Сумную славутасьць набыў адзін з гараджанаў, сталы хімік-неарганік, гарачы аматар пераездаў, які ў пяцьдзесят тры гады раптам выявіў, што пажыў абсалютна ўва ўсіх хатах гораду. Тыя, хто ў момант выяўленьня знаходзіліся непадалёк, распавядалі, што хімік выдаў надзвычайнае сілы крык, працяглае нутровае выцьцё, ад якога халадзелі рукі й пакрываліся дрыжыкамі сьпіны. Ён выскачыў і пабег вуліцай, б'ючы сябе ў грудзі й разьдзіраючы вопратку, з рыкам і хрыпам, сеючы паніку сярод квяточніцаў і бакалейнікаў. Яго атрымалася супакоіць толькі бутэлькай вэрмута, прычым адны сьцьвярджалі, што ён прыняў яе ўнутар, а іншыя, злосныя – што атрымаў ёю паміж вачэй. Потым няшчасны пасяліўся ў намёце на краі гораду, ля новае шматпавярховае будоўлі – ён днямі праседжваў на паддонах з цэглай, у маўклівай нудзе, а прарабы яго праганялі. Але па кватэры ў гэтым доме ужо стаяла чарга, і хімік неўзабаве зьнік. Адны сьцьвярджалі, што ён падаўся ў другі горад, а іншыя, злосныя – што будаўнікі яго замуравалі.
19. Змрочныя засьценкі. Гэта наша Вучылішча
Татаў нісан разьвітальна гуднуў, з хрумстам разьвярнуўся па жвіру і пакаціў назад, да далёкага дому. Бязь сьлёз, бяз крыку, я глядзеў усьлед. Як толькі я міргнуў, нісан зьнік у гаях, а мяне ўзяў пад локцік хмурны старэча-праважаты. Я быў апошні, астатнія прыехалі на аўтобусе і чакалі мяне. Дзіўныя дзеці: у лядашчых шэрых вопратках, панурыя, кульгавыя. Нас вялі ўздоўж бэтонавага плота да двухпавярховага будынку з чырвонае цэглы, і я разглядаў спадарожнікаў. Скурчаны хлопчык у паўкажушку і галёшах; хлопчык са шнарамі на голенай галаве; хлопчык без рукі; дзяўчынка зь велізарнай галавой, завінутай у ваўняную хустку; дзяўчынка на мыліцах. Мне зрабілася моташна і я пачаў глядзець лепш на плот: увесь з квадрацікаў, быццам вафлёвы, з тоўстымі трубамі, іржавай арматурай. Ля будынку, наспазор закінутага, з пустымі вокнамі, нам загадалі шыхавацца па двое. Я патрапіў побач зь дзяўчынкай у чорных акулярах, яна паклала лёгкую руку мне на плячо і ўсьміхалася ў прастору. «Гэта наша Вучылішча», – сказалі старэчы-праважатыя. Яны пачалі спускацца па лесьвіцы ў сутарэньне. Гэта нагадвала казку пра Гары Потэра, але там дзеці йшлі па лесьвіцы ўверх, а мы йшлі ўніз. Халодныя вільготныя сьцены, змрок. Унізе нас сустракаў маленькі чалавечак, увесь вывернуты, з вогненным поглядам, і пытаўся: як тваё імя? І запісваў у кнігу. Калі ён убачыў мяне, ягоныя вочы загарэлiся асаблівым агнём: які добранькі! якi чысьценькі! Ролю? Так-так... Мне было жудасна, але я нібы здранцьвеў і ня мог крычаць. Нас правялі ў пакоі. Я паставіў свой куфар на скрыню і атупела сядзеў. Вокнаў не было, але ложак быў мяккi, спружынавы. Хлопчык насупраць мяне, слабы, з бледнымі валосікамi, не чакаючы пытаньняў, пачаў распавядаць нарасьпеў, разгойдваючыся, як рабочыя знайшлі яго ў салянай шахце і ўсынавілі. Рабочыя выкармілi яго просам і здорам, сьвiнячым тлушчам, дабрадзеі. Паглядзі на мае пальчыкі, Ролю. І тады, убачыўшы ягоныя пальчыкі, я закрычаў.
1A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра прэсную ваду
Калі мы былі маленькія, тата амаль кожны вечар заходзіў пакласьці нас спаць, накрываў коўдрамі і распавядаў казку. Тата ведаў мноства змрочных і страшных казак, і такія мы любілі больш за ўсё, але часьцютка ён перамяжаў іх добрымі і аптымістычнымі, у выхаваўчых мэтах. А часам трапляліся гісторыі, у якіх наогул нічога немагчыма было зразумець, прыкладам казка пра ваду.
– Жыў-быў адзін чалавек, ні высокі ні нізкі, ні худы ні тоўсты, і вось аднойчы ён прачытаў артыкул пра экалёгію, у якім палохалі разнастайнымі катастрофамі і выміраньнем. Асабліва яго жахнула – аж сэрцайка сьціснулася – што можа скончыцца прэсная вада. Чаму менавіта гэта жахнула, а ня тыя дзіркі ў азонавым пласьце? Ці яшчэ што? Ніхто ня ведае. Можа, ён гарбаты многа піў. Карацей кажучы, страціў ён з тых часоў і спакой, і сон. Мучыўся-мучыўся, думаў-думаў, і прыдумаў. Купіў ён, значыцца, хатку ў вёсцы зь дзялянкай зямлі, разьмеціў дзялянку на квадраты, і на кожным квадраце стаў капаць ямы. Вырые яму, забэтаніруе дно й сьценкі як сьлед, а потым напоўніць яе вадой і вечка гермэтычна прыладзіць. Справа вядома няпростая й няхуткая, але за год, не ператамляючыся, ён пасьпеў закансэрваваць 20 кубамэтраў. І далей бы кансэрваваў, але тут вада пачала даражэць, даражэць, а потым і катастрофа грымнула. Не засталося больш на зямлі прэснае вады, і чалавецтва вымерла. А той чалавек свае запасы карыстаў эканомна, і яму да самай сьмерці вады хапіла, гадоў дваццаць яшчэ пражыў. А шкарпэткі ў моры мыў – бо працца можна і ў салёнай вадзе, нічога страшнага. Вось як здараецца, дзеткі. Добрай ночы!