Уначы мы ўчынілі савет: мы ўжо аканчальна пераканаліся, што наш сусед – пачвара, але пакуль ня ведалі, якія менавіта злачынствы ён творыць. Мы пастанавілі сачыць яго, і ўвесь наступны дзень назіралі, як ён бяз справы шпацыраваў па гораду й вітаўся зь мінакамі: тых, хто быў ня супраць пабалбатаць, ён запрашаў на лавачку ці за столік кафэ, частаваў півам ці кавай і, спрытна накіраваўшы размову да выхваляньня, жмурыўся, пагладжваў сябе і глыбока дыхаў. Хутка зрабілася відавочна, што наш сусед сілкуецца чужым самаздаволеньнем, і мы ўсёй душой зьненавідзелі яго. Назаўтра мы падпільнавалі суседа ў кандытарскай, і, напрасіўшыся на пачастунак, выбралі месца ў глыбіні залі. Мы адціснулі суседа ў кут, акружылі яго з усіх бакоў і, не чакаючы пірожных-макаронаў, прыняліся выхваляцца. Хуліё сказаў, што практычна ўсе дзяўчаты ў горадзе закаханыя ў яго – сусед адразу заўсьміхаўся і сыта звузіў вочкі – і доўга пералічваў імёны, прычоскі, а калі нарэшце згадаў, што сама герцагіня даслала яму ўмольны ліст са згодай на ўсё, сусед закрактаў з асалоды і прамакнуў сурвэткай лоб. Не даючы яму апамятацца, Колік пахваліўся, што ведае на памяць усе прэлюды Баха, і можа па адной толькі ноце пазначыць нумар па каталёгу, дату напісаньня, дату першай публікацыі, выканаўцу й студыю грамзапісу. Сусед зглытваў і дрыготкай рукой церабіў гальштук, ён зьняў пінжак, хрыплым голасам паклікаў гарсона і папрасіў «яшчэ ласункаў мілым дзеткам, ды пабольш, а мне халоднай вадзіцы». Тады Толік узяў слова і вокамгненна перамножыў адзінаццаць шасьцізначных лікаў, выняў з выніку корань трэцяй ступені, вылічыў натуральны лягарытм, а потым узяўся транспанаваць матрыцы Якобі – няправільна, але напорыста, не пакідаючы часу на праверку – і сусед патроху спаўзаў з канапкі, расшпіліўшы кашулю і задыхаючыся. Толік міргнуў Валіку, і Валік заявіў, што праз год ён зробіцца найвялікшым мастаком у горадзе, а праз два – у сьвеце, яму маўляў ўжо прыйшло афіцыйнае апавяшчэньне з Луўра, у пазалочанай канвэрце. Потым мы падняліся і ўрачыстым хорам распавялі, што наша генэалягічнае дрэва ўзыходзіць да Вільгельма Заваёўніка, сына Роберта Магніфіка. Сусед хрыпеў, сінеў, і ўжо яўна нічога ня чуў, але я нахіліўся да яго й рытмічна заганяў проста ў вуха: «Я! Я! Я!», пакуль той не застыў з ружовай пенай на вуснах.
7F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра адказнасьць
Калі мы былі маленькія, Восьмае сакавіка ў нашым горадзе лічылася найважнейшым сьвятам і адзначалася з асаблівай помпай і пышнасьцю. З самае раніцы трэскаў і грукатаў салют, на вуліцах было не прайсьці праз кветкі, паветраныя шары, жанглёраў і акрабатаў, з дахаў хат раз-пораз шпурлялі сэрпантын і пэргамэнтных драконаў, а на плошчах запускалі фантаны з чырвоным і ружовым пеністым віном. Па традыцыі, тата роўна апоўдні дарыў маме раскошны падарунак, кальцо з дыямэнтам альбо закладны вэксаль, а потым мы ўсе разам ладзілі перад ёй невялікі сямейны паказ. Падчас мы сьпявалі, падчас танцавалі, а падчас, прыбраўшыся ў старадаўнія карункі зь лямбарда, гулялі спэктакаль. Прыкладам, была кароценькая пастаноўка, у якой мы з брацікамі па чарзе дэклямавалі павучальныя выказваньні розных заслужаных людзей, а тата, схаваўшыся за лядоўняй, пранікнёна-аксамітным голасам аб'яўляў іхныя імёны і прафэсіі:
Мы ў адказе за тых, каго прыручылі! Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, авіятар
Мы ў адказе за тых, каго навучылі! Вера Мікалаеўна Конанава, пэдагог
Мы ў адказе за тых, каго палячылі! Марцін Крыстафэр, хірург
Мы ў адказе за тых, каго накармілі! Сурэн Авакян, кухар
Мы ў адказе за тых, каго пасадзілі! Гюнтэр Вайнкопф, судзьдзя
Мы ў адказе за тых, каго замачылі! Паола Веранэзэ, мафіёзі