Выбрать главу

2A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра целы

Нам з брацікамі з малога маленства хацелася сабаку. Хоць якога, хоць сама зачуханага мопса, хоць сама беспароднага дварняка, хоць нават коціка. І вось аднойчы ўвечары мы ня вытрымалі і пайшлі да таты. Ён, як звычайна, сядзеў на бальконе і еў чарэшню.

– Ну і навошта вам сабака?

– Ну... Мы будзем зь ім гуляць, будзем зь ім сябраваць, будзем яго даглядаць. Мы навучым яго прыносіць табе тапкі!

Тата рагатнуў і перапытаў, ці сапраўды мы хочам сабаку. Сапраўды? Так, так, татухна!

– О, наколькі сьмешны чалавек у сваіх жаданьнях... Вы, дзеткі, падобныя да мітычнага Тантала, але Тантала звар'яцелага, які стаіць у вадзе і ня бачыць яе, і зьнемагае са смагі.

– Ты маеш на ўвазе, што ў нас ёсьць сабака, але мы ня бачым яго?

– Так, дзеткі! І гэты сабака – ваша ўласнае цела.

– Цела?..

– Цела. Жывёльная абалонка, падараваная вам Госпадам. Гэта грубая памылка, дзеткі, утоесаміць сябе зь целам. Вы разумееце?

– Разумеем...

– Калі разумееце, дык чаму б вам не ўспрымаць сваё цела як адасобленую істоту? Вось глядзіце: я частую сваё цела чарэшняй. Гам. Гам. За гэта я прашу цела падняць руку дагары. Глядзіце! Бачыце, як яно слухаецца? Цела такое можа, што сабаку й ня сьнілася! Глядзіце: маё цела размаўляе з вамі. Яно і чытаць умее, і пісаць, і лічыць. Хіба сабака на гэта здольны? Вось як. Памяркуйце пра гэта. А я пакуль выведу сваё цела на шпацыр.

Татава тэорыя моцна ўразіла нас, і мы меркавалі да позьняе ночы. Крыху паспаўшы, мы ўскруціліся ўдосьвітку і пачалі вывучаць са сваімі целамі першыя простыя загады, і, бяссумна, дасягнулі б значных посьпехаў, каб ня матухна. Матухна расшалопала, што адбываецца, і назаўтра ж прынесла аднекуль двух белых сабачкаў невядомай пароды, надзвычай добрых і ласкавых. Сабачкі сталі жыць у нас. Яны гаўкалі, гойсалі адзін за адным па гароду, і больш за ўсіх любілі маму, бо яна іх карміла.

2B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра цырк

Кожнае лета да нас прыяжджаў цырк, і на пустцы вырастала цэлае мястэчка яркіх шатроў. Папа вельмі паважаў цыркавое мастацтва і абавязкова вадзіў нас на паказы, па некалькі разоў на сэзон. Нам было цікава й весела – клоўны, штукары, акрабаты, дрэсыраваныя зьвяры, марозіва – і мы цешыліся разам з татам. А ўзімку мы чыталі кніжкі. І вось аднаго разу мы прачыталі аповесьць ці то Джэка Лёндана, ці то Сэтан-Томпсана, ужо ня памятаю, у якой былі апісаныя пакуты цыркавых зьвяроў. Выявілася, што яны рабілі трукі зусім не па-добраму! Выявілася, што пра выхаваньне ведамі і ласкай не было й памоўцы! Мэтадычнае катаваньне плюс жорсткія выкруты – вось што было. Са сьлязьмі мы прыйшлі да таты і запыталіся: як жа гэта? Тата, абдымаючы нас, запэўніў, што ўсялякія жахі і вівісэкцыі адбываліся толькі ў мінулым стагодзьдзі, а цяпер усё ўжо даўно добрае і сумленнае.

І калі надышло лета, ён ізноў наважыўся весьці нас у цырк – у першы ж дзень паказаў. І тут высьветлілася, што Колік не паверыў таце ні крышачкі. Уначы ён падхапіўся на ложку і прамовіў натхняльную казань, у якой намаляваў чорнага дрэсыроўніка ў скураным фартуху, з акрываўленым бізуном. А фартух – як вы думаеце, з каго ён зроблены? Але мае брацікі толькі пасьмяяліся. Усе яны давяралі таце. Акрамя таго, Валіку падабаліся клоўны, Толік любіў эскімо, а Хуліё быў таемна закаханы ў дзяўчынку на шары. Толькі я пайшоў за Колікам.

На наступны дзень мы схаваліся ў сухадоле і пакляліся, што павінныя змагнуцца са злом. Мы пастанавілі спаліць цырк. А таце мы сказалі, што ня хочам прапускаць упадабаны мульт па БТ і сёньня зь імі ня пойдзем. Калі яны сышлі, мы счакалі паўгадзіны і пабеглі ў гараж, дзе стаяла каністра з бэнзынам. Мы прывязалі яе да жалезнай калясцы і з рыпам павезьлі абыходнай дарогай, бліжэй да платоў. Гэта было вельмі цяжка, але мы падолелі. Потым я каціў каляску ўздоўж цыркавое агароджы, а Колік нахіляў каністру, і бэнзын выліваўся роўна, без пярэрваў. Мы хацелі, каб агонь пайшоў з усіх бакоў адразу, і не пакінуў цырку ані шанцу.