Заставалася зьмірыцца?
FA. Уцёкі ды туляньні. У купэ
У суботу Белы Паляўнік нанава абмацаў мяне і знайшоў нататнік. Ён чытаў, закінуўшы нагу на нагу, і рытмічна торгаў пальцамі, праз што заднік тапкі адсоўваўся ад пяткі і зноў змыкаўся зь ёй, нібы рот. Ён чытаў і хрумсьцеў салёнай саломкай, сёрбаў гарбату, а я бездапаможна выгінаўся й выцягваўся пад прасьцінай. Захапіўшыся чытаньнем, ён зьлёгку рухаў вуснамі, шырока расстаўляў ногі і паціраў пахвіну рубам далоні. Ён мачаў саломку ў гарбату:
– Вось бачыш! Усе твае гісторыі супярэчаць адна адной. Сам памяркуй, – ён аблізваў саломку і кусаў.
– Хлусьня.
– Ды кінь, кожны можа прыхварэць. Галоўнае, што зараз ты ў добрых руках. Бачыш, ты прапусьціў коску, – ён нахіляў да мяне нататнік.
– Хлусьня!
– А з больніцы навошта зьбег?
– Гэта ня больніца!
– Ляжаў-ляжаў, узяў і зьбег. Бягунок! Ну дый што казаць, што было тое было. Але годзе – зараз спакой і харчаваньне. Ніякіх турботаў. Павер мне, бо я – твой лекар. Дай-ка руку.
– Ты ня лекар, а забойца.
– Цю! Сэрцайка так і калоціцца. Прыдумаў нейкіх брацікаў, а сам ізжаўцеў увесь. Табе трэба больш тлустага есьці. Гэй, сьцюард!
Зьявіўся правадыр у фуражцы, стаў у дзьвярох, выразьліва не зважаючы на мяне.
– Нясіце супчык і катлеты, ды борзда. І падліўку!
Правадыр кінуўся, закамандаваў адрывіста і неразборліва. Унесьлі паднос.
– Бяры лыжку, еш.
– Пусьціце!
– Ах ты гад, расплюхаў! – і яны наваліліся ўсе разам. – А ну рот расчыняй. Зачэрпвай гусьцейшае яму, з фрыкадэлечкай. Бач, прывыкнуў, значыцца, локшыну сваю сухама. Жары катлету. Кусай, сказаў. Давай, мужык, круці яму руку, хай глытае. Масла ў пюрэ не забыліся? Брацікі ў яго, цаца якая. Еш давай. А цяперака кампот. Асьцярожна, зубы. І яблыкі таксама, а што ж ты думаў. Ну, паварочвай яго. Трымай яму нагу, ня бойся, вось тут. Няхай сьпярша на жываце паляжыць, а пасьля на сьпіне, каб страўнік з усіх бакоў ежу патравіў.
FB. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра нюансы
Калі мы з брацікамі зрабіліся дарослыя, мы адразу зацікавіліся рэлігіяй, а асабліва сувязьзю жыцьця з замагільлем. Грэх, карма, страшны суд, рай, пекла, рэінкарнацыя, уваскрэсеньне, нірвана... Што з намі будзе? Што трэба рабіць? Ні тата, ні мама, ні дырэктар школы, ні пажарнікі пэўна нічога растлумачыць не маглі, і кожная размова зь імі канчалася тужлівымі навучаньнямі – трэба дзей добра сябе паводзіць і не балавацца. Зрэшты, мы й ня надта спадзяваліся – бо скуль ім ведаць? Мы кожны дзень хадзілі да раённай больніцы і падоўгу сядзелі на лавачцы ў сквэры, чакаючы выпісаных хворых – але ня простых, а тых, хто перажыў клінічную сьмерць. Людзей, якія бачылі тагасьвет, можна было адразу пазнаць па новаму камплекту пасьцельнае бялізны – заахвочвальных прызоў ад галоўнага ўрача. Многія ўваскрэслыя былі слабыя й сумныя, але часам трапляліся цалкам бадзёрыя і жыцьцярадасныя. Згледзеўшы бялізну, мы ўскоквалі з лаўкі, падбягалі й пыталіся: ну, як яно там? Адны паціскалі плячыма ды скардзіліся, што нічога не пасьпелі ўбачыць, акрамя чарноцьця, іншыя пацьвярджалі зьвесткі пра сьветлы тунэль. Трэція ж, ацаніўшы нас позіркам, прысаджваліся на лаўку, загадвалі зьбегаць па каньяк і, адпіваючы па глыточку наўпрост з рыльца, заводзілі аповеды з падрабязнасьцямі – вось яны нам і былі патрэбныя. Аповеды гучалі самыя неверагодныя, абуральна супярэчныя адзін аднаму, але мы не сумняваліся, што ўсе яны – праўда.