– Што за пастава такая? – зацікавіўся тут адзін з пажарнікаў.
– Ды як жа? Няўжо ня бачылі? Схадзіце ў наш музэй, там гэтая карціна таксама павінная быць. Ну дык вось, ляжыць яна, значыць, і ўсё ў яе відаць, і так распаліўся манах, што задрыжаў і змакрэў увесь наскрозь. Зрабіў адзін крок, зрабіў другі, зрабіў трэці і амаль ужо нахіліўся, але тут апамятаўся, нагмурыўся і зрокся! І перахрысьціў. Пшыкнула, і прапала панначка. Уздыхнуў манах, паківаў галавой і пачаў далей чакаць. Месяц чакаў, год чакаў. І вось наступнай восеньню, калі ён уладкоўваўся спаць пасьля пацераў, зьявіўся яму сам д'ябла, з рагамі і капытамі. Спалохаўся манах. А д'ябла перайшоў адразу да справы: хочаш кіраваць усім сьветам? Не! – зракаецца манах. Усе землі, ўсе горы, усе акіяны будуць тваімі… Не! Усе скарбы... Не! Усе жанчыны і мужчыны... Не! Уся ўлада будзе ў тваіх руках.... Не!! Кожнае стварэньне будзе слухацца цябе беспярэчна і хваліць цябе нястомна... Не!!! – і ўстаў манах, і сьцяў зубы, і перахрысьціў д'яблу апантана. Пшыкнула, і зьнік д'ябла. А потым на хвілінку вярнуўся і кажа: ну, тады мне болей няма чаго табе прапанаваць. Бывай здаровы. І згінуў ужо назусім. Вось так і зрабіўся той манах праведнікам.
2E. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Першая пажарная казка
Выслухаўшы тату, пажарнікі ветліва ўхвалілі ягоную гісторыю і сказалі, што ім на службе таксама шмат чаго прывялося пабачыць. Вось прыкладам бачылі, як жыў сабе жыў адзін нудны чалавек. Ня толькі для іншых нудны, гэта само сабой зразумела, але й сам для сябе. Сярэдняга росту, прыстойна апрануты, выхаваны і сумленны. Усё ў яго было добра, камфортна і шчасна – аж да позехаў. Крэпка мучыла таго чалавека ўласная нудота. Здаралася, выйдзе на кухню ў шкарпэтках, ды й плюне з агіды – да тога ўсе шэрае і будзённае. Яму кажуць: завядзі сабе жонку зь дзецьмі ці хаця б сабаку, а ён мяркуе – ага, ажэнісься, а яна потым паўкватэры адсячэ і алімэнты, не-не; і сабака не пасуе – шпацыруй зь ім два разы на дзень у дубарыну, а потым яшчэ і памрэ, хавай яго. Яму кажуць: ну дык зьезьдзі ў які Нэапаль ці ў Барсэлёну, фоцікам папстрыкай, а ён мяркуе – а калі пакункі выкрадуць? Альбо зьясі якуюсь дрэнь, дрыстачка нападзе, дык і прасядзіш у прыбіральні ўсё падарожжа. І супраць кожнае забаўкі знаходзілася ў яго пярэчаньне, а то нават і два. Таму ён цэлымі днямі бавіўся дома, глядзеў ТБ або чытаў кніжкі.
І вось аднаго разу чытаў ён Талстога, пазяхаў, і прачытаў пра манаха, які сабе палец адсёк. Во якая добрая думка – сьцяміў ён адразу. Пайшоў ён у камору, узяў сякерку, ды й секануў. Кроў, боль, белая костка! Пабег ён тэлефанаваць у хуткую дапамогу, прыехалі, павезьлі зь мігцелкай у больніцу. Там мазалі мазямі, прыпякалі, зашывалі, а потым яшчэ два тыдні на перавязку хадзіў. А потым яшчэ два месяцы балела, і цэлы год можна было спамінаць. З тае пары чалавек гэты болей ня нудзіўся! Хадзіў вясёлы, радасны, для кожнага ў яго ласкавае слова знаходзілася – і людзі ад яго напітваліся дабром і шчасьцем. Штогод ён сабе па пальцу адсякаў, на нагах і на руках па чарзе, нялёгка, але неабходна. На дваццаць пяць гадоў хапіла, да самае пэнсіі, пакуль не згарэў. Цыгарэту не ўтрымаў, выпала, пакацілася і хату запаліла. Вось як, дзеткі, зразумелі сэнс? Галоўнае – знайсьці свой шлях у жыцьці.
– Але як жа на дваццаць пяць год хапіла? – спытаў Колік. – Ён што, мутант быў?
– Не, ну які табе мутант, проста пяць пальцаў лекары назад прышыць здолелі. Ён іх потым па другому разу сёк.
2F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Другая пажарная казка
Пасьля першага пажарніка ўзяў рэй другі, ён распавёў даволі змрочную казку. Быццам бы служыў у суседнім палку адзін лейтэнанцік, гадоў дваццаці пяці ці трыццаці, з блакітнымі вачыма і пшанічнымі вусамі, сапраўдны анёл. І быццам бы быў той лейтэнант цалкам шчасьлівы ў жыцьці, і цалкам усім задаволены. І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: гэх, бацьку! Які шчасьлівы я! Усё ў мяне ёсьць, што пажаданае мне – і розум, і хараство, і сіла ў руцах, і жонка, і дзеткі, і добрыя сябры, і ўлюбёная праца, і белая яхта. Такі шчасьлівы я, што зараз і памерці не шкада! Але Галоўны Пажарнік нічога яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, паміраць табе ці не. Лейтэнант вядома не памёр, і нават некаторы час яшчэ больш шчасьлівеў: атрымліваў мэдалі, пісаў вершы і нараджаў дзетак. Але потым паціху, паволі, усё пайшло наспад – розум пачаў дубянець, хараство завядаць, вершы не пісаліся, рукі слаблі й не маглі ўтрымаць брандспойт. Далей – болей: сябры занялі грошай і зьніклі, жонка сышла ў сэкту, дзеці зрабіліся алькаголікамі і прапілі спачатку яхту, а потым і хату. А сам ён захварэў на розныя невылечныя хваробы, і пэнсіі не хапала нават на пігулкі. Зьбіраў бляшанкі й бітае шкло, сварыўся з бамжамі, начаваў у скрыні з-пад тэлевізара, а што зробіш? І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: ты гэта што, наўмысна, га? Але Галоўны Пажарнік ізноў яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, я табе нічога не абяцаў. І яшчэ некалькі год мучыўся гэны лейтэнанцік, а потым нарэшце памёр, але памёр зусім нядобра: забілі яго падлеткі арматурай да паўсьмерці, і ляжаў ён на сьнезе ля сьмецьцевых бакаў, пакуль не замёрз зусім.