Выбрать главу

46. Уцёкі ды туляньні. У ахвяру

Трасучыся са страху, я прасядзеў паміж плітой і мыйкай ўсю раніцу. Трывожны вецер пастукваў форткай, падрыгваў фіранкай. Нага дранцьвела, казыталася, калолася іголачкамі, а потым быццам зьнікла, стаяла асобным прадметам. Чорны павучок доўга-доўга спускаўся па куце, агінаў маё плячо, агінаў локаць... схаваўся ў шчыліне пад ліштвай. Палудзень. Цень аконнае рамы доўга-доўга поўз па падлозе, пераламваючыся на табурэтах, бялеў... растаў пад сталом. Набліжаўся вечар, Паляўнік ня йшоў, але страх не праходзіў.

Калі нарэшце шчоўкнуў ключ, я тузануўся, спатнеў, прахалодныя струменьчыкі пацяклі па рэбрах. Лёгкія крокі – гэта магла быць і дзяўчына-гаспадыня, і бясшумны ён! Але пяшчотны кашаль выдаў жаноцкасьць – і я рвануўся са свайго закутка, прывалокваючы чужую непатрэбную нагу, убачыў яе, упаў. Я абняў яе за туфлі і залапатаў:

– Выратуй! Выратуй!

Яна прысела, ускудлаціла мае валасы і запэўніла:

– Я выратую цябе.

Яна вырвала лісток з нататніка і рупліва-нахільна напісала адрас свайго лецішча, гадзіну на паўночнай электрычцы. «Там цябе ня знойдуць. Ніхто ня ведае, а бабуля памерла». Я цалаваў яе туфлі, цалаваў калготкі на костачках, такія непрыемныя вуснам – і тут грынуў званок! Аглушальна!

– Выратуй! Выратуй! – бязгучна прашаптаў я.

– Я кахаю цябе, – бязгучна адказала яна.

Яна штурхнула мяне за вешалку, пазахінала кажухамі і расчыніла дзьверы. Цішыня. Ён, ён, бясшумны Паляўнік! Я ўціскаўся ў сьцяну, адасабляючыся ад кажухоў, каб яны ня ўздрыгвалі праз удары майго сэрца. Толькі б не паглядзеў, толькі б не паглядзеў! Два ціхіх кроку, выразнае дыханьне забойцы. Чаму яна маўчыць? Але яна не падвяла, не дала паглядзець:

– Заходзьце! Вось сюды, сюды. Як прыемна ад вас пахне... дазвольце... ах, нічога, проста нітачка ў вас на каўняры. Вось сюды, сюды сядайце. Гарбаты? Сыру? Ах, і добра, што ня хочаце, я толькі што са службы і да таго стамілася... Нічога, калі я прылягу? Не-не, ня рухайцеся... О, мае ножкі, як вы натрудзіліся... Вы не маглі б трошачкі..? Так, вось так, вось так... О... Які вы моцны! Так, так... Калі ласка... Так, так... О!..

Ложак выратавальна рыпаў, і я адважыўся рассунуць кажухі, павольна-павольна, плачучы з жаху і баючыся ўсхліпнуць. Яна пакінула дзьверы прыадчыненымі, мая ахвярная! Бласлаўляючы яе, я сьлізгануў на пляцоўку і паляцеў уніз па лесьвіцы, праз тры, празь пяць прыступак, да трамвая, на вакзал.

47. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пыласосьніка

Па чацьвяргах да нас прыходзіў пыласосьнік – дужы мужчына ва ўзросьце, з шырокімі вусамі на сур'ёзным твары, у вязанай кофце і вэльвэтавых штанах. Пыласос ён насіў на брызэнтавым рамяні цераз плячо, цёмна-сіні самсунг, маленькі, але моцны. Паважна павітаўшыся з татам і мамай і пачаставаўшы нас з брацікамі маркоўным пірагом, ён умыкаў пыласос у разэтку і прымаўся за справу. Ён пыласосіў старанна, з задавальненьнем, усьміхаючыся і напяваючы, не прапускаючы аніводнага сантымэтра. Ён не ленаваўся і ня грэбаваў насадкамі: шчотка для падлогі, плоскі плашчак для дываноў, тарка для канапаў, соска для цяжкіх кутоў. Мама не аднойчы згадвала, што пыласосьнік ходзіць па хатах выключна дзеля ўласнага задавальненьня, але аднойчы мы вырашылі даведацца пра гэта ў яго самога. З хвіліну мы штурхаліся ў яго за сьпіной, саромеючыся падысьці, і нарэшце выштурхнулі Валіка. Зьбялеўшы, Валік крануў пыласосьніка за рукаў. Павярнуўшыся і ўбачыўшы нас, ён вымкнуў пыласос і падняў на лоб шкляныя матацыклетныя акуляры, якія напранаў для бясьпекі.

– Дзядзечка, навошта вы пыласосіце? – піскнуў Валік.

– Падабаецца, – адказаў ён проста. – Вядзеш шчоткай па пылу, а за ёй роўны чысты сьлед застаецца. Праз гэта мне прыемна становіцца, і адчуваю лёгкае такое ўзбуджэньне, быццам з горкі лячу. Як у піянэрскім лягеры ўбачыў пыласос ў першы раз, так і закахаўся ў яго!

– Але няўжо ж вам не надакучыла?

– Не, дзеткі, не надакучыла... – пакруціў ён галавой і задумаўся, а за хвіліну прамовіў: – Я вам вось што скажу, дзеткі. Празь зьменьлівасьць – усе беды чалавечыя. Адзін жанчыну пакахае, а потым разьлюбіць і кіне, іншы пачне сымфонію пісаць, стоміцца і плюне, а трэці шчанятку прыгрэе, прылашчыць, дый утопіць праз паўгады. Запомніце: чалавеку, якому надакучыла, імя паганец. А што будзе, калі ён у Госпада спачатку паверыць, а потым надакучыцца? Маўчыце? Вось як.

І ён, пагладзіўшы нас па галовах, працягнуў уборку, а мы марудна падняліся ў свой ​​пакой і селі на ложку, з запозьненым каяньнем успамінаючы, як учора папрасілі маму не гатаваць больш прасяную кашу. Яна яшчэ так скоса зірнула...