З пачуцьцём вялікае адказнасьці мы пагасілі сьвятло і заснулі, а ўранку правялі дэбаты і галасаваньне. Дзеля ўсеагульнага дабра мы пастанавілі пайсьці на сур'ёзную ахвяру – назаўсёды адмовіцца ад нашага ўлюбёнага ранішняга гогалю-могалю. Надзеўшы парадныя гарнітуры, мы спусьціліся ўніз і ўрачыста аб'явілі сваю няпростую пастанову маме. Мама, пляснуўшы рукамі, адразу прасякнулася нашай альтруістычнай ідэяй і нават прасьлязілася з гонару за сыноў. Яна паклікала тату, радасна патлумачыла яму, і тата таксама прасякнуўся. Ён моцна пацалаваў усіх і, гукаючы з захапленьня, пабег у краму па шакалядны торт, каб падзякаваць нам ад імя чалавецтва.
З тае пары, верныя дзіцячаму абяцанку, мы больш аніколі ня елі гогалю-могалю.
28. Уцёкі ды туляньні. Ва ўтульнай шчыліне
Пасьля жудаснага дому праграмаравай маткі я зажыў па-панску. Кішэні пырыліся грошамі, і я пачуваў сябе таямнічым багацеем, якому зь нейкага дзівацтва падабаецца сноўдацца ўраньні па дварох пяціпавярховых прадмесьцяў. Людцы вакол пасьпешліва выгульвалі сабакаў, кашлялі і беглі на працу, выкідалі ў сінія бакі чорныя пакункі са сьмецьцем, а я зь вясёлым тварам сядзеў на лаўцы і пацепваўся з бадзёрага марозіка. Люблю прахалоду, люблю лядок! Добра нікуды не сьпяшацца і пазірацца, прытупваючы. Сем'яніны з магутнымі торсамі шпурлялі сьмецьце ў бакі здалёку, з разгону, і караскаліся ў высокія ніссаны; бабулькі ў палітонах клалі свае абвіслыя мяшэчкі нясьмела, быццам з сумневам, і азіраліся на мяне. Патрэбныя мне вашы мяшэчкі! Замест мяшэчкаў я пайшоў купляць сабе зімовую куртку, крама як раз адчынілася, але гандляры-патрыёты сказалі мне, што валюту не бяруць. Тады я зьвярнуўся ў абменны кіёск на рагу, але мянялы сказалі мне, што адзінкі не бяруць. «Адзінкі?» «Адзінкі». Спрачацца было б зьняважліва. Я вярнуўся ва двары, пасьвістаў у арцы, перавязаў завязкі на ботах, зрабіў круг вакол бакаў. Сем'янін з магутным торсам шпурнуў у бак пінжак і зьехаў. Пінжак быў шэра-сіні, меў палёныя тытунёвыя плямы і зьлёгку віснуў на плячох, але ўсё роўна мне спадабаўся – чымсьці няўлоўным. Так здараецца – некаторыя рэчы раптам прыцягваюць, і гэта вышэй за ўмоўнасьці. Настрой узыймаўся. Я па-сяброўску ўсьміхнуўся бабульцы, што частавала галубоў булкай, але яна адвярнулася і няўмольна чакала, пакуль галубы даядуць усю булку. Няўжо яна лічыць, што я да таго згаладалы? Дзяўчына, зачараваная ўласнай прыгажосьцю, прынесла сьмецьце ў стракатай папяровай торбе з буціка і выдалілася, цокаючы. Што там у яе? Ну проста каб пацікавіцца, ня болей. Там былі нейкія каляровыя аркушыкі, шматкі, канчурыкі. Можна было б пайсьці куды-небудзь, але я застаўся. Добры двор, добрае надвор'е, і паміж бакаў утульная шчыліна – амаль што невялікі пакоік.
29. Змрочныя засьценкі. Гэта брытва
На другі дзень зьняволеньня ў Вучылішчы нас пачалі па чарзе адводзіць аглядаць. Поўны трывожных прадчуцьцяў, я трымцеў, калаціўся і, каб заспакоіцца, смактаў разьвітальны пачастунак Хуліё – вялікі зялёны лядзяш-зорачку. Нячутна зьявіліся дзядкі, узяліся за мяне і моўчкі павялі па калідорах і лесьвіцах. Ля белых дзьвярэй яны спыніліся, а мяне падштурхнулі ўнутар. Я зайшоў, і яны ціха зачынілі за мной. Пасярод вялікага пакоя стаяў стол, за ім сядзеў мажны чалавек з валасамі, сабранымі ў хвост. Зьлева ўся сьцяна ад падлогі да столі была занятая кампутарамі, а справа на канапах распляжыліся размаітыя праграмары ў белых саколках, чалавек пяць. Яны елі піццу з грыбамі, макаючы яе ў кетчуп, пілі фанту і паглядалі на мяне.
– Як цябе завуць? – спытаў лагодна чалавек з валасамі.
– Ролянд, – адказаў я і дадаў з павагай: – сэр.
Тут адзін праграмар рохкнуў, потым рохкнуў і закашляўся другі, а потым яны ўсе ўзапар зарагаталі. Ролянд! – рагаталі яны, – Ролянд! Вось пацеха! Яны трэсьліся са сьмеху, кігікалі, пляскалі рукамі па каленках і ўціралі вочы. Ролянд! Вось забава! На саколкі сыпаліся дробкі і грыбы, на джынсы ляцелі капачкі кетчупу. Адзін толькі чалавек з валасамі не сьмяяўся і пазіраў ветліва.
– Ці ёсьць у вас тэлефон, сэр? – асьмеліўся я. – Мне трэба патэлефанаваць дадому, да маці і таты. Мяне прывезьлі сюды абмылкова.
Ён здагадліва паківаў і зьвярнуўся да праграмароў: бачыце, яго сюды абмылкова прывезьлі. Але праграмары з гэтага толькі мацней разьвесяліліся – яны ўжо стагналі з рогату, скігаталі, курчыліся і ажно спаўзалі на падлогу.
– Ну дык што, сэр?
– Што?
– Калі ласка дайце мне тэлефон.
І тут ён з грукатам устаў – яму пэўна надакучыла гуляць у добрага пана – ссунуў бровы і грымнуў страшным голасам: будзе табе тэлефон! Нясіце шапку! Праграмары імгненна сьціхлі, згорбіліся і замітусіліся па пакоі як мурашкі. Двое пасадзілі мяне на ягонае крэсла, двое паднесьлі і насунулі на мяне белую футравую шапку. Патыхнула сабачынай. Пяты стаў перада мной і загадаў заплюшчыць вочы. Заплюшчы вочы! Не заплюшчу! – дзёрзка гукнуў я. А гэта ты бачыў? Ён выцягнуў з кішэні брытву. Гэта брытва! Зараз як шасну! Я зажмурыўся з жаху, і яны пачалі нешта рабіць, чымсьці шамацець, пстрыкаць клявішамі, пікаць курсорамі. Потым усё болей павольна, усё цішэй. Цішыня. Я чакаў, дыхаў, сэрца тахкала. Нічога не адбывалася. Нарэшце я наважыўся і расплюшчыў вочы. Цемра.