– Тата, спыніся зараз жа! – Хуліё ўскокваў і ўцякаў на тэрасу.
Тата проста зайздросьціў яму. Зьнясілены сівы старэча: плакаў, зачыніўшыся рукой. Мы пагардлівым цугам выходзілі ад яго і самі складалі канец: зайздросная фея заблытвалася ў правадах лямпы й згарала праз электрычны ток-шок. А яны нават ня чулі. Радасна сьмяяліся, глядзелі на ўсход сонца, трымаліся за рукі, гладзілі адно аднаго па валасах, ніколі не паміралі.
FD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра распад
Аднаго разу, калі мы з Валікам гулялі ў го, папіваючы чай, на лесьвіцы пачуўся тупат. «Гэта толькі Хуліё можа так бегчы», – заўважыў Валік. Убег Хуліё. «Братцы, ратуйце, ратуйце!» – і ён пацягнуў нас за рукавы. «Куды? Што здарылася?» Мы выйшлі за ім. «Хутчэй, хутчэй жа! Яна распадаецца!» «Хто распадаецца?» Мы шыбавалі за ім па вячэрніх вуліцах, і Хуліё бязладна расказваў пра сваё апошняе каханьне, дзяўчыну з гістарычнага факультэта. «Нам было так добра разам! Яна таксама захаплялася хіп-хопам, уяўляеце! Яна была такая прыгожая, лепш за ўсіх! Яна марыла пра кацяня! Мы гадзінамі глядзелі на зоры! Мы маглі цалавацца ўсю ноч!» «Дык што здарылася, Хулі?» Ён заплакаў. Мы йшлі ў кірунку да фартэпіяннае фабрыцы, гэта было ўжо зразумела.
«Спачатку ў яе адарваўся мезенчык!» «Што??» «Яна гладзіла мяне, і ў яе адваліўся мезенчык! Так дзіўна, без крыві, бяз болю, проста адпаў!» «Што за лухта?» «Яна сказала, што нічога страшнага! Мы так кахалі адно аднаго! Мы сустракаліся ў катакомбах фартэпіяннай фабрыкі, там столькі зацішных куточкаў! Мы кахалі адно аднаго так моцна, так па-рознаму, па дзесяць разоў на ноч! У мяне не было такое асалоды ніколі! Я вывяргаўся і ўздымаўся зноў, вывяргаўся і ўздымаўся!» «Кідай, Хулі, давай па справе».
«Потым у яе адвалілася нага!» «Што??» «Яна скакала на мне, і ў яе адвалілася нага!» «Ты што, расчляніў яе?» «Не-не, што вы, зусім не, проста яна неяк няёмка падвярнулася й адвалілася, як у лялькі! Я жахнуўся, але яна сказала, што гэта таксама ня страшна, што так часам бывае ў маладых дзяўчат, што я – ейнае першае каханьне!» Мы запалілі ліхтар і асьцярожна спускаліся ў катакомбы. «А да доктара не спрабавалі схадзіць?» «Не, яна не змагла б ісьці без нагі! Але яна сказала, што гэта й ня трэба! Што яна можа пакуль пажыць тут, ва ўлоньні нашага каханьня! О, яна была такая пяшчотная, а я быў такі нястрымны! Мы зьліваліся ў шалёным пале, як дзікія тыгры! Як гнуткія леапарды!» «А потым у яе адвалілася рука, так?» «Так, так!» Хуліё рыдаў, спатыкаўся, і Валік прытрымліваў яго за локаць. «Гэта тут!»
Мы ўвайшлі ў пакойчык, які раней быў кельляй наладчыка. На белай шаўковай коўдры, у сьвятле сьвечак, ляжала дзяўчына такой чароўнай прыгажосьці, што нагадвала абрысамі твару й постаці антычных багіняў. Толькі тулава. Мы прыязна павіталі яе, стараючыся не глядзець на даверліва адкрытыя грудзі, лілейныя, лебядзіныя. «Гэта твае браты, Хулі? Якія вы падобныя!» Голас ейны быў моцны і звонкі, сонечны, дзіўны ў гэтым земляным прыцемку. Ейныя ногі, рукі, пальцы акуратна ляжалі на варштаце і нагадвалі нейкі недарэчны вялікі канструктар. Я хацеў дакрануўся да нагі – цёплая ці не? – але падумаў, што дзяўчыне можа быць сорамна.
Што мы маглі зрабіць? Валік зьбегаў і выклікаў лекараў. Лекары зьдзіўлена паківалі галовамі, паклалі дзяўчыну на насілкі, канцавіны сабралі ў мех і зьехалі. «Бывайце! – крыкнула яна нам сонечным голасам з машыны. – Бывай, Хулі!»
