Я маўчаў, а потым нарэшце паспрабаваў сказаць як ёсьць, сумна і шэра:
– Няма ніякіх паляўнікоў, гэта ўсё няпраўда. Тым больш, я даўно нікому не патрэбны тут, і мая локшына ўсім сьмешная. Я сыходжу. Цябе ня клічу. Вучыся. Вазьмі маю другую курсавую. У тумбачцы. Ім спадабаецца. Пра кансэрвы... кансэрваваньне.
Вусны дрэнна слухаліся мяне, і я памяў іх пальцамі. Лена зразумела гэта па-свойму, ступіла яшчэ раз і абняла за шыю. «У цябе няма ў роце мурашкаў?» Я праверыў языком. «Не». Яна стала цалаваць мяне, а я гладзіў яе па тоўстай касе і сумаваў, бо яна цалавала разьвітальна і не прапаноўвала застацца. Мае пальцы, памёршы, ня страцілі чуласьці, і я адчуваў кожны ейны валасок. Вярнуцца было немагчыма, сыходзіць было страшна. Хоць прайшло ўсяго некалькі дзён, я ведаў, што дома ўсё зьмянілася, і туды доўга будзе нельга. Дзесьці трэснула галінка, і Лена трывожна адарвалася ад маіх вуснаў, зірнула чорнымі ў цемры вачыма, блізка-блізка, падштурхнула. Я пайшоў, шчоўкаючы каленкамі і правальваючыся ў сьнег, падносячы да твару далоні і намагаючыся разгледзець, ці ёсьць трупныя плямы. Ззаду хруснула, яшчэ хруснула, і я пабег.
11A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аблокі
Па меры нашага сталеньня мы з брацікамі рабіліся ўсё больш летуценныя і захопленыя. Перад страшнымі казкамі мы ўсё часьцей аддавалі перавагу сутонным мроям на нераскладзеных ложках. Мы ляжалі на коўдрах у вятроўках і даверху зашнураваных ботах – каб у любы момант магчы ўскочыць і ўзьняцца насустрач дабру, адкрыцьцям і прыгажосьці. Больш за ўсё на сьвеце ў тую пару мы любілі аблокі, і нават мроілі звычайна не на сьпіне, а на баку, гледзячы скрозь вокны на высокія вячэрнія нябёсы.
– Братцы! – падхапіўся аднойчы Колік. – Давайце зьнясем столь!
Мы адразу ўявілі, як гэта будзе выдатна – ляжаць дагары, тварам да твару з аблокамі, маючы перапонай адзінае толькі празрыстае паветра – і ўзрадаваліся, і ўславілі Коліка. Пасьля нядоўгіх спрэчак мы пастанавілі не ламаць столь, але акуратна й прыгожа зрэзаць. Валік расставіў драбінкі й пачаў вызначаць лінію рэзу, нахільную да захаду, а мы пабеглі ўніз, у склеп па інструмэнт. Мне дасталася тоўстая нямецкая балгарка, сіне-чорная, у кляксах цэмэнту, і пацёртыя такарныя акуляры. Працягнуўшы падаўжальнікі ва ўсе куты, мы дружна завылі электрапіламі, уразаючыся ў белую цэглу. За адзін раз мы, вядома, не пасьпелі, хутка стаміліся, але на наступны дзень працягнулі адразу пасьля абуджэньня. Мы пілавалі цьвёрда і ўпарта, пакуль Валік ня сьвіснуў – і тады мы саскочылі з зэдлікаў і назіралі, як плыўна сасьлізгвае дах з нашага пакою, амаль бяз скрыгату, хутчэй з гучным шоргатам, і падае ў сад, у зарасьнікі падтыньніку і ландышаў. Мы былі ўзрушаныя раптам разнасьцежанай прасторай і воляй, і доўга стаялі, задраўшы галовы. Надвор'е выдалася сама ўдалае – яснае, ветранае – і аблокі плылі й ляцелі над намі, ад сьнежных да дымчаста-сініх. Мы прапыласосілі падлогу, зьмянілі коўдры, і ўлягліся на сьпіны. Мама, завітаўшы да нас з запрашэньнем на абед, заўважыла, што цяпер мы не абароненыя ад дажджу, а тата нагадаў пра птушак, якія апаражняюцца на ляту. Яны мелі рацыю, але мы ані не расчараваліся: гэта была справядлівая цана за аблокі. Мы сьпехам паабедалі, вярнуліся ляжаць і глядзелі неадрыўна – як яны губляюць насычанасьць, ружавеюць, чырванеюць, шарэюць і рашчыняюцца ў чарноцьці.
11B. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра хандру
Калі на майго брата Толіка насоўвалася восеньская хандра, дык не было ад яе лепшага сродку, чым яечня. Ягоная жонка загадзя прыкмячала сымптомы хуткай тугі і бегла ў краму, загадаўшы дочкам мыць патэльні, расьпякаць іх і змазваць маргарынам. Першая порцыя прысьпявала, і жонка лісьліва клікала: Тоолю?.. Толік павольна, нібы сумняваючыся, уваходзіў, грузна сядаў за стол, аглядаў відэлец і прыступаў. Жаваў нетаропка, але спорна: першая патэльня, другая, трэцяя. Моўчкі рухаў сківіцамі, глядзеў у талерку і заядаў белай булкай. Дзяўчынкі падносілі кісель і салодкі чай. Чацьвёртая, пятая. Мы таксама падцягваліся на кухню, падміргвалі гаспадыні, і нам перападала па яечку. Шостая, сёмая. Нарэшце Толік уздымаў прасьветлены твар, сонечна ўсьміхаўся і казаў: як жа я вас усіх люблю, родныя вы мае! Ён цалаваў жонку, абдымаў дачок, а нам крэпка паціскаў рукі.
11C. Аповед Коліка. Пра жука
Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у камэры сядзеў жук. Чорны, пажылы, з маленькімі вочкамі.
– За што цябе сюды пасадзілі, жук?
– Ды ні за што, я сам прыляцеў.
Жук лічыў, што яму тут самае месца – ніхто не трывожыць, ёсьць ляжанка, кавалачак хлеба, неба ў акенцы й нават кніжкі. Жук сказаў, што дзеткі ягоныя даўно ўжо вырасьлі, матуля ў вырай адляцела, а жонку скляваў верабей.