Выбрать главу

– Колю! А што, калі згараць зьвяры?..

– Не. Зьвяры ўцякуць. Але нават калі згараць – гэта лепш, чым пакутаваць усё жыцьцё ў няволі.

– Колю! А што, калі згараць тата ды брацікі?..

– Не. Мы, калі падпалім, пабяжым і папярэдзім іх, каб ратаваліся.

Зрабіўшы поўнае кола, мы кінулі каляску, прыселі на кукішкі і шоргнулі запалкай. Запалкі гарэлі і палілі пальцы, але бэнзын ня пыхаў. Што такое! Колік сунуў мезенец у бэнзын, панюхаў, лізнуў. Вада! Чорт, як гэта можа быць! Мы глядзелі адзін на аднаго, на каністру, на запалкі. Раптам Колік паказаў мне за сьпіну: бач! У чырвоных цыркавых весьніцах стаяў штукар, абапёршыся плячом на слуп. У чорным фраку і чорным цыліндры, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Высокі і змрочны, ён нядобра назіраў за намі, напэўна ўжо даўно.

– Цікай, Ролю! Бяжым!

Мы ўскочылі і пабеглі, і штукар дазволіў нам уцячы.

2C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра зімовыя развагі

Аднойчы ўвясну, калі мы сядзелі на тэрасе і пілі какаву, прыйшоў тата і прывёў з сабою маленькага белага чалавечка ў камізэльцы.

– Уявіце, – сказаў тата, – гэты мясьё цэлую зіму ня бачыў людзей!

На гук татава голасу чалавечак заўсьміхаўся й заварушыўся, быццам узбажаў зазірнуць таце ў рот. Мама запрасіла яго за стол, і ён, удзячна выгінаючыся, падбег да яе, сеў побач. Яна дала яму вялікі кавалак булкі з маслам, і чалавечак урачыста прыняў яго дзьвюма рукамі, як крохкую каштоўнасьць. Я прапанаваў яму цукру, і ён захоплена вылупіўся на мяне, высока падняўшы бровы. У яго былі вялікія зялёныя вочы з густымі вейкамі.

– Уявіце, – сказаў тата, – ён усю зіму разважаў у адзіноце!

Чалавечак заківаў і шчасьліва засьмяяўся. Здавалася, кожнае наша слова дастарчала яму асалоду. Мы паспрабавалі распытаць яго пра вынікі зімовых роздумаў, ці хаця б пра іхную тэму, але ён ня здолеў сказаць анічога, толькі ўсьміхаўся і падтакваў. Колік пхнуў мяне і шапнуў: ніякую не зіму, а гадоў дваццаць! Паціху мы забыліся зьвяртаць на яго ўвагу і загаварылі пра сваё, а ён маўчаў, радасна пераводзіў вочы з твару на твар і адкусваў булку па кавалачку.

– Глядзіце, – сказаў тата, – ён заснуў. Стаміўся!

Белы чалавечак спаў, паклаўшы булку на жывот. Тата з мамай аднесьлі яго на канапу і накрылі шалем. Увесь дзень і ўвесь вечар ён спаў. Мы падыходзілі й глядзелі, як ён сьпіць: рот быў шчыльна сьціснуты, бровы нахмураныя, а маленькія ручкі трэсьліся. А ўраніцу мы з прыкраю выявілі, што чалавечак зьнік. Мы яго расчаравалі? – засмуціліся мы. Не, сказаў тата, хутчэй за ўсё, ён насыціўся ўражаньнямі й вярнуўся да сябе, адпачыць, бо зразу памногу нельга.

2D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аднаго манаха

У нашым двары ля самае брамы расла вялізная бяроза, і нам падабалася спаборнічаць, хто вышэй залезе. Аднаго разу мы да таго распаліліся, да таго старанна караскаліся і да таго высока забраліся, што потым ня здолелі зьлезьці. Бяроза гойдалася, вецер шумеў, мы пішчалі са страху. Тата! Тата! Тата палез да нас і зашчаміўся паміж галінаў. Тады мы пачалі клікаць маму: мама! мама! Мама выглянула ў вакенца і патэлефанавала пажарнікам. Пажарнікі прыехалі, хуценька ўсіх зьнялі і расьселіся піць чай, стрымана гордыя, вусатыя, з бліскучымі каскамі на каленях. І пакуль мама зьбірала на стол, тата паскардзіўся на парваны пінжак, пашчуняў нас і расказаў паданьне пра празьмерную стараннасьць.

– Калісь падаўней ратаваў у манастыры душу адзін манах. Быў ён да таго слабкі духам, што аднойчы сказаў сабе – не пазьбегнуць мне падседаў д'яблы, усё роўна спакусіць, як ні пніся. Але ўжо калі прадаваць душу, дык задорага! І паабяцаў ён сабе трымацца на ўсе жылы, датрываць да самае апошняе, самае раскошнае спакусы, і толькі тады зьвергнуцца. Чакае-чакае, валэндаецца вакол манастыра, на сонцы пячэцца. І бачыць – ідзе па дарозе зь вёскі нейкі хлопец, зь дзьвюма бутэлькамі піва, ледзянымі, запатнелымі. Спыніўся, пасьміхаецца ласкава. Выпі бутэлечку, брат чарнец! А сам адкаркоўвае, і п'е, і жмурыцца. Выпі! Цёмнае, тваё ўлюбёнае! Праглынуў манах. Аж у вачох у яго памутнела – так запрагнуў ён піва халадзенькага. Але ж не, утрываю! Нагмурыў ён бровы, зрокся спакусы і акрыў хлопца хросным знакам. Пшыкнула, і зьнік хлопец. Уздыхнуў манах з палёгкай і пачаў далей чакаць. Тыдзень чакаў, месяц чакаў. І вось на зыходзе лета, блукаючы ў лесе навакол, пачуў ён пяшчотны голас. Пайшоў на голас і бачыць: ляжыць на мяккіх імхах панначка – ды такой дзіўнай прыгажосьці, што падагнуліся ў манаха ногі. Такога чыстага твару, такой чароўнае ўсьмешкі, такіх ясных вачэй ён аніколі ў жыцьці ня бачыў. Яна выгінала сьпіну, ідэальная форма, і вабіла яго, і клікала, і ляжала ў той самай паставе – як мадэля Густава Курбэ.