Выбрать главу

– Але Валік, пачакай, а як жа...

Мы сталі зьбірацца з думкамі, каб годна запярэчыць яму. Мы ўсе любілі фатаграфію. Колік захапляўся Янам Саудэкам, Толіку падабаўся Ансэль Адамс, я заглядваўся МакКарры, а Хуліё быў закаханы ў Мону Кун. Але пакуль мы адчынялі раты, Валік выйшаў прэч, на вуліцу.

А фатографы ўсё чулі. Яны ня былі схільныя трываць зьнявагі, і бязь лішніх слоў пачалі дубасіць Валіка. Яны павалілі яго на зямлю й лупілі штатывамі. На дапамогу, на дапамогу! – клікаў Валік. Фатографы нішчылі ягоныя мальбэрты і ўтоптвалі ў бруд фарбы. Што рабіць? Трэ было ратаваць брата! Мы выскачылі й накінуліся на фатографаў. Яны пахіснуліся. Мы пагналі іх да лесу. Пад абцасамі трушчалі аб'ектывы і ўспышкі. Яны расьсеяліся ў гушчары. Нікчэмнасьці! – крыкнуў Валік і запусьціў ім усьлед экспаномэтрам.

З тых часоў мы варагавалі з фатографамі.

115. На адвароце партрэта. Пра гарызонт

«Больш за ўсё на сьвеце я люблю гарызонт.

Таму што ён заўсёды прамы.

Нават калі ён заслонены стрэхамі ці елкамі, ты ведаеш, што за імі існуе роўная лінія.

Сталасьць.»

116. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра існаваньне мамы

Аднойчы ў нядзелю, з самага ранку, калі мы з брацікамі яшчэ песьціліся ў ложках і, гледзячы ў столь, разважалі над убачанымі снамі, Колік сказаў: а што, калі наша мама ў сапраўднасьці не існуе? Іншым гэтая фраза магла б падацца неадназначнай, з выразнай нястачай тлумачэньня, але мы адчулі сэнс імгненна, і ў паветры зазьвінела трывога. Мы апусьцілі ногі на прахалодную падлогу і ў задуменьні варушылі пальцамі. Мы з надзеяй абмацвалі локці нашых начных кашуляў: бо калі яны зацыраваныя, дык гэта ж довад?.. Мы высунуліся ў вакно, мы выскачылі на лесьвіцу і закрычалі – мама, мама! – і яна адгукнулася зьнізу, заклапочана і адначасова весела – бяжыце мыйцеся, толькі ня ўсе разам! Мама прыгатавала нам просты пірог зь яблыкамі, і хіба сама ягоная прастата ня была довадам? Мы кусалі гарачы пірог, і тата кусаў гарачы пірог, агаляючы белыя зубы, але ў існаваньні таты мы не сумняваліся, дакладней, ягоная сапраўднасьць нас не трывожыла, нават каб ён аказаўся ўяўны, мы б не зьдзівіліся. Калі мама праходзіла міма, мы непрыкметна працягвалі руку, дакранаючыся да сукенкі, мы чапалі яе за мокрую руку, мы ўслухоўваліся ў ейны голас. Як мы маглі яшчэ запэўніцца? Толік перакуліў гарбату, каб яе раззлаваць, і яна раззлавалася: сьвежы абрус! Але ці не хаваюцца за прадказальнасьцю змрочныя прорвы? З бясьсільля мы не маглі есьці, і тата ахвотна даядаў нашыя порцыі, і зьбялелы Валік пусьціў па крузе цыдулку: мы можам даведацца, ці існуе яна, толькі калі яна перастане існаваць. Хуліё зарыдаў і кінуўся, і абняў яе за ногі, а яна, даведаўшыся, ў чым справа, засьмяялася й распусьціла валасы – дзіўная, нечаканая рэакцыя! «Так, так! Мяне не існуе!» І яна, накінуўшы плашч, зьехала некуды на ўвесь дзень, спачатку на біенале, потым у тэатар, потым у рэстарацыю. І як ні дзіўна, менавіта гэта пераканала нас стоадсоткава!

117. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аканчальную мэту

Калі мы былі маленькія, навакол знаходзілася мноства ахвотнікаў прасьвятліць нас па плоцевай справе – на кожнай вуліцы, у кожным завулку нас падваблівалі розныя, і пажылыя, і маладзейшыя, і шапталі нязьменнае: а ведаеце, хлопчыкі, навошта вам вашыя кранікі? а ведаеце, скуль бяруцца маленькія дзеці? Спачатку мы кожнага разу адказвалі, што ня ведаем, і людзі зь вялікім задавальненьнем пускаліся ў тлумачэньні, заўсёды падобныя, але зь некаторымі варыяцыямі, часьцяком абумоўленымі тэрміналёгіяй: адны аддавалі перавагу запаветным і забароненым словам, другія – знарок дзіцячым, часам нават самаробным, трэція абыходзіліся жэстамі, падміргваньнямі й выгібамі гнуткіх языкоў. Нас усё гэта доўга забаўляла, але пакрысе надакучыла, і мы ў час шпацыраў пачалі пазьбягаць закуткаў і падваротняў, шыбавалі па краі ходнікаў, паміж ліпамі й брукам. Так нам удалося пазбавіцца мінакоў, але цяпер на нас зьвярнулі ўвагу таксістыя і кіроўцы аўтобусаў: яны ехалі сьледам, дуднілі й аблізвалі тоўстыя вусны. У рэшце рэштаў мы спыніліся і з раздражненьнем адказалі шафёрам: так, так, мы ўжо ведаем, навошта нам нашыя кранікі. Мы думалі, яны на гэтым супакояцца, але не, іхныя вочы замасьліліся, і яны спыталі: а ці бачылі мы ўвачавідкі, як наш тата робіць маме яшчэ аднаго браціка?  Не! Мы хуткім крокам сышлі і ўвесь дзень праседзелі дома, але потым пасаромеліся сваёй маладушнасьці й вырашылі раз і назаўсёды высьветліць, навошта ўсе гэтыя размовы, і якая іхная аканчальная мэта. Мы выйшлі на трамвайны прыпынак і падступіліся да першага напатканага дзяжурнага. Ён усьміхнуўся нам: што, хлопчыкі, гуляеце? Так. А ведаеце, навошта вам вашыя кранікі? Так. А вы бачылі, як ваш тата топча вашу маму? Так. А самі ўжо спрабавалі? Так. А хочаце яшчэ раз паспрабаваць? Так. Ён павёў нас дварамі да сваёй хаты, пачаставаў булачкамі і парэчкай, і сёе-тое паказаў, і сёе-тое папрасіў, і мы на ўсё згаджаліся бяз ваганьняў: і глядзелі, і чапалі, і цягнулі, і рухалі, і церлі, і мялі, і трэсьлі. Потым, калі ён ужо нічога не распытваў і не жадаў, толькі ляжаў на тахце, вохкаў і крактаў, мы пакінулі яго, вярнуліся дадому і прабавілі вечар у ляноце і незадаволеньні. Вынік здаваўся нам бязглуздай недарэчнасьцю, мы крыху паслухалі радыё й рана заснулі. Але ўранку адбылося нечаканае: з акна мы ўбачылі, як учорашні дзяжурны, прыгорблены, сноўдаецца паўз нашага параднага. Мы спусьціліся; ён дрыжаў, пацепваўся, ягоныя блакітныя вочы былі няшчасна й просьбітна раскрытыя. Ён ступіў да нас і прамармытаў: ідзіце да мяне, хлопчыкі, я кахаю вас! Кахаю! Вядома, мы не пайшлі да яго, і сагналі, і загадалі ня сьмець зьяўляцца, але тое, што адбылося, незвычайна натхніла нас. Мы падскоквалі, абдымалі адзін аднаго і радаваліся: хто б мог падумаць! Атрымліваецца, аканчальная мэта – гэта каханьне!