Выбрать главу

– Вы ня супраць, калі я працягну гэтую казку?

Мы былі ня супраць. Я засяроджана кіпяціў ваду ў рондалі, а Колік габляваў ножыкам рагульку.

– Ну дык вось. Атрымаўшы атляс і тэлескоп, юнак бавіўся астраноміяй некалькі гадоў, пакуль не надакучыла. Потым яму захацелася актыўнасьці, ён набыў скейт і ўзяўся за катаньне і трукі: высокія скокі, перавароты, бардзюры, крайкі, лаўкі, клюмбы, трамвайныя рэйкі, пажарныя дэпо. Потым пастанавіў спасьцігнуць мастацтва самэлье: бяз стомы параўноўваў густы маладых і старых вінаў, нюхаў, глядзеў на прасьвет і пускаў бурбалкі. Прызвычаіўся адкаркоўваць бутэлькі чайнай лыжачкай ці нават грабянцом. Потым яму заманулася самому вырабляць віно – ён завёў вінаграднік у Гішпаніі і дамогся посьпехаў, ягоны херас высока ацанілі нават старэйшыя вінаградары. Потым высек вінаграднік і пасадзіў ядловец, каб ігнаць джын. Потым кінуў джын і дваццаць гадоў вывучаў філязофію ў Марбурскім унівэрсытэце. Выступіў з рэзкай крытыкай фэнамэналёгіі Гусэрля, быў спрыяльна прыняты ў акадэмічных сфэрах. Выкладаў. Кінуў філязофію і паплыў вакол сьвету юнгай. Зататуіраваўся з галавы да ног. Потым паплыў яшчэ раз – ужо сам-адзін, на ўласнай яхце. Кінуў якар у Японіі, каб дасягнуць дасканаласьці ў валоданьні мячом. Нарэшце яму надакучыла ўсё аканчальна. Юнак адшукаў свой стары астранамічны атляс, зрабіў складаныя вылічэньні і вызначыў, што тая камэта прылятае толькі раз на тысячу год! А прайшло ўсяго толькі дзьвесьце. Што было рабіць? Прыйшлося чакаць. Каб заняць час, ён іграў на мандаліне, займаўся альпінізмам, гадаваў рэдкіх акварыюмных рыбак, курыў опіюм, плаваў з аквалянгам, складаў сымфоніі, гуляў у зборнай па хакеі, праходзіў курсы псыхааналізу, жангляваў факеламі, будаваў замак з запалак і фанцікаў, здабываў нафту, скакаў з парашутам, разганяў працэсары, шукаў скарбы на атлянтычных выспах, развучваў Махабхарату, зьбіраў манэты і маркі, прымаў роды ў вадзе, паляваў на зомбі, пісаў п'есы і да поўнага атлуменьня валяўся на пляжы. Апошнія сто гадоў ён проста габляваў ножыкам рагулькі. За месяц да прылёту камэты юнак стаў ля вакна і не адыходзіў ані на хвілю, баяўся перапусьціць. І вось – яна! Убачыла яго, засьмяялася. «Хачу вярнуць сваю дзяўчыыну!» – гукнуў ён камэце. «Табе ў маладым выглядзе або ў старыым?» – гукнула камэта. «У маладым, калі моожна!» – крыкнуў ён. «Дообра! Заплюшчы воочы і ўяві яе, як мае быыць!» – пракрычала камета, адлятаючы. Ён зажмурыўся, уявіў сваю дзяўчыну і, заміраючы, расплюшчыў вочы. Які жах! Дзяўчына зьявілася, але гэта была зусім не ягоная каханая! Таксама нядрэнная, так-так, нядрэнная... мм, нядрэнная. Але ня тое, ня тое! За тысячу год ён няблага прызабыў сваю каханую і зараз ня здолеў як сьлед яе ўявіць. З прыкрасьці юнак ляпнуў сябе па каленках і ледзь не заплакаў, – і тут Хуліё перапыніўся, каб глытнуць хераса і зьесьці фінік.

– І? – нецярпліва спытаў я, – і чым усё скончылася?

– Ну а чым, па-твойму, усё магло скончыцца, Ролю? Зараз той юнак сядзіць і чакае другую тысячу гадоў, каб паспрабаваць яшчэ раз.

Колік пакрывіўся і пстрыкнуў запальнічкай.

40. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра жудасную жанчыну

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы яшчэ засьпелі амаль усе старадаўнія традыцыі нашага мястэчка. Нават такую ​​экзатычную, як выхаваньне хлапчукоў у бардэлі. Лічылася, што гэта спрыяе ўзмужненьню і папярэджвае гомаэратызм. І вось, калі мы крыху падраслі, у першую суботу верасьня тата заказаў нам ранішні сэанс у адной прыстойнай установе на краі горада, за фартэпіяннай фабрыкай. Мы паехалі туды на роварах, наперадзе павольны тата, за ім – зграйкай мы, з закасанымі калашынамі, каб ня трапілі ў ланцуг. Аднапавярховы будыначак з аканічкамі і белымі сабачкамі. Тата правёў нас на вэранду, пасадзіў на кушэтку і загадаў чакаць, а сам сышоў, каб мы былі самастойныя. Першы павінен быў ісьці я, як сама старэйшы. Я нэрвова церабіў гальштук, тузаў запанкі, і датузаўся – адна зь іх вывалілася і паляцела пад кушэтку. Я палез за ёй, і ў гэты момант дзьверы ў пакой адчыніліся. Жахлівае відовішча! Жудасная жанчына ў чорнай шыпастай скуры, зь бізуном, з вампірычна крывавым ротам і фіялетавымі аваламі вакол вачэй! А якія ў яе былі пазногці! ААА!!! – залямантаваў Толік і кінуўся наўцёкі. Усе – за ім, штурхаючыся, спатыкаючыся і падвываючы са страху! «Куды ж вы, дзетачкі?!» Але яны ўжо імчаліся па садзе. А мяне яна схапіла за руку так моцна, што я ня мог вырвацца. Ад яе патыхала пагрозьліва салодка, «разлажэньнем» – мільганула думка. Трэ было цяміць хутка, інакш сьмерць! І я зрабіў першае, што прыйшло на розум – разьмякнуў і прыкінуўся мёртвым. Паваліўся на падлогу, закінуў галаву, закаціў вочы, пусьціў сьліну. Яна войкнула і пачала дзьмуць мне ў твар – салодка! – а потым нарэшце адпусьціла і пабегла ў пакой, напэўна па ваду. На азадку ў яе быў велізарны выраз, ва ўсю шырыню! І я ўскочыў, і рынуўся вонкі, да брацікаў. Яны ўжо чакалі мяне пад яблыняй, і трымалі напагатове мой ровар. Павольна, павольна мы разганяліся, а жахлівая жанчына неслася ўтропы, хрыпла крычала, наганяла, цягнула атрутныя кіпцюры! Кляц-кляц, наўпрост за сьпіной! Сабачкі люта гаўкалі. Толькі б не калашына ў ланцуг! Але шчасьце: мы ўжо выкаціліся з травы на дарогу і набіралі хуткасьць. Яна адстала і шпурнула ў нас яблыкам, а сабачкі яшчэ з хвіліну беглі. На ўсялякі выпадак мы паехалі дадому вакольнай дарогай, каб зьбіць сабачак са сьледу.