Выбрать главу

– Значыцца, яму трэба было ў самым пачатку даць бамбізе ноўтбук патрымаць? – спытаў Валік.

– Цямлівы хлопчык! – пахваліў яго дырэктар.

Ён расчуліўся і падарыў Валіку цюбік зубное пасты, з уласнай кішэні, а мы памеркавалі, параіліся і купілі на ўсе грошы цэлую скрыню, каб ня быць недаверлівымі.

57. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра балет

Аднойчы падчас абеду мама абвясьціла, што бачыла на плоце цераз дарогу афішу пра балет. Яна марыла, каб мы вырасьлі прыстойнымі і адукаванымі людзьмі, і старалася нас усюды вадзіць. «Уяўляеце, зорка сусьветнае велічыні! У нас у горадзе! Абсалютна геніяльны харэограф! Ён настолькі апярэдзіў час, што яго сагналі з каралеўскага балета! І цяпер ён у нас, кожны вечар у ДК Прафсаюзаў!» Папа адразу ж пакволіўся, маўляў раптам занямог, адрэзаў сабе ладны кавалак торта і пайшоў у спальню, шоргаючы нагамі са слабасьці. Пакуль мама пранізьліва глядзела яму ўсьлед, Толік схаваўся пад стол, а Колік выскачыў на вэранду. «Хто пойдзе са мной сёньня, – сказала тады мама, – той можа ня йсці ў школу заўтра». Што ж, гэта была зусім іншая справа!

Гардэробнік у ДК Прафсаюзаў, прыняўшы ў нас паліто, падрабязна растлумачыў ідэю пастановак: танцаваліся сем шахматных партыяў паміж Бацьвіньнікам і Капабланкай, у дзень па партыі. «Каб вы прыйшлі месяцам раней, дык убачылі б спэктаклі на вялікай сцэне. А зараз грошай на арэнду няма, гледачоў няма, трупа разьбеглася». Зараз відовішчы адбываліся наўпрост тут, у гардэробе. Час яшчэ не надышоў, але, каб не прымушаць нас чакаць, гардэробнік сказаў, што распачнуць неадкладна. Ён рассадзіў нас па лавах і ляпнуў па нізенькіх дзьвярох у нейкую каморку. У той жа момант адтуль, быццам толькі і чакаў сыгналу, выйшаў маэстра з шахматнай дошкай пад пахай. Гадоў пяцідзесяці, з заспаным тварам, у замуляваным швэдры і чорных джынсах. Мы няўпэўнена папляскалі, а ён высыпаў фігуры на гардэробную стойку, расставіў іх на дошцы і, схаваўшы за сьпіной дзьве пешкі, працягнуў гардэробніку кулакі, каб той абраў колер. Гардэробніку выпаў белы, і ён стаў гуляць за Капабланку.

Спачатку мы не разумелі, у чым жа тут балет, але паступова ўцягнуліся і ўбачылі: і востры, бездакорна плястычны стыль маэстра, з усёй моцай клясыцызму ў бэкграўндзе, і натхнёную экспрэсію гардэробніка, тонкую і бязбоязную, сьмела скінуўшую ярмо традыцый. Калі маэстра ўздымаў руку і перасоўваў фігуру, гэта было неверагодна рэалістычна, быццам і не танец зусім, а само жыцьцё, вычышчанае ад непатрэбнага, ад шалупіны слоў і напластаваньня сэнсаў; калі ж хадзіў гардэробнік, гэта кожнага разу быў ня проста ход, але сымбаль ходу, глыбока архэтыпічны, насычаны кодамі й знакамі.

Партыя доўжылася паўтары гадзіны, але мы не адарваліся ні на сэкунду, а калі ўпала заслона, ускочылі і зладзілі грандыёзную авацыю. Хуліё кідаў пад ногі артыстам пышныя букеты бэзу, Валік сьвістаў, крычаў і скакаў, а я сьлізгануў між радоў, узьбег на сцэну, падскочыў да гардэробніка (да маэстра не адважыўся) і, пацалаваўшы яму руку – яна пахла крэмам – прасіў прыняць мяне на навучаньне. Той паблажліва абяцаў падумаць і нават узяў візытоўку, але так і не патэлефанаваў.