– У падшклянак?
Так, я засьпеў яго зьнянацку! Ён застыў, потым ускочыў, завыў, садраў зь сябе падшклянак, закруціўся па купэ, зьмятаючы нябачныя ў цемры прадметы і праклінаючы сваю ганьбу. Пацягнуўшыся, я ўмыкнуў сьвятло. Ха-ха-ха! Паглядзіце на яго! У падшклянак! Цяпер, у прыніжэньні, ён зрабіўся слабкі й маленькі, нейкі бледны заморак. Скурчыўшыся, ён забіўся пад стол і прыкрываў галаву мокрай газэтай. Вядома, я мог пашкадаваць яго, але дзеля чаго? Тым болей што правадніца ўжо падавала мне свой чыгуначны ліхтар. Узважыўшы яго ў руцэ – цяжкі, наліты жалезам – я размахнуўся й з усяго пляча прыпячатаў белае цельца.
10F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра суцяшэньні
Часам наша мама адварочвалася, пачынала плакаць, плакаць, сыходзіла кудысь у кут, у стары фатэль. Гэта было так, быццам усё ў сьвеце хруснула, сапсавалася і спынілася – немагчыма было ні гуляць, ні весяліцца. Мы абступалі яе і хмурна маўчалі, не адважваючыся спытаць. І яна хутка пыталася сама: вы не злуяцеся на мяне?.. За што ж, матухна! – усклікалі мы. За тое, што я вас нарадзіла і вы жывяце?.. Што ты, нам падабаецца! – запэўнівалі мы яе. Проста вы пакуль ня ўсё ведаеце – і яна плакала яшчэ горай – бо вам давядзецца паміраць... Ну дык што ж, дзіва якое, раз і памёр! Жыцьцё доўгае, а паміраць хутка! Не... можна так паміраць, што даўжэй за жыцьцё падасца... Матухна, сьмяяліся мы, і гэта ўсё, што цябе турбуе! Ужо будзь упэўненая, мы да гэтага не дапусьцім! Глядзі, што мы зробім! І Колік пачынаў душыць Валіка, а Валік тэатральна пучыў вочы і трос рукамі. Толік бег у сенцы і цягнуў адтуль велізарную двухручную пілу, а Хуліё ніцма клаўся на лаву і агаляў сваю пакорлівую шыю. Мы абступалі Хуліё, жорстка шчэрылі зубы й рабілі выгляд, што пілуем. Мы апавядалі замагільнымі галасамі, як будзем скакаць з бальконаў, ныраць у віры, пускаць газ, ліць бэнзын і падпальваць. Ня бойся, матухна, ужо гэта мы здужаем! І вось скрозь сьлёзы ўжо блішчала ўсьмешка, і мама сьмяялася разам з намі, і абдымала нас, і пускалася ў скокі. І зноў усё пачынала рухацца – шасьцярэнькі зачэпліваліся, гадзіньнікі цікалі, мы жылі.
110. Зь ліста Толіка. Пра ісьціну
<...> Ісьціна ісьцінай, але Плятон мне сябар – так вучыў нас тата.
А яшчэ даражэйшыя – брацікі.
Як вы там? Ці спазналі ісьціну? Ці ўспамінаеце пра мяне здалёку? <...>
111. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра Гадзілу
Раней Хуліё ніколі ня бачыў Гадзілу так блізка. Зараз яна ціхамірна спала, утульна ўладкаваўшыся ў разломе сьцяны Токіё Таўэр і выставіўшы вонкі сваю неабсяжную сьпіну. Хуліё загадаў Куміко чакаць унізе й нічога не распачынаць, а сам асьцярожна ўзьлез на гіганцкі хвост і, прыгнуўшыся, стаў падымацца па сонным целе. Высокі бок наперадзе мерна ўздымаўся і ападаў. Дасягнуўшы рэбраў, Хуліё спыніўся, сеў на кукішкі. Дагэтуль яму здавалася, што скура Гадзілы павінная быць грубая, шурпатая, ледзь не скамянелая, і цяпер ён дзівіўся на ейную прыемную цёплую пругкасьць. «Які я мужык аднак, наўпрост у ботах... Зьняць можа... Добра, здаецца чыстыя...» Расстаўляючы ногі дзеля ўстойлівасьці шырэй, ён пераадолеў хісткі бок і, мякка ступаючы, рушыў па шыі. Пад матава-бледнай скурай пульсавала блакітная жылка, і Хуліё нахіліўся, правёў па ёй пальцам. «Зусім як у Толіка на скроні... А ў Коліка такія пад каленкамі...» Хуліё адчуваў, як у ягоных грудзях расьце хваляваньне. Твар Гадзілы быў асабліва пяшчотны, над ім лунаў лёгкі водар жаноцкасьці і паўдзённага сну. «Хуліё-сан! Хуліё!» – даляцеў зьнізу тоненькі голас Куміко. «Дурнічка», – паморшчыўся Хуліё і нагнуўся да кутка вуснаў Гадзілы. Пунсовыя, пульхныя, такія блізкія. Гадзіла ледзь чутна прашаптала нешта ўва сьне. Хуліё апусьціўся на калені, здымаючы зь сябе кашулю, лёг. Спражка здрадніцкі бразнула. Бліжэй, бліжэй, яшчэ бліжэй. Здаецца, яна адчувае. Але як пяшчотна! Яшчэ, яшчэ, вось так...
112. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра Політэхнічныя Слоўнікі
– Ведаеце, дзеткі, колькі працы на іх пакладзена? – казаў тата асаблівым голасам, адкрываючы адзін з політэхнічных слоўнікаў і пагладжваючы тонкія старонкі маршчакаватымі пальцамі. – Каб зрабіць аркушы, кітайцы раньняй-раньняй вясной пачынаюць гадаваць рыс, басанож у ледзяным сьнезе. Калі рыс вырастае, яго вараць у кашку і раскочваюць у аладку, вельмі-вельмі тоненькую. Потым пасыпаюць сольлю і сушаць пад сонцам.