Тата пагасіў сьвятло і выйшаў.
– Жудасная казка! – сказаў Хуліё дрыготкім голасам. – Усе памерлі.
– Але галоўны герой жа выжыў! І дажыў да натуральнае сьмерці, – сказаў Колік. – Гэта хэпі-энд.
1B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра абсалютны чэпчык
Наша мама гістэрычна баялася вухавёртак. У маленстве яе настрашыла бабуля: калі будзеш дрэнная дзевачка, дык яна запаўзе табе ў вуха і працяне бубенную балонку! Мама, вядома, ня кінула быць дрэннай дзевачкай, але з тае пары клалася спаць толькі надзеўшы каптурык. Нават у летнюю сьпякоту! Тата хацеў быў пераканаць яе ў сьмяхотнасьці страхаў: іроніяй, лёгікай, Вікіпэдыяй, юнымі натуралістамі, але ўсё дарма.
Затое маме было лёгка рабіць падарункі! Ня трэба думаць. На Новы год, на Восьмае сакавіка, на Дзень нараджэньня – новы каптурык, хто на які здольны. Тата аддаваў перавагу прэстыжу і клясыцы: чорны крэп-жаржэт, чырвоны атляс, залатая аблямоўка. Мне падабалася пяшчотнае: я абіраў мяккую пражу пастэлевых тонаў, шоўк і тонкую казіную воўну, вышываў прыгожымі літарамі «Мілосная Матухна, Ролі Любіць Цябе» і сэрцайка. Толік лічыў, што важнейшыя за ўсё дыхтоўнасьць і карыснасьць: тўідавыя чапцы з футравым падбоем, з вушамі, гумкай і завязкамі, каб аніводная казурка не прабралася. Валік майстраваў мастацкія хэндмэйды на розныя стылі: дада й дэкаданс, Дорэ й Дэлакруа, зь нечаканымі дадаткамі з каляровае саломкі, лінолеума або аднаразовых кухаляў. Хуліё адмаўляўся ўдзельнічаць у гэтым вар'яцтве: ён заўсёды дарыў толькі кветкі, толькі чырвоныя гербэры.
Ну а Колік – Колік маяўся. Часовы сродак? Замілавальны, але фармалёвы падарунак? Не, Колік быў не такі! Ён заўсёды мерыўся на абсалютнае. Са сьвята на сьвята Колік дарыў дробязі: навалку, рондаль ці скрыню з цукеркамі, а сам нястомна хмурыў лоб, думаў, цяміў. Чытаў Апакаліпсіс і Е.П.Б. І вось аднойчы, на маміныя Мяніны, урачыста паднёс: просты белы чэпчык. З выразным надпісам на вывараце: «Вухавёртка Памры Сьмерцю Чорнай». І чатыры жудасныя крыжы.
Надзела мама чэпчык, паклалася, заснула. А сярод ночы пачуўся зь ейнага пакою крык! Убег тата, убеглі мы. Расказала – зьявіўся да яе ўва сьне Вярхоўны Вухавёрт, паваліўся на калені дый моліць: «Спалі, матухна, чэпчык гэты злавесны, пашкадуй маіх дзетачак! Клянуся табе цэркамі маімі царскімі, што сыдзе наш народ з тваёй хаты назаўсёды і аніколі блізка не наблізіцца!» Што ж. Памеркавалі мы й пастанавілі на сямейнай радзе: прымаем запавет казуркавы. Выйшлі ў гарод, выкапалі ямку, дый спалілі чэпчык дашчэнту. І зямлёю засыпалі.
Вось такім чынам і разбаялася наша мама вухавёртак – бо паверыла. Але чэпчыкі ўсё роўна любіла, па абычцы.
А Коліка мы запаважалі.
1C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра першую Валікаву карціну
Наша мама, заўзятая прыхільніца ўсяго ўзьнёслага, часта вадзіла нас у музэй. У нашым горадзе быў толькі адзін музэй – мастацкі. Некаторыя менавалі яго галерэяй, некаторыя – выставачным цэнтрам, аднак паказваць у ім было зусім няма чаго – бо ў нашых краях з самага палеаліту не нараджалася ані мастакоў, ані скульптараў, ані нават калекцыянтаў. Але дырэктар музэю, чалавек бадзёры і дзейны, заступіўшы на пасаду, не разгубіўся ў складаных абставінах і разьвесіў на сьценах копіі палотнаў славутых мастакоў. Прынтараў, каб друкаваць рэпрадукцыі наўпрост з інтэрнэту, у тыя часы яшчэ не прыдумалі, і дырэктар мусіў рабіць копіі ўласнаручна. Маляваць ён ня ўмеў, і копіі былі радыкальна мінімалістычныя – тэкставыя. Гэта было даволі дзіўна – раскошныя рамы з шырокімі пустымі ватманскімі лістамі і стрыманымі радкамі апісаньня ў сярэдзіне – але затое музэй мог дазволіць сабе шэдэўры, якія й ня сьніліся ніводнай сталічнай галерэі. Побач віселі «Бабілёнская вежа» Брэйгеля, «Сыкстынская Мадонна» Рафаэля, «Вяртаньне блуднага сына» Рэмбрандта, «Дабравешчаньне» фра Беата Анжаліка, «Дэман» Ўрубеля, «Зорная ноч» Ван Гога, «Абарона Петраграда» Дэйнэкі й яшчэ незьлічонае мноства ня менш вядомых карцін. У першых залях рамы былі велізарныя, на паўсьцяны, але дырэктар скора зразумеў, што такім парадкам аніякага месца ня хопіць, і таму з залі ў залю памеры карцінаў усё драбнелі й драбнелі, дасягнуўшы нарэшце фармату пісчае паперы.