Па дарозе дадому мы павучалі Хуліё: не сустракайся з чароўна прыгожымі, не сустракайся са студэнткамі, не сустракайся ў катакомбах. Добра яшчэ, што ў цябе ёсьць брацікі. А калі б ня мы? І Хуліё, уздыхаючы, абяцаў быць разумнейшы.
FE. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра музыку
Калі мы былі маленькія, маме дужа не падабалася, што тата ставіў нам ўсякую такую музыку. Мама баялася, што мы зьедзем з глузду – яна так і казала. Яна ўпотай падмяняла татавага Стравінскага на Пугачову ды Мадону. А нам было ўсё роўна, абы паскакаць. І вось аднойчы, позьнім вечарам, мама ўвайшла да нас у пакой, каб пападтыкаць коўдрыкі й пацалаваць у лобікі, але засьпела, як мы замест існу ў ложках скачам з зэдліка на зэдлік пад «Сымфонію псалмоў» і падпяваем на ўсё горла. Мама нахмурылася, вымкнула прайгравальнік і прысела на Валікаў ложак.
– А зараз, дзеткі, кладзіцеся ў пасьцелькі, а я вам страшную казку распавяду. Бачылі ў двух кварталах адсюль, па дарозе да рынку, хату, змрочную й пазабіваную дошкамі? Бачылі? А ведаеце, хто там раней жыў? Раней жыў там хлопчык, што таксама любіў музыку, як вы. І спачатку, пакуль ён слухаў звычайныя нармальныя песьні, усё ішло добра – вучыўся на выдатна, займаўся лёгкай атлетыкай, хадзіў бабулі ў краму па малако, нават матам ня лаяўся. Але потым, хто яго ведае чаму, стала яму мала нармальнай музыкі, стаў ён слухаць ўсякае такое. Пачаў слухаць рок – і стаў вучыцца горай, зь лёгкай атлетыкі перайшоў на цяжкую. Гэта б яшчэ нічога, дзеткі, але потым і рок яму надакучыў, і зьмяніў ён рок на клясыку. Вучыўся цяпер пасрэдна, спорт закінуў, а бабуля гаротная ўжо сама хадзіла па малако, з кійком. І калі б на гэтым усё скончылася! О!.. Але на жаль, на гару цяжка падымацца, а каціцца ўніз лягчэй лёгкага... Плюнуў той хлопчык і на клясыку – прыахвоціўся да ўсякіх дзікунстваў кшталту мадальнага джазу й розных гэтых імправізацыйных выкрутаў. У школу ён, зразумела, больш не хадзіў, а старэнькую бабулю ганяў па віно й цыгарэты. Дрэнная справа! Але няма каму было яго спыніць, няма каму было за руку ўзяць, і ўсё бліжэй ён да прорвы набліжаўся: Штокгаўзэн, Ксэнакіс, Кэйдж, і хто там у іх яшчэ бывае. А потым... Потым адправіў хлопчык бабулю ў багадзельню, выкінуў усе кружэлкі на сьметнік, а сам замкнуўся ў хаце і стаў слухаць цішыню. Рыпаньні даху, трэскі дошкаў, шоргаты мышак, шум хвілінаў у вушох. Так і жыў... Даведаліся пра гэта санітары з вар'ятні нумар адзінаццаць – і паслалі да яго аднаго мэдбрата, каб угаварыць. Дзень прайшоў, два прайшло – не вяртаецца мэдыцынскі брат. Паслалі яны другога – і той не вярнуўся. Паслалі трэцяга – ціха. Устрывожыліся тады санітары! Узялі яны вілы ды дубіны, клікнулі на падмогу пажарнікаў, і пайшлі ўсе разам на хлопчыка. Прыйшлі – і аслупянелі! Сядзіць хлопчык з нажом у руках, а ля ног ягоных мёртвыя мэдбраты, тыя што першымі прыйшлі, зарэзаныя! Што ж ты, загаласілі санітары, учыніў? Што ж ты, вылюдак, нарабіў? Навошта людзей жывых загубіў? А хлопчык ім у адказ: хацеў я, кажа, паслухаць, як кроў у іх з горла выцякае... Ох і музыка... Вось дык музыка... Дый толькі ня кожнаму яна па сэрцы прыйдзецца! Кінуліся тады на яго санітары, кінуліся пажарнікі, і ну вязаць. А хлопчык як ускочыць! Нож як выхапіць! Як зарагоча!.. Куды дзецца, мусілі ўсыпіць яго. А ў хаце гэнай з тых часоў ніхто й не жыве – кажуць, зь яе па начох музыка злавесная даносіцца, быццам аднекуль з-пад зямлі... Вось як, дзеткі.