Выбрать главу

– Калісьці падаўней ратаваўся ў адным манастыры манах. Быў да таго слабкі духам, што хутка зразумеў – не пазьбегнуць мне падседаў д'яблы, усё роўна спакусіць, як ні пніся. Таму, калі ўжо трэба грашыць, дык лепей дробненька, чым буйна! Усё ж да Бога бліжэй. І каб ад сьмяротных грахоў засьцерагчыся, прыдумаў ён цалюткі дзень у носе калупацца. Сказана – зроблена. Цяпер толькі служба з працай канчаліся, ішоў манах у сваю кельлю, клаўся на салому і палец у нос паглыбей запіхваў. Завітае калі-нікалі да яго д'ябла, і сьмяецца задаволены: у няспынным граху манах. Наш чалавек. І далей сьпяшаецца, з цнотаю змагацца. Так год праляцеў, дзесяць, трыццаць, і надышоў час манаху паміраць. І, выпускаючы дух, памаліўся ён: даруй мне Божа! І памёр. Паглядзеў-паглядзеў на ягоную душу Бог – і дараваў. А хто б не дараваў? Ну калупаўся ў носе, так. Затое зла нікому не нарабіў ані найменшага. І забраў таго манаха на неба. Як даведаўся пра гэта д'ябал – узбурыўся не на жарт! Затупаў капытамі, замахаў крыламі – і ажно хвалі полымя па пеклу пайшлі, закурчыліся грэшнікі. Ашукаў мяне хітры чарнец! Затрос галавой, заскрыгаў зубамі – і такі агністы ўраган падняўся, што нават чарцям горача зрабілася. А манах сядзіць на воблачку і рагоча. Ужо не дастанеш яго! І з тае пары д'ябла разумнейшы зрабіўся: як убачыць, што нехта ў носе калупаецца, адразу ўсіх чарцей кліча, каб ушчыльную хітруном заняліся. Ну? Хочаце, дзеткі, каб вамі чэрці ўшчыльную заняліся?

І з тога часу мы ніколі больш не калупаліся ў носе.

32. Уцёкі ды туляньні. У цяпле

Увечары, выбраўшыся са стылае шчыліны, я прываліўся сьпіной да сьмецьцевага баку, задраў галаву і глядзеў на зоркі. Пад зоркамі ляцелі доўгія бялявыя космы – ці то нізкія аблокі, ці то дым. Прыгожа. І абрамленьне вакол – цагляныя сьцены, цёмныя галіны, ліхтары. І тая прыгожая дзяўчына якраз вярталася дадому. Хоць можа гэта была й не яна, бо замест абцасаў – кеды. Яна ці не яна ўсьміхнулася мне, вусны бліснулі ў сьвятле ліхтара. Мне пашанцавала, што яна была нападпітку: я падаўся ёй рамантычным, францускім, кшталту Арцюра Рэмбо, і яна павяла мяне да сябе. Яна назвала імя, але я адразу забыў. На ёй былі талстоўка, шалік, шапка, матлятыя шаравары. Мы тупалі па лесьвіцы, я разглядаў шаравары, а сусед курыў і рабіў абыякавы выгляд. Дома яна дала мне адкаркаваць шампанскае і пачала расказваць, як пасварылася з бойфрэндам: ён такі мярзотнік! Ежы ў яе амаль не было, і я намазваў на хлеб кетчуп і еў. Хлеб і кетчуп пахлі аднолькава – халадзільнікам. «Мне падабаецца, што ты такі олдскульны». «Што значыць олдскульны?» «Ну... старамодны. Гэты твой сіні пінжак. Ты слухаеш мэтал-рок?» «Так, я слухаю мэтал-рок кожны дзень памногу, але як ты даведалася?» Задаволеная, яна накіравалася ў ванную, яе хістала. Я азіраўся: пыльна, усе кубкі або сколатыя, або трэснутыя, чорны чайнік. Хутка яна выйшла. «Ты сьпі на канапе, а я лягу на ложак». Пакуль яна не раздумалася, я прыцiснуўся да канапы, хутчэй зажмурыўся і накрыўся чымсьці навобмацак. Яна сноўдала, шархацела пакетамі, потым нарэшце вымкнула сьвятло і рыпнула. «Ох, як мне холадна». Я старанна задыхаў, прытворна роўна. Было трохі страшна, але яна заснула імгненна. Хутаючыся ў плед – гэта быў сапраўдны клятчасты плед – я пракраўся на кухню і сеў на кукішкі, упёршы калені й далоні ў гарачую батарэю, а галаву паклаў на падаконьнік. Пахла цёплым пылам. Усё тыя ж зоркі, космы, галіны, але зараз у двайной аконнай раме, у цяпле.

33. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра падзеньні і ўзьлёты

Яшчэ адзін наш сусед, паўднёва-заходні, быў выключна прыемны й ветлівы чалавек. Ён заўсёды першы вітаўся з-за плоту, нязьменна ласкава пасьміхаўся і любіў напяваць штосьці італьянскае. Часьцютка ён завітваў да нас пагутарыць, прыносіў хатняе віно для таты і півоні для мамы, а нас частаваў шакаляднымі цукеркамі. Вытанчаны і ўражлівы, ён ахвотней за ўсё казаў пра паэзію альбо пра музыку, што кранула яго. А аднойчы завёў такую размову:

– Ці не заўважалі вы, сябры, што стан нашае душы бесьперапынна вагаецца, але пры гэтым статыстычна раўнаважны? Калі сёньня мы маем прыўзьняты настрой, дык назаўтра трэба зь вялікай верагоднасьцю рыхтавацца да хандры? І наадварот, калі ўвечары мы сумуем, дык ураніцу напэўна будзем вясёлыя? І што чым вышэйшы ўзьлёт, тым ніжэйшае будучае падзеньне?