; Колік пэўніў, што здарыцца нечуванае – Хуліё зрушыць пэрпэндыкулярна, зацьвердзіць трохвымернасьць прасторы й пакахае паветра. «Паветра?» «Паветра!»

Але Хуліё спыніўся на дасягнутым і больш аніколі не зьмяняў сваю любоў.

EE. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра песьні

Мой брат Колік, дасягнуўшы сталасьці, зрабіўся дасканала непахісным чалавекам, стрыманым і поўным годнасьці, нібы стары індзейскі правадыр. Мы з брацікамі не аднойчы правяралі – зьнянацку крычалі яму ў вуха, ці чыркалі запалку пад самы нос, ці замахваліся рыдлёўкай – але ён нават не міргаў; толькі потым, праз хвіліну, зьлёгку ўсьміхаўся з пагардай. Але была і ў Коліка свая слабасьць: песьні пра маму. Нязначна чые, хоць Высоцкага, хоць Вярцінскага, хоць самага апошняга эстраднага шансанье – на Коліка яны дзейнічалі магічна! Ён дранцьвеў і зачаравана слухаў, зглытваючы і абціраючы вочы на прыпевах. Мы заўсёды зьдзіўляліся і казалі яму: навошта табе гэтыя песьні, калі крок ступіць да жывой і здаровай мамы? Ці ня глупства, ці ня грэх плакаць па тым, хто побач, хто на першым паверсе фарбуе вусны перад авальным люстэркам? На гэта Колік адказваў, што калі мы чагосьці не разумеем, дык ці ня лепш прамаўчаць, аніж лезьці, блытацца й набівацца? Ну тады растлумач нам, напіралі мы, так, мы не разумеем, мы толькі й чакаем тлумачэньняў! Але Колік хмыкаў і дзень у дзень нічога не тлумачыў. Ня ў сілах ані пахіснуць яго, ані пакінуць у спакоі, мы паціху зьмянілі тактыку: цяпер, зрабіўшы выгляд, што ўсё зразумелі, а на самой справе жадаючы павесяліцца й пакуражыцца, мы пачалі падсоўваць Коліку розную сумнеўную музыку – то Шубэрта, то Гершвіна, то Брэля, то японскі эмбіэнт, то нарвэскі дум, то ўвогуле васьмібітныя мэлёдыі зь відэагульняў – і казалі: гэта пра маму. І Колік, які ня ведаў ані назваў, ані моваў, даверліва міргаў вачыма, сядаў і з заміраньнем слухаў. Мы некаторы час гігікалі і перамігваліся ў яго за сьпіной, а калі стамляліся перамігвацца, узьбівалі пухоўкі, накрываліся пледамі і таксама паглыбляліся ў песьні. А часам заходзіла і мама, раздавала нам лякрычныя палачкі, падтыкала пледы, устаўляла саломінку ў кактэйль і слухала разам з намі.