Выбрать главу

Калі мы былі зусім маленькія, пасьля абеду нас з Хуліё захутвалі ды клалі спаць, а мы, вядома, спаць зусім не зьбіраліся. Мы чакалі хвілінак пяць, высоўвалі з-пад коўдраў ногі і пачыналі шаптацца.

– Што ты памятаеш сваё самае раньняе, Ролю?

– Ну... я памятаю, як мама прынесла вішню. А ты?

– А я памятаю, як я нарадзіўся.

– Хлусіш!

– Ня хлушу!

– А чым дакажаш?

– Я памятаю ўсё. Памятаю акушэрку: яна была такая прыгожая! Чорныя валасы, прамыя, як у індыянкі, і зялёныя вочы. Я адразу закахаўся ў яе!

– Ты ня мог закахацца, бо ты ж ледзь нарадзіўся.

– Мог! І яна таксама пакахала мяне. Яна падняла мяне на рукі і мовіла: які мужчына! Які прыгажун! І я хацеў адказаць ёй, што яна цудоўная, як месяц, але голас ня слухаўся мяне – я быў надта маленькі. Я памятаю маршчынкі на ейных вуснах, а калі яна ўсьміхалася, яны разгладжваліся. І яна пацалавала мяне, Ролю!

– Яна не магла цябе пацалаваць, бо гэта негігіенічна.

– Магла! Яна адхінула павязку, і цалавала мяне, і напявала: мой волат, мой рыцар! Каханьне вышэйшае за гігіену, запомні, Ролі. А на ейных шчоках былі ямачкі. І яна казытала мяне, і пакусвала пальчыкі.

– Мама б не дазволіла ёй.

– Мама спала пад наркозам. Мама спала, а мы цалаваліся! Яна насіла кароткі белы халацік, і расшпільвала яго на сьпякоце – а на шыі вісела срэбнае сэрцайка. І яна купала мяне ў купелі, і схілялася да мяне, і валасы падалі, і халацік разыходзіўся, і мы плёскаліся, і ныралі, і плылі. Ах, Ролі, якія ў яе былі ямачкі! Яна ляжала на жываце, а я ляжаў тварам на ямачках і лашчыў ейныя ногі, і кроплі сьцякалі, і засыхаў пясок, і сьпявалі пеначкі. У яе быў такі вытанчаны нос, Ролі, нібы ў герцагіні, з крыху ўзьнятымі ноздрамі й незвычайна тонкі, і вушкі прасьвечвалі на сонцы. Я кожны дзень прыносіў ёй велізарны букет бардовых півоняў, і яна хавалася ў іх тварам, а я падхопліваў яе й нёс на руках у гай, да раўчукоў і жаўрукоў. І ўвесь дзень граў вайсковы аркестар, і ёй так падабалася мая парадная форма... Ролю? Сьпіш?

F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра нараджэньне Толіка

У дзень, калі павінен быў нарадзіцца Валік, мы з самае раніцы ўладкаваліся на лавачцы ў радзільным парку, пад вялікім клёнам. Тата мітусіўся, кідаўся, лётаў туды-сюды на таксоўцы, то па букеты, то па падгузьнікі, а мы бесклапотна пілі сідр і закусвалі рознакаляровымі пампушкамі. Мы ведалі, што будзе хлопчык, і нават імя абралі загадзя, і зараз заставалася толькі гадаць, які ён народзіцца.

– Толькі б ён нарадзіўся прыгожы! – прыгаворваў Хуліё, прыкладаючыся да бутэлькі.

– Ці ня ўсё роўна? – казаў я. Сідр разьмякчаў мой язык, і я быў здольны вымавіць некалькі фразаў запар: – Здольнасьць да мысьленьня нашмат важнейшая. Пустагаловы амапавец, што шугае дэманстрантаў або паэт-аваргардыст – паміж імі прорва. Вось што сапраўды важнае, Хулі.

– Ты ксэнафоб, – уздыхаў Хуліё. – Ты разважаеш прадузята і вузка. Не, не, галоўнае – каб ён нарадзіўся прыгожы! Прыгажосьць – вышэйшая за ўсё! Роўна прыгожымі могуць быць як і плечавень-амапавец у магутным бронежылеце,  у драпежным падскоку, і крохкі дысідэнт з адухоўленым тварам, са сьцягам свабоды. Галоўнае – прыгажосьць. Хіба не?

– Не! – запярэчыў я, але тут дзьверы радзільні расчыніліся, і на ганак зь пераможнымі крыкамі высыпаліся шматлікія лекары. Яны размахвалі рукамі й гукалі: сюды, сюды! хутчэй! радуйцеся! Забыўшыся на ўсё, мы пабеглі да ганка, а адтуль, зь нетраў радзільні, насустрач нам ужо ўзыходзіў надзвычайна горды тата, несучы на руках буйное немаўля. Глядзіце, дзеці, гэта ваш брацік, Толік! Немаўля па-сяброўску пасьміхаўся й падміргваў. А дзе ж Валік? – зьдзівіліся мы. Валіка пакуль няма, – патлумачыў шчасьлівы тата, – пакуль толькі Толік.

10. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра свабоду выбару

Адразу пасьля Толіка нарадзіўся Колік.

– Бачылі новага браценіка? Падабаецца? – ганарыўся тата. – Глядзіце, які валасаты!

Мы спачатку холадна сустрэлі Коліка, заняўшы пазыцыю маўклівага назіраньня. А тата заставаўся на вяршынях шчасьця і фантанаваў новымі пэдагагічнымі ідэямі. Прыкладам, ён параіўся з дырэктарам школы і вырашыў выпрабаваць на Коліку новы мэтад вучыць немаўлятак размаўляць. Недапушчальна, патлумачыў нам тата, недапушчальна й вельмі небясьпечна ўдзёўбваць у галаву немаўля слова «мама». Хіба з гэткім падыходам можна чакаць, што асоба вырасьце свабодная і думаючая? Дзіця павіннае самастойна выбіраць свой стартавы лексыкон! Тата прынёс зь бібліятэкі тоўсты політэхнічны слоўнік і з раніцы да вечара праседжваў ля Колікавай калыскі, чытаючы яму артыкулы па альфабэту. У абедзенны перапынак тату падмяняла мама з Авідыюсам і Вэргіліюсам, а падчас першага й другога сьняданку, раньняе й позьняе вячэры, падвячорка, ланча й перакусаў – падмянялі мы. Пашыраючы татаў мэтад, мы на розныя лады лаяліся Коліку мацюкамі, а калі мацюкі канчаліся – распавядалі па ролях анэкдоты пра пералюбствы.