Выбрать главу

– Ведаеце, у раі аказаліся нечакана важныя такія нюансы, пра якія ў жыцьці ніколі й не падумаеш! – дзяліўся ўражаньнямі каржакаваты пекар з хлебазавода. – Каб вы разумелі, адразу ўдакладню, што значную частку жыцьця я правёў у няспынным граху, даволі-такі разбэшчаным... пра падрабязнасьці іншым разам. Спыніўся я, не паверыце, толькі бліжэй да пяцідзесяці – не празь нейкую падзею, не, проста само прыйшло – дык вось, усьвядоміў я ўсю нізасьць свайго існаваньня і стаў крэпка на шлях дабрадзеі. Пасьціўся, маліўся, усім дараваў, добрыя справы рабіў. Вельмі стараўся, не жартую. І вось значыцца мінулага тыдню: паміраю, лячу, хвалююся вядома... але архангелы мяне амаль без замінкі прапусьцілі. Увайшоў я, пахадзіў, пабыў... Там вядома выдатна, што і казаць, але я цяпер не пра гэта хачу. Вы ж бачыце, я чалавек вельмі таварыскі, адкрыты, інтэграцыя ў соцыюм для мяне – гэта ўсё. А тут чамусьці мяне пазьбягаюць – робяць выгляд, што занятыя ці сьпяшаюцца, альбо абыходзяць па далёкай дарозе. Ды што ж гэта такое! То да аднаго я, то да другога, але ўсё вітаюцца цераз зубы й адварочваюцца, аніводнай усьмешкі! Да таго крыўдна мне зрабілася, хлопцы, што сеў я й заплакаў. Доўга я плакаў і стагнаў, доўга, пакуль нарэшце ня зьлітаваўся нада мною адзін анёл і не паклікаў да сябе ў церамок. «Зараз я патлумачу, чаму ты ізгой». Ён увамкнуў праектар і пачаў маё жыцьцё пракручваць на паскоранай перамотцы – у іх усё запісана штохвілінна – шукаць патрэбны момант. Пакуль ён перамотваў, я з сораму дзесяць разоў халодным потам абліўся: вось тут я подла схлусіў! вось тут утаіў! вось тут абгаварыў! вось тут здрадзіў! вось тут... ой не, толькі ня тут, калі я й яна... калі мы... калі ўсё даведаюцца... ой не! Але ён круціў усё далей, і нарэшце спыніў: я ўвечары здымаю шкарпэткі ды кідаю ў пральную машыну. І пазірае. «І што ў гэтым дрэннага?» – зьдзівіўся я. «Ты іх панюхаў!» «Што?!» «Ты нюхаў свае шкарпэткі!» «Ну дык што? Я нюхаў, каб пераканацца, што яны брудныя, усяго толькі». «Быццам яны маглі быць ня брудныя!» «Але каму праз гэта шкода?» «Шкоды нікому. Гэта проста агідна!» «І таму вы?..» «І таму мы». «Але ж я рабіў дабро столькі гадоў запар!» «Рабіў, так – і вось ты ў раі. Але большага не чакай». «Цудоўна! Няўжо аніхто аніколі ня нюхаў шкарпэтак, толькі я адзін?» «Ня толькі; але ўсе яны адназначна трапілі ў пекла. Ня праз шкарпэткі, зразумела, былі іншыя прычыны. Але для супадзеньня занадта відавочная тэндэнцыя! Адзін ты ў рай прасякнуў». І ён устаў, даючы зразумець, што сказаў усё. Ну а я не разважаў, выскачыў зь церамка й адразу бягом назад, уніз, на зямлю – на шчасьце, магчымасьць была, тунэль гэны яшчэ не зачыніўся. Пашанцавала, можна сказаць.

– А на зямлі колькі часу прайшло?

– Дык хвіліна ўсяго. Кажу ж, пашанцавала.

– Гм... Ну а далей што? Якія пляны?

– Ня ведаю. Пажыву пакуль, там відаць будзе.

FC. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра зайздрасьць

Тата быў строгі да Хуліё, свайго сына ад першай жонкі. Асабліва ён не любіў ягоных каханьняў. Даведаўшыся, што Хуліё зноў закаханы, тата тым жа вечарам склікаў нас да свайго прапахлага карыцай і апэльсінамі ложа. І расказваў якую-небудзь злосную, жорсткую казку. Быццам бы жылі-былі прыкладам ну... Ну хай хлопец і дзяўчына, і ў сьветлы вясновы дзень яны ўпершыню дакрануліся вуснамі вуснаў. І кахалі яны адно аднаго так моцна, што нічога вакол не заўважалі. Плылі аблокі, зьмяняліся дні й ночы, зімы й леты, а яны ўсё глядзелі адно аднаму ў блакітныя вочы й кружыліся, кружыліся. Пацалунак за пацалункам, шчасьлівы сьмех, замілаваны шэпт… Завітала да іх аднойчы чароўная фея і зморшчылася: што за памыйніцу вы тут разьвялі? Усюды аб'едкі, агрызкі, шкарпэткі, сьлізкія талеркі, пустыя бутэлькі, мёртвыя мухі, ірваныя гумкі. Гнілыя яблыкі. І самі ляжаць у лужыне бруду, абняўшыся: тлустыя, маршчыністыя, храпуць, булькаюць...