Выбрать главу

125. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра асыгнацыі

У нашым месцы, як і ў многіх іншых маленькіх гарадках, было зусім няма куды падзець грошы. Кватэры й машыны не куплялі: у жыльлі ніхто ня меў патрэбы, дамоў хапала зь лішкам, і некаторыя нават пуставалі, а на аўто не было куды ехаць – сьмешна ж катацца да хлебнае крамы й назад. Падарожнічаць у іншыя краіны ленаваліся – да аэрапорту давялося б паўдня трэсьціся ў аўтобусе. Па тэлефонах не размаўлялі – усе жылі ў двух кроках адно ад аднаго, які сэнс. Ну а кампутары з інтэрнэтам нам замянялі казкі ды павучальныя гісторыі, якіх кожны ведаў незьлічонае мноства. Апраналіся ў нас непераборліва, школа была бясплатная, бібліятэка – бясплатная, бардэль – бясплатны, кіно каштавала нейкую драбніцу. Ну што яшчэ? Рэстарацыі? Ды ніхто ў іх не хадзіў, каму яны патрэбныя. Карацей кажучы, грошы запасіліся імкліва. Бывала сьпіш-сьпіш, а прачнесься – і ў цябе пад падушкай ужо некалькі асыгнацыяў. Зразумела, працаваць аніхто зроду не працаваў, што за глупства, усе дарослыя бавілі дні ў прахалодзе і прыемнай бязьдзейнасьці. Мы з брацікамі таксама не занадта абцяжарвалі сябе школай – заняткі-другія дый хопіць. Мы любілі есьці «белы наліў» і сьлівы, гуляць у біту й выплаўляць волава з трактарных акумулятараў. А ўвосень нам падабалася раскладаць са зьляжалых асыгнацыяў вогнішча – яны падоўгу тлелі, гаркаваты дым падымаўся ў высокія нябёсы, а мы сядзелі вакол, курылі ды марылі. Але тата, калі бачыў наша вогнішча, заўсёды моршчыўся – ён казаў, што нельга так рабіць, бо дзесьці ў гэтую самую хвіліну іншыя людзі пакутуюць праз недахоп грашовых знакаў. Каб паказаць нам добры прыклад, ён зьбіраў асыгнацыі ў драўляную скрыню з-пад яблыкаў, забіваў яе, трапляючы малатком па пальцах, і адвозіў каляскай на пошту – адпраўляў у які-небудзь буйны горад, дзе, на ягоную думку, людзі асабліва пакутавалі. Наставіўшы нас на шлях гуманізму, ён у стоме залазіў у гамак з кубкам кампоту, чвэртачкай пірага і кніжкай, звычайна пра прыгоды, Жуля Вэрна ці Бяляева. Ці пайшлі нам на карысьць ягоныя ўрокі? Хто б ведаў.

126. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пыл

Мы з брацікамі былі вельмі ахайныя дзеткі і любілі прыбірацца ў сваім пакоі. Асабліва нам падабалася падмятаць: дні напралёт мы мялі падлогу мяцёлкамі, венікамі ды шчоткамі, і нам ані не надакучвала. Але выносіць намецены пыл ленаваліся, і згарналі яго пад канапу. Калі пыл пачаў вывальвацца з-пад канапы пластамі, мама заўважыла гэта і, не сыходзячы зь месца, пасадзіла нас на калені і распавяла казку. Пра тое, што пыл – зусім ня бруд і ня сьмецьце, а маленькі нябачны народ, драбнюсенькія істоты, якія штодня нараджаюцца ў невядомай для сябе краіне й імкнуцца на радзіму. Для іх сьметнік – гэта радзіма, як для нас радзіма – неба, тлумачыла мама. Таму пакідаць пыл назаўжды пад канапай – вялікая жорсткасьць. Яго трэба беражліва зьбіраць і адпраўляць у сьмецьцевае вядро, потым адносіць у сьмецьцевыя бакі, свайго роду перавалачны лягер, а адтуль ужо яны патрапяць у сваю сапраўдную краіну, да татаў і мамаў, за імі прыедзе адмысловая вялікая машына. Пасьля гэтае казкі нашу ляноту як вада змыла! Мы старанна зьбіралі кожную парушынку і, абмінаючы вядро, несьлі іх на руках да сьмецьцевых бакаў, а адзін з нас заўсёды пільнаваў ля бакаў, чакаючы машыну. Калі машына прыяжджала, мы беглі да яе, упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, ёлачнымі цацкамі, палілі бэнгальскія агні, бабухалі ўсьлед хлапушкамі й шпурлялі сэрпантынкі. Бывай, пыл! Будзь шчасьлівы! А вярнуўшыся дадому, мы елі торт і пілі сідар, і кожны дзень быў паўнаважкім сьвятам.

127. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра запал і задор

Калі нам з брацікамі споўнілася па шэсьцьдзесят шэсьць гадоў, мы ані ня страцілі сваёй жвавасьці: весяліліся й дурэлі, як і ў пятнаццаць. Абліваліся пырскаўкамі, кідаліся сшыткамі, страляліся сьлівавымі костачкамі, лупілі адзін аднаго ручнікамі, абзываліся – «сьвіньня!» «сам сьвіньня!» – і рагаталі без супынку, і куляліся. Мама з татам толькі дзівіліся – і скуль у іх столькі запалу і задору? Рэцэпт жа быў вельмі просты:

1. Абудзіўшыся дарана, зьесьці вялікую вычышчаную моркву.

2. Зьесьці смачную цукерку.

3. Выйшаўшы на балькон, распрастаць плечы і прасьпяваць звонкую, радасную песьню.

Ну а тыя дні, у якія не знаходзілася ў нас ані морквы, ані цукеркі, мы бавілі ў ложку.

128. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага шчаснага чалавека

– Матухна, раскажы нам пра самага шчаснага чалавека!